Читать «Залаты век Беларусi (на белорусском языке)» онлайн - страница 2

Станислав Акиньчиц

Калi дадаць да гэтага эпiдэмii i розныя стыхiйныя бедствы, няма нiчога дзiўнага, што людзi жылi ў страху. Надмагiльныя камянi ў супрацьлегласьць спакойным постацям з VIII стагодзьдзя паказвалi людзей, мучаных хваробамi, старасьцю, зьнiшчаных жыцьцём. "Танцы сьмерцi" запоўнiлi фрэскi, гравюры, з аднолькавай пагардаю паказваючы каралёў i бiскупаў, прыгожых жанчынаў i манахаў. Замест Хрыста-Валадара ў каралеўскiх шатах, так распаўсюджанага ў раньнiм Сярэднявеччы, касьцёлы напоўнiлiся выявамi Iсуса, Якi памiрае на крыжы ў страшэнных муках. Усе чакалi хуткага канцу сьвету. Прароцтвы з Адкрыцьця сьвятога Яна сталi папулярнымi як нiколi. Тым больш, што на Ўсходзе паўставаў небясьпечны апакалiптычны вораг. У 1453 годзе Эўропа аслупянела на вестку аб захопе туркамi Канстантынопалю. Бiзантыйская iмпэрыя - хрысьцiянская дзяржава, спадкаемца Рымскай iмпэрыi ў Грэцыi i на Блiзкiм Усходзе - перастала iснаваць. Султан Мэхмэт на канi ўехаў у храм сьвятой Сафii, якi пасьля быў перароблены на мячэт.

Усе гэтыя падзеi прымушалi людзей шукаць збаўленьня, задумвацца аб вечнасьцi. Пытаньне пра лёс чалавека пасьля сьмерцi выходзiла на першы плян. Сяляне i рыцары, каралi i месьцiчы распачлiва шукалi дарогi, якая забясьпечыць iм вечнае жыцьцё, выбавiць ад кары за грахi. У другой палове XV стагодзьдзя вялiкую папулярнасьць набылi iндульгенцыi - граматы, якiя абяцалi прабачэньне грахоў кожнаму, хто дасьць грошы на нейкую мэту, вызначаную папам рымскiм. Прагнучы ўнутранага супакою, людзi скуплялi розныя рэлiквii, якiя, маўляў, гарантавалi вечнае жыцьцё, шукалi магчымасьцi дакрануцца цi хаця б пабачыць галiнку палаючага куста, якi бачыў Майсей, аблiчча Iсуса на хустцы сьвятой Вэранiкi, вяроўку, на якой павесiўся Юда, цi адзiн са срэбнiкаў, што ён атрымаў за здраду Хрыста.

Але ня толькi апакалiптычныя настроi несла ў сабе XV стагодзьдзе. Новыя iдэi, народжаныя ў Iталii, iмклiва распаўсюджвалiся на поўнач, захад i ўсход. Гэта былi iдэi Рэнэсансу, Адраджэньня. Зьвяртаючыся да скарбаў антычнай культуры, Рэнэсанс нёс у сабе новы стыль жыцьця, новы спосаб успрыйманьня сьвету. "Чалавек нараджаецца не дзеля таго, каб марнець у бязьдзеяньнi, а каб працаваць над вялiкай i грандыёзнай справай", - казаў адзiн зь дзеячоў гэтай эпохi Леон Батыста Альберцi. У тым, каб адкрыць магчымасьцi чалавека, бачылi сваю задачу людзi эўрапэйскага Рэнэсансу.

У 1455 годзе Ёган Гутэнбэрг зь нямецкага гораду Майнца вынайшаў друкарскi станок. У тым жа годзе з-пад друкарскага прэсу выйшла першая кнiга - Бiблiя на лацiнскай мове. Тое, што адбылося пазьней, можна сьмела назваць iнфармацыйным выбухам. За некалькi дзесяткаў гадоў з моманту вынаходнiцтва колькасьць кнiгаў у Эўропе павялiчылася з 50 тысячаў да 10 мiльёнаў, i большасьць зь iх складалi тэксты Сьвятога Пiсьма. Калi раней, каб перапiсаць Бiблiю ад рукi, патрэбны быў не адзiн год штодзённай працы манахаў-пiсараў, дык цяпер на працягу некалькiх тыдняў магчыма было даць чытачам сотнi кнiгаў Старога i Новага Запавету. Бiблiя пераставала быць рэдкасьцю, яе можна было ўбачыць i ў рыцарскiм замку, i ў хаце заможнага селянiна, у палацы багатага купца i ў доме рамесьнiка.