Читать «Высокі страх» онлайн - страница 4

Васіль Ткачоў

Аднак усё ж яна потым не вытрымала: «Нешта яны там доўга корпаюцца? Ды, ніяк, і на патэльні падгарэла штосьці ў іх?.. Ай!.. Што малы, што стары!..» І ўсхапілася.

Калі бабуля нарэшце падфранцілася і паказалася на кухні, стол быў застаўлены ежай. А дзядуля кіўнуў унуку: давай, Міколка, падарунак.

Што за падарунак зрабілі два Міколкі сваёй любімай бабулі – не гэта самае важнае. Больш за ўсё смяялася бабуля, калі прачытала на прыгожай шкатулцы, якую падаў ёй унук: «Ад малога і старога».

А калі ўсміхаецца бабуля, ды яшчэ чмокае па чарзе ў шчаку сваіх Міколкаў, значыць, падарунак ёй вельмі спадабаўся.

ХТО ВЫПІЎ ВАДУ

Як толькі прыгрэла на дварэ сонейка, кот Антон аблюбаваў сабе месца на падаконніку: зусім абляніўся, толькі грэецца і грэецца, ад задавальнення ажно вусамі шавеліць. Марыйка пагладзіла Антона, ён падзякаваў:

–Мяў!

І падставіў сонейку зноў сваю пыску. А дзяўчынка палівае з гарлачыка вазоны з кветкамі – іх на кожным падаконніку цяпер багата з’явілася, паставілі сюды нават і тыя, што ўзімку на стале былі, падалей ад халодных шыбак: няхай таксама пялёсткі лашчацца на сонейку, як і кот Антон.

Антону ўсё ж надакучыла ляжаць, пачаў прасіцца, каб дзяўчынка выпусціла яго на двор. Калі ласка. Марыйка зрабіла гэта хуценька, і працягвала далей паліваць кветкі. І тут толькі яна заўважыла, што перастаралася: пацякла з аднаго вазона вада, ажно лужына ўтварылася. І якраз на тым падаконніку, дзе толькі што ляжаў кот. Дзяўчына падумала, што трэба ўзяць анучу і выцерці ваду, а потым загулялася і забылася. Калі ўспомніла, вады ўжо не было. Хто б яе мог выпіць? Кот Антон? Дык ён недзе яшчэ на дварэ ходзіць.

Спярша Марыйка разгубілася, бо не ведала, на каго і падумаць. А потым яна пра ўсё здагадалася. Паглядзела на сонейка, усміхнулася яму і паківала пальчыкам:

– Я ведаю, што гэта ты выпіла вадзічку. На здароўе, сонейка!

МАБІЛЬНАЯ ВЫДАТНІЦА

Ірынка вярталася са школы. Як толькі дзяўчынка зайшла ў салон аўтобуса, адразу ж дастала з прыгожага футлярчыка мабільны тэлефон, прабегла вачыма па адрасах: каму б, каму б патэлефанаваць на гэты раз?.. І не проста патэлефанаваць - пахваліцца, якая яна сёння разумніца, якая яна сёння выдатніца!.. Маці, вядома ж, не падыходзіць: яна і так даведаецца, калі разгорне дзённік... А вось Святланцы, суседцы, можна: няхай пазайдросціць. А заадно няхай даведаюцца і пасажыры, з кім яны едуць.

- Прывітанне, Святланка! - пачынае Ірынка гаманіць і паважна водзіць галавой па баках, нібы ўпэўніваецца, ці ўсе пасажыры падрыхтаваліся яе слухаць .- Ну, як ты там? А я вось са школы еду... Сёння, як і заўсёды, дарэчы, быў мой дзень... Ты здагадлівая, Святланка! Хвалю. Дзве дзесяткі. Па мове і геаметрыі. Паслухай, Святланка... - На гэтым месцы дзяўчынка замоўкла і пачала хаваць тэлефон у футлярчык: на яе - твар у твар - глядзела настаўніца Аксана Пятроўна. Ірынка ўся запунсавелася, разгублена кіўнула - прывіталася: сёння яе, толькі цяпер успомніла дзяўчынка, не было ў школе на ўроку геаметрыі, кажуць - хварэе. І вось такая нечаканая сустрэча ў аўтобусе. Ды яшчэ ў самы непатрэбны час - калі яна, вяртаючыся са школы, любіць пахваліцца, якая яна выдатніца. Якая ж яна выдатніца на самой справе, з усіх пасажыраў ведала толькі Аксана Пятроўна.