Читать «Чамяры і чамяроўцы» онлайн - страница 3
Сяргей Чыгрын
У сярэдзіне мая 1863 года Кастусь Каліноўскі і паўстанцкі цывільны начальнік Гродзенскага ваяводства Эразм Заблоцкі зноў завіталі ў Слонімскі павет з мэтай праверкі дзейнасці паўстанцкіх атрадаў. Яны пабывалі ў паўстанцкім лагеры пад Мілавідамі, дзе групавалася некалькі атрадаў пад камандаваннем палкоўніка Аляксандра Лянкевіча (“Ляндэра”). Кастусь Каліноўскі выступіў перад паўстанцамі з прамовай, у якой заклікаў іх да барацьбы за волю. У атрадзе Ляндара, а таксама ў атрадах Млотака каля Ваўкавыска, Уладака каля Пружан (Млотак, Уладак — псеўданімы.— С.Ч.) знаходзіліся дзесяткі чамяроўцаў. Калі паўстанне было падаўлена, многіх жыхароў Чамяроў расстралялі, а таксама адправілі на катаргу і пасяленне ў Сібір. Шмат чамяроўскіх мужыкоў змагалася ў атрадзе Карла Масальскага. Аднойчы яго схапілі рускія царскія салдаты, закавалі ў кайданы, пасадзілі ў драўляную клетку і некалькі дзён вазілі па вуліцах Слоніма, каб гэтым застрашыць мясцовы люд. Развітацца з Карлам Масальскім прыйшлі ўсе чамяроўцы і людзі з суседніх вёсак. Яны кідалі яму ў клетку кветкі і харчаванне, а калі кіраўніка атрада на плошчы каля касцёла святога Андрэя ў Слоніме расстралялі, ноччу ўкралі яго цела і пахавалі.
Пасля паўстання 1863 года жыццё чамяроўскіх сялян не паляпшылася, а наадварот яны цярпелі ад недахопу зямлі, непасільных падаткаў, ад розных працоўных павіннасцяў. Гэта вельмі ўплывала і на ўзаемаадносіны людзей вёскі. Як расказваў мне некалі слонімскі гісторык, былы дырэктар Чамяроўскай няпоўнай сярэдняй школы Аляксандр Жукоўскі (1920-1995), у 1890 годзе чамяровец Іван Хвясеня атруціў сваіх братоў Георгія і Ануфрыя, каб стаць адзіным спадчыннікам надзелу зямлі бацькі. Ці, напрыклад, такі выпадак: ажно сем гадоў працягваўся суд за мяжу — палоску зямлі шырынёй каля 20 см — паміж Іванам Андрэевічам Міско і Андрэем Вікенцьевічам Міско. А Вікенцій Кудзелька ў спрэчках за зямлю застрэліў нават сваю швагерку і яе сфёкра. Адзінай уцехай для чамяроўскага селяніна-бедняка ў той час была мясцовая карчма, дзе за кварту гарэлкі карчмары Іцко і Ласка выманьвалі ў вяскоўцаў мерку мукі альбо штосьці іншае.
У канцы XIX — пачатку ХХ стагоддзяў большасць чамяроўцаў не мелі ніякай адукацыі. Да 1880 года ў вёсцы быў так званы “гарнцавы настаўнік”, які па чарзе вучыў дзяцей па хатах. За гэту вучобу настаўніку трэба было плаціць альбо збожжам, альбо грашыма. І багацейшыя чамяроўцы сваіх дзяцей вучылі. Аляксандр Заградзін, напрыклад, пасля чамяроўскай адукацыі, у той час скончыў Варшаўскі політэхнічны інстытут. Даслужыўся да штаб-капітана царскай арміі, а пасля перайшоў на бок бальшавікоў. У 1920 годзе ў складзе Каўказскай арміі аднаўляў нафтавую прамысловасць Грознага, дзе і загінуў.