Читать «Паляванне ў райскай даліне» онлайн - страница 11

Алесь Разанаў

* Стаяць на балоце стагі з аснежанымі вярхамі – тутэйшыя горы. * Рэчка замерзла. Мост здзіўляецца лёду: адкуль ты ўзяўся?!. * На непарушным снезе лёгкі заечы след і чалавечы — цяжкі. * Ялінка на сметніку. Вось і ўвесь Новы год!.. Вось і ўсё наваселле!.. * Зімовае сонца. Імкнуцца ўстаць са снежнай пасцелі цені. * Зіхоткая поўня – акно, з якога глядзіць у душу нябыт. * Парушаны мур: чырванее жар — цэгла ў бязмежжы сцюжы. * Снежная горка. Дзеці злётваюць долу — ці, можа, увышыню?!. * Чакаем таксоўку ўначы: чарга пасунулася на адно месца — і то весялей. * Зімовыя прыцемкі: снег настае, растае наваколле. * Вісяць між пупышак замерзлыя кроплі — таксама вясны чакаюць? * Абудзіўся сярод суровых зімовых палеткаў: куды пацячэш, ручай?!. * Які пахмурлівы небакрай!.. Адтуль вясна надыходзіць. * Чырвоны дом на гары — уволю я ў ім нагутарыўся б з цішынёй. * Бягуць ручаіны у полі — звівы жвавай гаворкі. * Бярэзіна і без лістоты, шпакоўня і без шпака — пытанні, узнятыя ўгору: ці не забыўся пра іх сакавік. * Беляць у садзе вясновым камлі — галіны самі пабеляцца неўзабаве. * Вісіць і не падае у паветры зялёны дождж: ніцыя вербы зазелянелі. * Не бойся цячы, ручай, у яры і ў ямы: рака цябе не забудзе. * Вясновы самотны вечар. Гуляе дзяўчынка у хованкі з маладзіком. * Ля лазні бярозы ў набраклых пупышках і дзед-прадавец з вязкай леташніх венікаў: не спазніўся?!. * Гром загрымеў — і адразу аціхлі ўсе галасы, нябёсы гавораць! * Першыя кроплі дажджу: на плітах азбука кропак. * Ладкуюць гнёзды гракі: абламанае вецце зноўку вяртаецца дрэвам. * Здалечыні, праз начную імглу, агеньчыкі замігцелі: адзіны ва ўсім наваколлі дом, што не спіць, — бальніца. * Вішня наўскрай дарогі, спяшайся першаю расцвісці — у пчол абранніцай будзеш. * Кроплі дажджу пастукаліся ў акно — ці мо самі нябёсы?!. * Прарэзаліся на градках стрэлкі цыбулі: вачам дзівунак. * Ходзіць паважны грак між квітнеючых сліў па двары — г аспадар, што вярнуўся з замежжа. * «Даў Бог — пражыла цэлы век, а не ведаю, у якім баку сэрца...» — бабулі ў царкоўным падворку. * Шчыміцца ў плот цікаўная крапіва: што тут, у агародзе? * Вішні цвітуць — і кветкі маюць свой цень?!. * Вяду вясноваю вуліцаю з бальніцы маці сваю старую — вяду сваю старасць. * Бэзавы куст заквітнеў — у доме парасчыняліся вокны. * Крывенькая яблыня ў полі — хоча ЎЦЯЧЫ з гэтага месца, дзе пасадзілі?!. * Цвітуць на бальнічным двары жоўтыя дзьмухаўцы — уцеха вачам чыімсьці. * Селяцца ў коміне хаты вароны — зрабіцца чарнейшымі захацелі? * Калючы асот — але вунь, глядзі: пчала з ім сябруе. * Дом з каляровымі аканіцамі — матылькі разгарнулі крылцы?!. * Мокне на беразе возера з вудай рыбак — злоўлены язь ловіць ротам дажджынкі. * Зона. І як вы зайшлі, бярозы, туды — за калючы дрот?!. * Старыя дамы: хацеў бы зайсці ў кожны з іх, у кожным пажыць хвіліну. * Сеў матылёк на куст квяцістага бэзу — і ўбачылі ўсе адразу, які фіялетавы бэз, а матылёк — бялюткі! * Паўзлазілі дзеці на дрэва: дом, што дарослымі не заняты. * Ледзьве відаць яго — а запоўніў сабою ўсё паднябессе: жаўрук спявае. * Бульба цвіце. У рамонкаў круглыя вочы. * Вадасцёкавая труба — увага, што скіравана адразу у неба і ў дол. * Бярэзіна ўсохла, а ў вершаліне красуе зялёная амяла: пераможца лёсу?!. * Каля зялёнага дрэва скульптура з дрэва: маўклівая спрэчка пра дасканаласць. * У вёсцы. Як дзіўна зноўку пачуць гаворку, знаёмую з немаўленства, ад незнаёмых людзей. * Ускрай маладога жыта сінія васількі — сінія буквіцы ў кнізе лета. * Сохнуць на плоце збанкі: штыкеты займелі галовы?!. * Хаваецца між дамоў зіхатлівая поўня — цыганка нябёсаў. * Вышэй за царкву комін фабрычны: дым таксама малітва? * Вецер павеяў, закалыхаўся зялёны чарот – і ўзнікла РАЗМОВА. * Перасяляемся. У кватэры селіцца рэха, у рэху – пражыты час. * Павырасталі рамонкі вышэй за рэйкі: старая вузкакалейка. * Усё ў ім галініцца, усё разнастайваецца, усё няспыннае паўтарэнне: дрэва — ці, можа, само жыццё? * Косяць — але ні для кога: такі твой лёс, трава гараджанка. * Не замінайце, ветахі ліхтары, дзівіцца на поўню. * Па-над запруджанай вуліцай лётаюць жвавыя матылькі: машыны гэтак не могуць. * У горадзе бор — ацалелы гурт упорлівых абаронцаў. * Руіны даўняга замка. Якая з гэтых сцяжынак вядзе ў саму даўніну? * Навеялася да весніц хваля пяску — хваля мёртвага часу. * Сцелецца ў жыце сцежка — развага жыцця пра жыццё. * Тэлефон аўтамат на рагу дзвюх аціхлых вуліц перадумвае, што чуў за дзень. * Вярбіны, нахіленыя па-над ракою: як гэта — плынь цячэ, а іх адлюстроўванні застаюцца?!. * Спахмурнела — і глыбіня вярнулася наваколлю. * Стромкія дрэвы: яны адны заўжды памятаюць пра неба. * Канчаецца дзень — у дрэў выраслі цені. * Пад плотам пасохлы дзядоўнік і дзед-жабрак: пабрацімы?!. * Шчаслівіцы-вербы: такая сухмень — а яны з ракою. * Бяроза каля царквы — дзве белыя постаці прыгажосці. * Дождж!.. Дождж!.. І дзе ты быў усё лета?! — плачуць сады. * Падаюць дзічкі ў траву — і адтуль цікуюць: ці хто іх возьме? * Старая таполя з парэпанаю карою — няспынна цякуць па ёй ручаінкі часу. * Такая празрыстая далячынь – відаць нядаўняе лета. * Зграбаюць жанчыны ў кучу апалае лісце — і вось ляжыць перад імі яно, быццам дзіўны упаляваны звер. * Марудныя доўгія чэргі — яны адны яднаюць усіх сягоння? * Дождж церусіцца — дым не бачыць, дзе неба. * Згусціўся туман — і вокны дамоў сталі вачамі прасторы. * Уранку я выйшаў з дому і ўвесь дзень ішоў у кірунку да сонца. Якім супярэчлівым аказаўся мой шлях!.. * Якая прагная гліна!.. І з жабрака сцягвае боты. * На скрынцы для смецця цярпліва сядзіць крумкач. Раніца ўвосень. * На небе туман, на зямлі слата: наша, надвор'е? * Расклалі ля рынку цяпельца і грэюць рукі: армяне ў Менску. * Ці калі-небудзь сюды вярнуся?!. За плынным акном тасуюцца краявіды. * Снег усцілае зямлю, на снег сцелецца жоўта-барвовае лісце: мастачка-восень. * Пад небам асеннім калодзежны журавель: скардзіцца, што не можа лётаць?!. * Выйшла з аўтобуса і азіраецца — ці яе гэты прыпынак: старая перасяленка. * Над курганамі туман — ці дым вогнішчаў старажытных? * Зіма ў лістападзе!.. У скутай рацэ плаваюць качкі. * Убілася ў берагі і заўзята габлюе рачную плынь: руплівіца-кладка. * У лужыну зазіраюць познія дзьмухаўцы: там — сонцы?!. * Вагаецца вецце асенніх дрэў — і вагае, аплёўшы сваімі ценямі, дом.