Читать «Пахвалі пражыты дзень» онлайн - страница 8

Васіль Ткачоў

Добры настрой у людзей — і ад таго, што для іншых стараюцца і што сябе правяраюць на трываласць.

Дырэктар Калінкавіцкага завода жалезабетонных вырабаў Аляксандр Рыгоравіч Яскавец вярнуўся ў Петрыкаў стомлены, але калі завязалася ў нас размова пра яго паездкі ў гаспадаркі раёна, дзе ён толькі што пабываў, у вачах з'явіўся бляск.

— А ведаеце, што над маёй галавой вісіць? — усміхнуўся Аляксандр Рыгоравіч.— Не, бачу... Меч не меч, а ўсё ж... Дзве тысячы блокаў павінны даць да дваццатага лістапада. Вось і ўявіце. Не, мы паставім, тут і сумнявацца не трэба. Не верыце, бачу? Вось мой тэлефон, пазваніце пасля дваццатага.— Ён і сапраўды вырваў з запісной кніжкі лісток, папярэдне чыркануўшы на ім ручкай.— Трымайце!

Лісток я ўзяў. Няхай будзе. Спатрэбіцца. А чаму — і пазваню, даведаюся, ці стрымаюць слова заводчыкі.

Пазваніў. Аляксандр Рыгоравіч сыпануў смехам у трубку:

– Х-ха-ха!.. Пра блокі ўспомнілі? Ды яны — даўно забытая песня! Новыя, новыя задачы ў нас...

— Што, таксама — меч над галавой? — пытаю.

— А і трэба, каб вісела нешта. Тады мы па зямлі хадзіць будзем больш шырокім крокам...

Рэдактар Буда-Кашалёўскай раённай газеты «Авангард» Валерый Іванавіч Калінічэнка, мой добры даўні знаёмы, а я ўвогуле паважаю раёншчыкаў, бо некалі і сам аддаў гэтай працы лепшыя свае гады, ведаю, што за хлеб, прыслаў пісьмо, а ў ім выразка з газеты — яшчэ знаёма пахне свежай друкарскай фарбай. «Задуму тваю напісаць пра рэха Чарнобыля зразумеў і ўхваляю, патрэбная справа. Пад'едзь. Адвернемся куды-небудзь. Перасяленцаў у раёне багата. А пакуль паглядзі, што мы тут пішам...» — прачытаў я ў кароценькай, на самакрутку, прыпісцы да пісьма.

3 газеты «Авангард»: «У саўгас «Камінтэрн» з небяспечнай зоны, прылягаючай да Чарнобыльскай АЭС, перасяліліся 83 сям'і — з саўгаса «Слабадскі» Брагінскага раёна. Больш як 200 чалавек прыбавілася ў пасёлку Шырокі. Для навасельцаў будаўнікі завяршаюць узвядзенне новага пасёлка. На былой пустэчы праляглі асфальтаваныя стужкі новых вуліц. З'явіліся ў іх і назвы: Пучынская, Брагінская, Слабодская. Названы так у памяць мясцін, з якіх прыехалі перасяленцы. Ёсць яшчэ вуліца Прамбудаўская — даніна павагі людзям, якія ўзводзяць жыллё.

У белакаменных будынках з усімі камунальнымі выгодамі справілі ўжо наваселле трыццаць сем'яў. Па вечарах загараецца святло і ў вокнах катэджа саўгаснага шафёра В. П. Траццяка. Працуе ён на новым месцы з першага дня, і такое ўражанне, што гэты чалавек жыве даўно тут. Сумленны працаўнік, шчыры чалавек.

Сёння практычна ўсе навасельцы, што перасяліліся ўжо ў свае дамы, забяспечаны палівам. Завезена 100 тон вугалю, 147 — торфу». Дзякую Валерыю Іванавічу за пісьмо, за ўвагу. Абяцаю па тэлефоне пад'ехаць, але крыху пазней — на чарзе ўжо запланаваныя паездкі ў Гомельскі і Рагачоўскі раёны.