Читать «Пахвалі пражыты дзень» онлайн - страница 63

Васіль Ткачоў

Прыехалі тым летам міліцыянеры п'яніц адлоўліваць, на прымусовае лячэнне іх адвезці. I зацапалі ўсіх, акрамя Смыка. Пакуль яго гукалі, пад ложкі заглядвалі, на гарышча, ён спаў на разоры ў гародчыку, прыхінуты бульбоўнікам. А потым Смык хадзіў па вёсцы, баіў:

— Піць не ўмеюць, таму і падшкраблі ўсіх. А трэба так: выпіў — і ў агарод на бок. Там хоць і надоўга заснеш, то ўсё роўна знойдуць, калі бульбу капаць пачнуць. Але свае, не міліцыя.

Сумны жарт.

Прыходзіла надоечы цётка Ганна. Цяжка ёй жыць адной. На агарод была махнула рукой — самой яго не ўпарадчыць, а на віно пенсіі не ха- пае. Людзі не пакінулі ў бядзе старую, корпаюцца. Нашы таксама дапамагаюць. То бацька што дапаможа, то маці выкраіць час, прыбя- жыць, а то і хлопцы, калі прыедуць на выхадныя. Усё ж цётка Ганна, Ганна Гаўрылаўна Панадысёва, першай прытуліла нас у Іскані, а ты, дарэчы, і нарадзіўся ў яе маленькай, але гасціннай хатцы. Яна часта ўспамінае цябе, не праміне спытаць: «Як там Мішка?» Паштоўку хоць бы не ленаваўся да свята пасылаць. Дробязь, а старой — радасць. Ёй цяпер няма ад каго нават і весткі атрымаць, мо калі ад унучак толькі, але ж яны побач, у Магілёве,— наўрад ці пішуць.. Гэта дзеўкі Колі, сына яе, старэй- шага. Волат жа быў хлопец! Прыгожы, здаровы, а хвароба і яго не пашкадавала — зваліла. Ён у апошні час адкрыта пра смерць гаварыў, з сумам толькі ў голасе, бо не бачыў уратавання. Горш, відаць, не бывае, калі ведаеш, што твае дні на гэтым свеце заканчваюцца і ніхто не можа цябе абараніць ад жорсткай хваробы.

Міцю, сярэдняга, прывёз на машыне ў труне Міхаіл Юрчанка, яны там разам у Піткяранце жылі. Ён так і не ажаніўся, а паўвека амаль было чалавеку. Пра нябожчыкаў кепска не гавораць, але што хаваць — піў... Яна, горкая, і скруціла ў рэшце рэшт, зрабіла сваё. Я і думаю: а хтосьці мог быць з ім шчаслівым чалавекам. Прыгажун. Ну, а пра Аркадзю чуў, ён самы першы памёр. Не пажадаеш і ворагу такога, што перанесла на сваім вяку Ганна Гаўрылаўна. Муж, ведаеш жа, з вайны не вярнуўся. Ця- пер адна.

Я часта заходжу да цёткі Ганны. Яна праслязіцца, прызнаецца:

— Аб адным шкадую, што Міцю не выратавала. Сны ж бачыла.,. Трэба было хоць бы цябе папрасіць ды з'ездзіць у Карэлію, забраць яго. Казаў Мішка, што піў і не еў. На рабоце цанілі, таму не выганялі — не было каму рабіць за яго. Лепш бы выгналі. Ой, Міцька, Міцька! Што ж ты нарабіў, сыночак? Я ж яшчэ, як ты ў горад паехаў, баялася за цябе. Характарам добры, сапсуе горад. Ён на работу не выходзіў, пакуль усе грошы не прапіваў, а тады ўжо рабіў дзень і ноч. На заводзе ведалі: пасля зарплаты Міцькі не будзе, прывыклі да гэтага, ён сваё зробіць... Так на рабоце і ўпаў...