Читать «У пошуках слонімскіх скарбаў» онлайн

Сяргей Чыгрын

Сяргей Чыгрын

У ПОШУКАХ СЛОНІМСКІХ СКАРБАЎ

Падрыхтаванае на падставе: Сяргей Чыгрын, У пошуках слонімскіх скарбаў, Гісторыка-краязнаўчыя, журналісцкія і літаратурныя нататкі. — Мінск: Беларускі кнігазбор, 2006.

Ці можа Слонім стаць турыстычным горадам?

Цікава, якое месца ў развіцці турызму займае і можа заняць сёння старажытны беларускі горад Слонім?

Як сказалі ў Слонімскім бюро падарожжаў і экскурсій, горад над Шчарай у найбліжэйшы час абавязкова павінен стаць турыстычным горадам. Хаця сёння людзі, якія прыязджаюць у гэты горад, знаёмяцца толькі з адным маршрутам Слонім—Жыровічы. Вядома, наведваюць яны і раённы краязнаўчы музей, які прымае штогод каля 25 тысяч чалавек…

Некалькі гадоў таму сустрэў у цэнтры Слоніма чалавека сярэдніх гадоў з фотаапаратамі.

— Скажыце, калі ласка, — запытаўся незнаёмец, — як мне знайсці тэатр Агінскага? Я прыехаў з Санкт-Пецярбурга, каб зрабіць здымкі тэатра. Але ў каго ні запытаю — ніхто не ведае.

— Я вас засмучу, але будынак тэатра ў Слоніме не захаваўся, яго знішчылі час, войны і людзі. Толькі захавалася аустэрыя, у ёй цяпер знаходзіцца школьны навучальны вытворчы камбінат, — такі быў мой адказ незнаёмцу.

Госць быў вельмі здзіўлены і нават не паверыў. Прыйшлося яму паказаць, дзе некалі стаяў тэатр і дзе цяпер знаходзіцца аустэрыя. Але чалавеку, які першы раз прыехаў у Слонім, гэтага было мала. Ён столькі чытаў пра тэатр Агінскага, а ўбачыў… пустое месца.

Сапраўды, Слонім сёння ведаюць найперш па тым, што тут некалі быў славуты на ўсю Еўропу тэатр. І турысты з розных куткоў свету хочуць убачыць хоць што-небудзь з таго далёкага часу. Французы, немцы, шведы, японцы ў сваіх краінах такой мажлівасці не ўпусцілі б. А мы — губляем. Чаму б на гары каля будынка хуткай медыцынскай дапамогі на Савецкай вуліцы, дзе знаходзіўся знакаміты тэатр, не ўсталяваць мемарыяльны знак, не зрабіць там музей Агінскіх, а дзе стаянка аўтамабіляў — не адкрыць, напрыклад, рэстаран “У Агінскіх”, дзе маглі б адпачыць турысты ці слонімцы пад славуты паланез “Развітанне з Радзімай”? У музеі прадаваць розныя буклеты, значкі, кнігі на англійскай, польскай і беларускай мовах пра гісторыю тэатра Агінскага. І гэта ўсё за грошы, якія ішлі б у бюджэт горада.

Наогул турыстычнае знаёмства са Слонімам, на маю думку, павінна пачынацца з плошчы Льва Сапегі. Там павінен стаяць яму помнік, а таксама музей, прысвечаны ўсім беларускім Сапегам. Адтуль турысты ехалі б да Агінскіх. Пасля экскурсаводы вялі б іх у сінагогу, пабудаваную ў 1642 годзе. Яе даўно павінны былі рэстаўраваць, а ў самой сінагозе планавалі некалі зрабіць рэспубліканскі музей яўрэйскага мастацтва. Але пакуль там нічога не зроблена, ды і 400-гадовы храм развальваецца.

Пасля сінагогі турысты маглі б наведаць раённы краязнаўчы музей імя Язэпа Стаброўскага, музей беларускай кнігі ў раённай бібліятэцы імя Якуба Коласа і музей імя А.Жукоўскага ў СШ № 4. І гэтыя наведванні — таксама за грошы.

Пасля знаёмства з цэнтрам Слоніма турыстаў чакаў бы Альбярцін з музеем Пуслоўскіх і паркам, а таксама гасцініцай і рэстаранам. Пасля Альбярціна турысты ехалі б у Жыровічы.