Читать «Мастак Антон Карніцкі» онлайн - страница 2
Сяргей Чыгрын
У 1995 годзе ў Слоніме Анатоль Іверс выдаў зборнік вершаў “Прыдарожныя сосны”. Туды ён уключыў і рэпрадукцыю свайго партрэта, намаляванага мастачкай Клаўдзіяй Хруцкай у 1943 годзе.
Творы Клаўдзіі Хруцкай вельмі часта ў 1942-44 гадах выстаўляліся ў Слоніме. Пра яе творы і выставы пісалі акупацыйныя беларускія газеты “Раніца”, “Беларуская газэта”, “Слонімскі кур’ер”, “Слонімская газэта” і іншыя. Прэса адзначала, што Клаўдзія Хруцкая — найперш мастачка партрэтаў. Гэта партрэты-галовы. Але цікавасць ідзе не далей калерыстычна-пластычных задач. З гэтага боку яе партрэты імпанавалі вышуканым колерам і безумоўным падабенствам. Выдатнымі партрэтамі атрымаліся партрэт дачкі Ганны, партрэт паэткі Наталлі Арсенневай, які выдатна перадае яе характэрны твар, партрэт Сяргея Хмары, Анатоля Іверса і іншыя.
Захаплялася Клаўдзія Хруцкая і нацюрмортамі, пейзажамі. Пейзажныя творы мастачкі мелі спецыфічныя адзнакі: у іх шмат паветра і сонца. Але галоўнае іх хараство ў іх фарбах. Хруцкая наогул з’яўлялася культурнай колерысткай і колеру яна заўсёды аддавала больш увагі, чым форме і малюнку.
Пасля вайны Клаўдзія Хруцкая з сям’ёй пераехала ў Заходнюю Польшчу, дзе і пражыла свае апошнія гады.
Цікавай і своеасаблівай мастачкай у акупацыйным немцамі Слоніме была Рэгіна (Алена) Бялецкая. Яна любіла маляваць партрэты знакамітых беларусаў: Францішка Скарыну, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Кастуся Каліноўскага, Францішака Багушэвіча і іншых.
Быў 1943 год. Неяк заснавальнік Слонімскага краянаўчага музея Язэп Стаброўскі папрасіў мастачку намаляваць Кастуся Каліноўскага, бо набліжалася гадавіна паўстання 1863 года. Мастачка памятала карціну Пятра Сергіевіча “Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў”. Але тут патрэбен быў партрэт кіраўніка паўстання. І яна пачала ў Слоніме шукаць натуршчыка, падобнага да Кастуся. І неўзабаве яго знайшла. Гэта быў Георгій Пыцель — вучань адной з гарадскіх слонімскіх школ. Высокі статны юнак з густой чарнявай шавялюрай і блакітнымі вачыма на мужым твары вельмі нагадваў правадыра сялянскага паўстання. Рэгіна загадала Юрку, так звалі яго сябры, адпусціць валасы падаўжэй, бо так патрабавала мода другой паловы XIX стагоддзя. Натуршчык “абваласаціўся”, і мастачка прынялася за справу. А надышоў час — і карціна заняла ганаровае месца ў адной з залаў Слонімскага музея.