Читать «Мэва» онлайн
Сяргей Кавалёў
Сяргей Кавалёў
МЭВА
Падрыхтаванае на падставе: Сяргей Кавалёў, Мэва. Казкі: Для сярэд. шк. узросту, — Мінск: Юнацтва, 1988. — 76 с..: іл.
НЕЗАБУДКА БЕЛАЯ
У гэтым маленькім горадзе не было ні дымных каміноў, ні хуткіх машын. Машыны, праўда, у горадзе вадзіліся, але рухаліся яны нетаропка i паважна.
— Можаце вы ездзіць хоць крышачку хутчэй?! — абураўся горад-малютка.
— А куды спяшацца ў такім невялічкім горадзе? — дзёрзка адказвалі лянівыя машыны.
У гарадка была мара — мець хаця б адзін заводскі комін. Комін павінен дыміць i сцвярджаць годнасць горада. А пакуль што гарадок быў маленькі, чысты i квітнеючы. Людзі бадзёра крочылі па трох яго вуліцах, але таксама ніколі i нікуды не спяшаліся. Жыла сярод ix i адна працавітая бабулька, у якой, вядома ж, былі ўнукі, але жылі яны ў іншым, вялікім i шумным, горадзе, з сотнямі дымных каміноў i хуткіх машын. Таму, калі ўнукі прыязджалі да бабулі, гарадок з прагнасцю слухаў ix размовы (ён так марыў стаць вялікім, сапраўдйым горадам!).
Але ўнукі гасцявалі рэдка, нават вельмі рэдка, i старая бавіла свой час, працуючы ў садзе. Там раслі цюльпаны, астры, ружы, нарцысы, півоні. Асабліва шмат было незабудак. Ды вось аднойчы ўбілася ў сад суседская карова i з'ела ўсе незабудкі. Уцалела толькi адна — белая. Відаць, карова палічыла, што незабудкі бываюць толькі блакітныя, таму не звярнула на яе ўвагі. Бабуля любіла Белую Незабудку, клапатліва даглядала i любавалася ёю кожную раніцу. Суседкам яна тлумачыла, што Белая Незабудка нагадвае ёй далёкае юнацтва.
Незабудка таксама любіла сваю гаспадыню: заўсёды, калі бабуля падыходзіла, хіліла да яе галоўку. Наогул, незабудкі — пяшчотныя, сціплыя кветкі. I Белая Незабудка не была выключэннем — яна ўвабрала ў сябе ўсе лепшыя якасці сваіх родзічаў i ніколі не фанабэрылася перад ішнымі кветкамі.
Раней непадалёк ад яе жыў Пырнік — дасціпны весялун i цікавы апавядальнік. Кветкі хавалі яго ад бабулі, а ён сваімі выдумкамі хоць трохі ажыўляў ix аднастайныя дні. Усё ж старая знайшла яго, вырвала з коранем i выкінула за плот. Цяпер кветкі сумавалі.
Але аднойчы да ix завітаў нечаканы госць.
Да бабулі прыехалі ўнук з унучкай. У першы ж дзень яны выправіліся на прагулку (жыхары вялікіх i дымных гарадоў вельмі любяць загарадныя прагулкі) i вярнуліся з вялізным букетам палявых кветак. Калі ішлі паўз агародчык, з букета ўпаў на зямлю Званочак, а можа, i знарок выскачыў. Дзеці гэтага не заўважылі i пайшлі далей. Званочак паспеў толькі паківаць услед сваім палявым i лугавым сябрам галоўкай — так званочкі развітваюцца.
Бабульчыны кветкі са здзіўленнем пазіралі на прыхадня — ён быў такі маленькі i жвавы!
— Ты адкуль? — пацікавілася Півоня.
— Адтуль, дзе гуляе вецер, дзе шчодра свеціць сонца, дзе грымяць навальніцы,— весела празвінеў Званочак.
— Але ж i ў нас ёсць сонца, ёсць вецер, i ў нас бываюць навальніцы з маланкамі i перуном! — здзівіліся кветкі.
— Не, гэта зусім не тое!— адказаў Званочак і, азірнуўшыся, дадаў: — Высокі плот ахоўвае вас ад ветру, дом затуляе ад граду i навальніцы. Градкі вашы заўсёды паліваюць, таму вы не звяртаеце ніякай увагі на сонца i хмары.