Читать «Залаты век Беларусi (на белорусском языке)» онлайн - страница 31

Станислав Акиньчиц

Валочная памера зьмянiла нават зьнешнi выгляд вёсак па ўсёй Беларусi. Яны сталi больш буйнымi, з характэрнай забудовай у адну вулiцу. I гэты iх выгляд прынцыпова не зьмянiўся да сёньняшняга дня. Яшчэ больш важным вынiкам рэформы сталася павелiчэньне грашовага абарачэньня, бо большасьць сялянаў была пераведзена з натуральнага падатку на грашовы - чынш, i таму мусiла зьвязвацца з рынкам. Акрамя таго была лiквiдаваная сялянская абшчына, бо сяляне атрымлiвалi ў спадчыну ў сваё карыстаньне валокi i выконвалi грашовыя i iншыя павiннасьцi паасобку, а ня ўсёй вёскаю. Дарэчы, падобныя рэформы былi праведзеныя ў Расейскай iмпэрыi толькi на пачатку XX стагодзьдзя прэм'ер-мiнiстрам Пятром Сталыпiным, якi меў маёнтак каля Гораднi i на ўласныя вочы бачыў вынiкi рэалiзацыi "Уставы на валокi". Сама валока аказалася настолькi трывалай гаспадарчай адзiнкай, што нават у XX стагодзьдзi беларускiя сяляне, набываючы зямлю, вымяралi яе валокамi.