Читать «Пахвалі пражыты дзень» онлайн - страница 73

Васіль Ткачоў

Лясны цэх... Якія ж усё-такі людзі працуюць у ім? Якімі шляхамі-каляінамі прыходзяць яны да свайго прызвання?

...У хаце Галонскіх заўсёды ўтульна, светла, чыста, хоць, здавалася б, калі ёй, Марыі Антонаўне, сачыць за тым парадкам. Не зачыняюцца, колькі помняць вяскоўцы, дзверы ў гэтых шчырых гаспадароў. Хто грыбы нясе, хто ягады. Ледзь пераступяць парог: «Прымай, Антонаўна, грыбочкі. Глянь, якія ладныя. Шкада здаваць: так і дзівіўся б. Вачэй не адарваць». Пра журавіны скажуць больш стрымана: «На ўзбалотку бы нехта са жмені сыпануў». Ёсць, ёсць ягада. Даецца толькі яна не надта лёгка. Ведама ж, нехта пра яе і загадку прыдумаў — маленькая, чырвоненькая, а моц вялікую мае — чалавека да зямлі нахіляцца вымушае. Правільная загадка.

Марыя Антонаўна прымае ў сваіх землякоў грыбы і ягады, дзякуе.

...Галонская рыхтавалася сустракаць гасцей. Хведар, мужык яе, быў на працы ў калгасе «Чырвоная Дуброва», а яна корпалася патроху ў хаціне: дзеці абяцаліся прыехаць, трэба прыбрацца.

Успамінаюць старэйшыя прыгожых і дужых дзяцей Галонскіх, якімі тыя ў маленстве былі. Спрытныя, увішныя, бы птахі. Хто раней іх, бы- вала, за першым грыбам роснай ранічкай у лес паспее? Прыпамінаюць аднавяскоўцы, а самі ў бок Марыі Антонаўны ківаюць: яна, маці, прывучыла дзяцей да лесу.

Ужо вось тры дзесяцігоддзі гэтая жанчына загадвае ў Сярэдніх Печах, звычайнай палескай вёсцы ў Лельчыцкім раёне, грыбаварным пунктам. Наўрад хто з яе паплечнікаў можа пахваліцца такім працоўным стажам.

На адным тыдні сабраліся дзеці. Весялосць у доме, смех, гоман, нібы ў тыя часіны, як малымі былі яны. Сядзелі за сталом, аб чым толькі не размаўлялі, а Марыя Антонаўна слухала родныя галасы, не ўтрымалася, сказала:

— Грыбочкі пайшлі, дзеткі. Заўтра трэба ў лес наведацца. Паможаце мне? Калі ж час гарачы на сяле: і касіць наспела па другім заходзе, і гароды не адпускаюць людзей.

— Дай, Марыя, адпачыць хоць дзецям,— заступіўся было Хведар.— Гасцяваць прыехалі, а ты ім кошыкі ды вёдры ў рукі...

— Чаму ж, тата, у грыбы абавязкова пойдзем,— падаў голас Міколка.— Лепшага адпачынку і прыдумаць нельга. Пойдзем, пойдзем, мама.

— Так яна і дасць адпачыць,— зноўку азваўся бацька.— Яна любога захамутае. Нафтавікоў і тых да рук прыбрала. Нечага, кажа, сядзець тарчма ў лесе, камароў карміць. Пакуль вашы тыя трубы падвязуць, бярыце кошыкі ды грыбы збірайце.

— А хіба не так? — зіркнула на Хведара гаспадыня.— Правільна зрабіла. Сядзяць людзі дзень, другі, усё чакаюць і чакаюць машыну, калі ж за гэты час можна было паўтоны грыбоў сабраць. Не лапатай таксама грошы грабуць. Спатрэбіцца капейка. I канчаюць работку сваю раненька, ёсць калі па лесе патупаць.

Цудоўная жанчына Марыя Антонаўна, непаседлівая, неўгамонная. I хоць лічыцца яна грыбаварам-нарыхтоўшчыкам, аднак зайдзіце ў яе хату, надзівіцеся, чым яна займаецца. Нават грушы сушыць. Арганізавала і іх прыёмку.

— Хто ж ад грушавага кампоту адмовіцца? — кажа не без гонару за справу, якую робіць.— Не, кампот з груш — смачнейшага і сама не піла. Асабліва з дзічак. Лясных.