Читать «Крутыя хлопцы» онлайн - страница 5

Васіль Ткачоў

Бясплатна нашы людзі ездзіць не прывыклі!

СЕАНС КАХАННЯ

Рыжыкаў, як толькі выйшаў на пенсію па інваліднасці, то ў гарадской кватэры бывае рэдка – больш жыве на дачы. Рачкуе там. Развёў трусоў, курэй, нешта вырошчвае на градках. У горад прыязджае толькі атрымаць пенсію і даведацца, ці жывыя яго хатнія. Жывыя. Працуюць і вучацца.

І ў той дзень ён, стомлены і шчаслівы, прыехаў з поўнай торбай, паставіў за парогам:

– Ешце!

А сам пасядзеў крыху перад тэлевізарам на канапе і заснуў.

Пад ранне аглядзеў, што побач пасопвае жонка. Неўзабаве кабета заварушылася, пачала лапаць Рыжыкава рукамі, інтымна, пяшчотна. А вусны шапталі:

– Мілы... каханы... любы... Як я чакала цябе!..

Рыжыкаў апамятаўся толькі, калі жонка сцягнула з яго сарочку, штаны, майку і трусы. Ляжаў ён у чым маці нарадзіла. І раптам жонка ўскочыла з ложка і шмыганула з адзеннем мужа ў ванны пакой:

– Вось калі я цябе злавіла, нямыцік ты мой!

Рыжыкаў мацюкнуўся, плюнуў і нацягнуў на сябе коўдру.

ЦЯЖКАЯ НОША

Сустракаю увосень – добра запомніў, бульбу капалі--нашу мясцовую паэтэсу Электру Вітольдаўну з клункам на плячы. У вайну з такімі клункамі звычайна бежанцы ішлі. Павіталіся. Бачу, цяжкавата ёй, а новыя вершы прачытаць хочацца, таму прапанаваў сесці на лаўку. Селі. Электра Вітольдаўна адразу пераходзіць да справы – вершы пасыпаліся, як гарох з торбы.

– На сёння хопіць,– гаворыць паэтка.– І так забавілася. Гэта ж во на базар бягу--трэба прадаць боцікі, паліто, шапку ды яшчэ тое-сёе. Паабяцалі кнігу за свой кошт выдаць, а грошай няма. Мо наскрабу? Момант, сам разумееш, нельга ўпускаць. Тым больш, што ў дзяржаўным выдавецтве мяне ніхто не чакае, там сваіх аглаедаў багата. Ды і хіба ж яны надрукуюць таго, хто лепш за іх саміх піша? Ніколі! Усё, усё, пабегла. Табе першаму аўтограф дам. Да сустрэчы!

На тым развіталіся. Перад Новым годам зноў сустракаю Электру Вітольдаўну на тым жа самым месцы і з тым жа клункам на плячы. Пытаюся:

– Куды шлях трымаеш, шаноўная?

– Усё туды ж...– шматзначна ківае Электра Вітольдаўна.–Трэба патроху кнігі прадаваць, а то зіма, а ў мяне ні ботаў, ні паліто, ні шапкі. Аўтограф я табе потым дам. Потым. Няма пакуль часу... Зіма... Холадна... Хлеб, кажуць, падаражэў?

На гэты раз Электра Вітольдаўна вершы мне не чытае – адразу ж шыбуе далей па вуліцы, сагнуўшыся пад сваімі томікамі, на базар.

Я паспачуваў: сапраўды, цяжкую ношу ўзваліла на свае плечы жанчына.

ХАПІЛА Б ШНУРА

У кватэры пісьменніка Барханава познім вечарам затрэнькаў тэлефон.

– Калі Шапкін – мяне няма! – шалёна замахаў на апарат пісьменнік. – Зноў, як і раніцай, вершамі замучыць! Чуеш, кабета? Няма, няма!

Але ж Шапкін прадугледзеў, што пісьменнік Барханаў можа замахаць рукамі на тэлефон і папрасіць жонку, каб тая сказала, што гаспадара няма, таму падрабіў голас. Жонка Барханава, нічога не падазраючы, паклікала мужа, які ўжо зашыўся недзе на ўсялікі выпадак у куток:

– Ды не Шапкін. Падыходзь, падыходзь, не бойся.

Барханаў ажно прысеў, калі з ім загаварыў Шапкін.