Читать «Воплескі даланёю адною» онлайн

Алесь Разанаў

Алесь Разанаў

Воплескі даланёю адною

Пункціры

Падрыхтаванае на падставе: Разанаў, А. С. Воплескі даланёю адною: Пункціры / Алесь Разанаў. - Мінск : I. П. Логвінаў, 2010. - 76 с.

ІSВN 978-985-6901-74-7.

Пункціры

* Да самага воблака ўзняўся грудок, а траве ахвота яшчэ вышэй. * Варона закаркала, дрозд засвісцеў: с в а е у горадзе незнаёмым. * Нататнік змакрэў: набраўся уражанняў ад дажджу. * Ці высакосны, ці просты — што мае люты наўме? Зазірае у шчыліну месяца сакавік. * Снег адступае — займае трава наступнасць. * Колькі гадзін да вясны — на пальцах лічыць вярбіна і лічыць вяз. * Лес весялее: вясна вясткуе аб наваселлі. * Двор у вачах: з-за плота дзівіцца вербалоз. * Давай пакатаемся!.. Грак атабарыўся на таксоўцы. * Нешта а зловіцца!.. Хлапчукі закінулі ў сажалку вудачкі – дождж таксама. * Памыўся ўжо?!. Ззяе над лазняй маладзічок. * Зазелянела вярба: з азяра цягнецца качка — па пацалунак. * Нікога, а ў кірсе іграе арган: я нехта?!. * Згортваю карту: вясна ператрактоўвае краявіды. * У столькі прыгод – уваходзіць у горад дождж. * Разбілася шклянка: віно — лужына крыўды. * Штось мусіць успомніць?!. У грамадзе зялёнага быльніку ссохлы. * Вясна на дварэ: абмінаю адтуліны ў падзямлю. * Срабрысцеюць гукі: званіцу азорвае маладзік. * З рукі ў руку – перакладаю камень у твор. * Самі развяжуцца: вішня у белых вузельчыках. Красавік. * Між сказаным і невыказным працяжнік: з вакзала вырушваецца цягнік. * Што абяцаецца — будзе!.. У грудзі б'е сябе гром, жагнаецца бліскавіца. * Нанова знаёмімся!..— Зелянеюць бярэзіна і сасна. * Спазняюся: лічыць кіроўца маршруткі рублі, я — хвілі. * А швы залатыя!.. Вясна шые шыкоўныя шаты дубу. * Май на дварэ: цвітуць спевамі дрэвы. * Пакліканы ў будучыню — ручай радуюць перашкоды. * Варушыцца скіба — мо хібы вышуквае грак у раллі, мо хлеб? * Свае!.. — Акаляюць аблокі гмах. * Гай зелянее: у словы просіцца верш. * Давай павітаемся!.. Прыкладаю далонь да ліповых лісцінаў: давай!.. * У дзідах і ў ружах: вядзе дзень увесь год да вежы. * Мара ўсміхаецца — твар падставіла сонцу вясноваму маладзіца. * У лужынах: дождж выроўнівае дарогу. * Можа, спаткаемся недзе?!. Кладу кашулю і швэдру ў кантэйнер: можа... * Мяняемся сонцамі!..- Маладую ўгаворвае леташняя трава. * Кажа - а што?!. Выходжу па тлумачэнне: дождж. * Пацэліла ў самую кропку!.. З вярбы сарвалася кропля: кругі на лужы. * На сёння: у дыядэмы аздобіў пупышкі снег. * Акраец нічыйнага шчасця — з-за хмар вынырвае месяц: наце!.. * Складаецца верш — краявід угадвае словы. * У вываратнях: віхура атабарылася ў бары. * Цепліцца свечка: спяць з усмешкай цюльпаны. * Спыняецца і ад'язджае цягнік: тойсамы усюды дождж. * Ад незнаёмкі: абходжу Брэмен з ружаю на грудзях. * Збіраюцца хмары: будуе гром нанава горад. * Каму пацалунак, каму ласунак, а разам паразуменне: ружа і чмель. * Крыніца: ў прыгоршчы зачэрпваю глыбіню. * Змяркаецца: пераходзіць дарогу лес. * Не бачылі?!. Выставіў крот свой андэрграўнд на агародзе. * Без сёння: бяссонне глядзіць у ноч. * Бачацца з вечнасцю — у сустрэчы воблака і гара. * Тут плавала, там шкандыбала — качка ляціць па-над берагам і па-над ракой. * Шматкроп'е і клічнік: паклікаў маланку дождж. * Стукае дзяцел – тлўмачыць, хто яна й што, сасне.. * Не мае айчыны?!. Лагчынай сунецца постаць — ад аблачыны. * Рака адступаецца — сквар дол латае і цыруе. * Усюды набыўся: дождж вядуць ручаі — дадому?!. * Набраў і нясе бярэмак пылу віхор: у дакор – мо некаму?!. Мо нікому?!. * Варушыцца купіна: мурашы на кірмашы — у лета. * Залева: у Шпрэвю плывуць дамы. * «Любіш мяне?!.» — Дзядоўнік скубе каза і ківае. * Мусіш дагнаць?!. Ручай спяшаецца за залевай. * Люляецца — выхваляецца лодка прад берагам, што плыве. * Ну хто што паклаў тут? Сабака абнюхвае шапку у жабрака. * Туды і сюды: над затокай гушкаюць ластаўкі вышыню. * Не ўсё яшчэ?!. Лічыць іглічыны на яліне дождж. * Убачыў на ходніку грош, дакінуў другі: ў набытак. * Гутараць між сабою дзве маладзіцы, праходжу між імі: х т о ?!. * Штось выпільноўвае?!. Заплыла пляміна ў лужу. * Рэха — басяк: сабака латае брэхам плот. * Заварушыліся дрэвы: далечыню вядзе навальніца. * Паклалася вулачка ручніком, а камяні пірагамі: хадзе дарунак. * Лета. З кашулі здзьмухваю мураша – у лета. * Датворвае створанае?!. – Змывае сляды і абліччы дождж. * I тут пабудзе, і там — дзяўчына: позіркі — матылькі. * П'янее: вада падае вадаспадам. * Выйшаў удзень, а вярнуўся ўначы: «Дзе быў?!.» — пытаецца ціша. Нанова дома. * I я з ёю быў!.. Іду слядамі ўчорашняй навальніцы. * Голас — ружанец: па пацерках раздае качка-крыжанка сажалку качанятам. * Спёка: у сонца павелічальнае шкло. * Ручай, выручай!..— Дадому знаходзь дарогу. * Сялюся ў мінулае — гліна пытаецца: «Назусім?!.» * У шышках — хвіліны узважваюць год: хваіна. * Пакінутая — з акна дзівяцца поцемкі, з поцемкаў нехта: хата. * «Шnо думаю — тое кажу!..» Зіхаціць хмара маланкай. * З сумкай у левай, з пакетам у правай — вядзе з рынку спадарыня раўнавагу. * Трыганаметрыя нетраў: дзве елкі трымаюць адну сасну. * «Вось яны, змоўшчыкі!..» — Бура абрушваецца на валуны. * Смутак адсоўваецца: з акна ссоўваю занавеску. * Па самае горла: ўвайшлі ў раку гарлачыкі і чалавекі. * Знесла і хваліцца «Ікэбана!..» курыца: яйка і агуркі. * Вуліцу й пляц увішна вецермяце: ідзе спадарыня навальніца. * Удзень авадні, увечары камары, а конь пасвіцца: лета. * Круціцца кола: вяслуе ў пачатак млын. * Зацемка вечнасці: засынаю з цменам пад галавой. * Адсюль і датуль — бліскавіца апытвае хмары: «Ці вы са мной?!.» * Гуляюць у карты ў карчме дзецюкі: на плячах тузамі татуіроўкі. * Сцежка, што не варочаецца — з гары сцелецца ручаіна. * Нешта яшчэ недаздзейсніў?!. На неба вяртаецца маладзік. * Падаю — падаю руку то сасне, то дубу. * Апала вада: ў стаўку варушацца людзі і рыбіны – раптам. * Вогнішча: цемра частуецца лустамі светлыні. * Абрынулася яліна: галінам у смутак, карэнню ў жах. * Здаюцца бутэлькі. Дождж пытаецца ў кожнага: «Хто апошні?..» * Сярэдзіна лета: заходзіць дарога за небакрай. * На слупе адною нагою — бацян высноўвае формулу раўнавагі. * Вартуе вароты трава: у бязлюддзя знаёмы твар. * Вулачка блытаецца у даўніне: шурпаты у дрэва дотык. * Наставіла стрэшку далонню — ці ёсць хто-небудзь дзе-небудзь: хата. * У яблыках: гром прад яблыняй падае на калені. * Два воблікі вымкнулі з грамады і зноўку ў ёй зніклі — спакутаваны і спагадны. * Укінуў кашулю ў раку: цяпер адступішся, спёка?!. * Лес у люстэрках: зрокі хаваюцца ў каранях. * Хіба я сп'янеў?!. Паклаў яблык на голаў сабе вясковец. * Вагаецца кладка — угадвае: гэта ты?!. * Смага-магніт: вярбіны хіляцца да ракі. * Ведае мэту: камета свідруе ноч. * Юрта на ўсіх і на кожнага: сонца атабарылася на зямлі. * Услалася сцежка саломаю: смела кладзіся, дождж!.. * У полі імжа: разгарнуўся кветкай на быльніку матылёк. * Якая вялікая!.. Чараціна вагае цень. * Цягнік аддаляецца: ростань займела голас, аблічча — далечыня. * З саломінаю: нясу ў руцэ падарунак ветру. * У заўтра: зярняты збіраюцца ў каласы. * Вагаецца вецце за вокнамі і адтуль тлумачыць, што тут утульна. * Выкопваецца: пазіраюць на бульбіны гусакі і гусі звысоку. * Воплескі даланёю адною: лунае кляновы ліст над зямлёй. * Згасае прастора: з учора свецяцца галасы. * Арэнаю ноч: сірэна узломвае немату. * Сонца згарае — пара: вымаўляе гара малітву. * Лета забралі і адляцелі: нудзьгуюць без ластавак правады. * Начныя сядзібы: дрэвы чытаюць чыесьці сны. * Лепш позна, чым не... Натую літары пад ліхтаром. * «Не трэба мне гэткай увагі!..» — Ўцякае ад ветру ліст. * Глеба і неба: хмары паклаліся на раллю. * Восень: глыбее позірк у азяра. * Парадкуюцца: бяруць вечар вароны нанач. * Складае карціну? Скідае у возера клён лісты. * Хоча суцешыць з тым, што настала?!. У далікатных дотыках дождж. * Туман: наваколле уцягваецца ў нішто. * Падае лісце: жаль свеціцца воблікамі жывымі. * Стракочуць сарокі: дзеляць кароткі дзень. * Хто тут?!. Кладуцца на дол ціхмяна чыесьці сляды — лісты. * Хай будзе, як ёсць?!. Развяла яблыня рукі: восень. * Вечар журлівіцца: жураўлі ляцяць у чырвоныя далячыні. * Блукае па пожні засмучаны дождж — спазніўся?!. * Спадае лісцё: адымае ясень імя сваё ад сябе. * Цёмная плынь: спыніўся з кілімамі залатымі на двух берагах лістапад. * Ні там і ні тут: нітуе наўколле дождж. * Эліта: лістота ляціць — застаецца налета лес. * Шукаюць, што знікла?!. Блукаюць па вуліцах скразнякі. * Хочацца ў пару?!. Ў тумане нудзяцца венікі і спадар. * У шэрані: увабраўся у княскія строі хмыз. * Пакінуты — лістапад просіцца ў кляштар. * Змяркаецца. Рэцытуюць гусі ў двары псалмы. * Агністая — да камля лістота памкнулася: ах, вавёрка!.. * Адважваюцца: сняжынкі вагаюцца над зямлёй. * Бадзяецца і хапае, дзе выпадзе, пахі вецеру горадзе: згаладнеў?!. * Са снегу халявы, падэшвы з лёду: абула даліна мае сляды. * Да студні тудою!... Іду па ваду – вёдры павадырамі. * Згалелі — увышыню дрэвы ўзнялі малітву. * Пустка за вокнамі: адпускае нехаця крама пакупнікоў. * Мацуйцеся!.. Ў дрэўцы ушчэпліваецца мароз. * Падае снег. Даганяе дзяўчына хлапца: дагнала!.. * То кручы, то прорвіны – паўмярзалі: іду па сваіх слядах. * I снегу насеялася, і маладзік прарэзаўся: ліхтары ў бадзёрым настроі. * Трэцца рука аб руку: так трэба, — запэўнівае мароз. * Сцірае зіма алфавіты: напамяць ведае верш рака. * Прыйшлі і пайшлі жабракі, а кійкі пакінулі: умаляваўся у палатно краявіду плот. * Ім абы ўпарціцца!.. – Абураецца вецер, вароты рыпяць. * Кланяюся: на куп'і рубінамі журавіны. * У полі сляды: адліга займела павадыроў. * Новымі ботамі тупаціць на ганку спадарыня: дзякуй снегу!.. * Скрыпае снег — рыфмуе некага і мяне. * Сабралася ў кроплі і засяліла наўколле сасну: адліга. * Цвіці!.. Абняла яблыню завіруха. * Прынеслі палонцы качкі паклон: з палону вырвалася Няміга. * Думае месяц: без дайпрычыны спаўзае з пагорка снег. * У снежным бязмежжы выспа заплаканых дрэў: цішыня ўздымаецца і ападае. * Сее жанчына жвір на сцяжыну: на голай галіне грак. * «Не аддавай мяне!» — Ля бярозы сплаканы снег. * Туман у Сяльцы: галасы тое, што ёсць, шукаюць. * «I як я тут апынулася?!.» — Крыга асвойваецца ў стаўку. * Мусіш знікаць? Набраўся плямінаў снег. * Туды і сюды — пераходзіць кладка ўвесь дзень ручай. * На скрыжаванні: тлумачыць ё с ц ь, дзе быў я, дзе буду. * Што ні цягнік — пераўлік: хваіны хаваюцца ў кругаверць. * Сюдой!..— З-пад страхі выторквае комін палец. * Усюды наведаўся: ветах вандруе ўнаадварот. Мае сябе — спявае ручай, а сумёт нямы. * Словы аціхлі: у немату стукае сэрца. * Ці ўсё разумееш? Чытае дождж зімовыя піктаграмы. * Мо сто, а мо дзвесце — выйшлі на вуліцу постаці, каб увесці некага ў весніцы: плот. * Свае, ды высока: сочаць за мною бярэзіна і сасна. * Мае ключы — адмыкае скалу ручай. * З кубачкамі — пераходзіць вулачку гаспадарыня: пахне кавай і цеплынёй. * Адолелі: дзьмухаўцы ўздымаюць з-пад долу сонцы. * Мяняюцца месцамі сосны і сны: у белай кароне гара тамсама. * Кумкаюць — з неба сцягваюць жабы дождж. * Развітваецца і зноў вітаецца вецер з сасной — кахае?!. * З вайны?!. Валуны гояць у рэчцы раны. * Вуліцы ў шыбінах: піша пальцамі пісьмы дождж. * Заварушылася звіліна — папаўзла у багну вужака: зноўку, сцяжына, можаш ісці!.. * Не рыбіны і не рыбак, не жабры і не жабрак — бутэлькі мые ў рацэ дружбак. * Слуп светлы, слуп цёмны — нябёсы ўгрунтоўваюцца ў зямлю. * Світае: выходзяць бярозы з лесу, ўваходзяць яліны ў лес. * Зрушыўся камень — сцежку паказвае некуды нацянькі. * З клёкам у дзюбах: клякочуць на коміне — ад самоты лекуюць хату — буслы. * Паверхня вагаецца: вецер з розуму зводзіць траву. * Адчыненае — хаваюць у возеры горы глыбачыню. * Пеўні спяваюць: хвілі расхопліваюць аўтамабілі туды і сюды. * Мост у замках, а рэчка струменіцца — па ключы?!. * Ва ўсе бакі вокі — аблокі у лета наймаюцца ў пастухі. * Пад сподам гаспода: вартуе дрыгву аер. * Каб — кап: капейка... Капае лейка. * Вуліцы - рэкі: у недарэкі ўмалёўваецца трамвай. * З глыбіняў хвіліны – дзяўбе дзяцел хваіну. * Апранута ў дождж – ідзе вуліцай прыгажуня. * У тварах імгненні — мігціць у цемры цыгарка: н е х т а . * Смык і струна — чараціна гуляе ў гук. * На бруку адмеціны: ўвышыні ўсміхаюцца вішні. * З гуляння дахаты: рака вяртаецца ў рэчышча вінавата. * Спыняюся: прытуляюся спіной да яліны — да вышыні. * Постаць з-за постаці: у блуканне уводжу лес. * Сцежка плыве. «Сюдою хадзі!..» — трыпутнік абапал выслаў сляды. * Лішнія?!. Акуляры здымае васпан: туман. * Схапілася: з каранёў выцягваюць яблыкі яблыню — у сусветы. * З гарою?!.— О так!.. З вадою?!. Латак язык паказвае спёцы. * Бераг у ценях — плывуць вужы возерам Доўжа: ў галовах сонцы. * Трэскае сук — вяду у небяспеку прасеку. * Адліў і прыліў: у камень хавецца глыбіня, у глыбіню — камень. * Свеціцца вецер — здзімае з бярэзіны прамяні. * Звоніць — зжынае бажніца час. * З нагі на нагу: дамоў вяртаецца вечар. * Дык уздымайся!..— Драбіну спускае з гары ручай. * Імжа: расплылася мяжа між тым, што было, што будзе. * Падае — у падзеі пытаецца: «Дзе я?» ліст. * Некалі быў тут?!. Згадкай абмацваю зоркі і камяні. * Парушаны — мур гутарыць нема з некім. * Канаты святла: з цемрыні цягнуцца вуліцай аўтамабілі. * Брава-выява: ўвабраўся ў мелодыю барваў лес. * Прыгожая — у абдымкі вецер бярэ бярозу: «Ляцім са мной!..» * Глыбокія вокны: вачам хочацца ўбачыць Бога. * Некім пражыты — сялюся ў дом і высяляюся: восень. * Не для цябе!.. Варона ляціць да крыжа: Рарон. * Рашае задачы: і адымае, і прыкладае восень лісты. * Згорблены — па-над гарою ветах сланяецца: нешта забыў, а што? * Ні долаў, ні высяў — перамагліся: кружляюць арлы ў імгле. * Кропелькі неба ў каменні — ядловец дзівуецца мне, я — яму. * Жоўтыя вокны у восені: з-пад ілба зырае месяц. * Вісяць у паветры лісты — масты між тым, што было і будзе. * Постаці-здані: ўваходзіць бездань у лістапад. * Туман: ні аб чым думае вечар. * Сонца цярушыцца, свеціцца дождж — змяшала найменні восень. * Цёмныя страхі: прарочыць зіму рака. * У срэбры: выносіць чарот з вечара ў раніцу ўзнагароду. * Застаўся — пільнуе ў пустцы зялёны палын зіму. * Змяняецца гразь на каменне — мароз паказвае розум. * Дні скарачаюцца: ручаіну ўсцілае дно. * У шэрані схілы: з'язджае з высачыні зіма. * Скавалася азярына — схавалася: расхінае вецер чарот. * Поле ўзарана: ідзе з сяўнёю снегу зіма. * Маё — і пярэчыць мне!..— Ў рэчцы шклянее лёд. * Уцелясняюцца — усяляюцца сны ў наваколле: снег. * Варушацца цемра і бель — бяру ў павадыры завіруху. * Снег выпаў: па цаліку вядзе самалёт сцяжыну. * Снежань: кунежацца сосны ў сне. * I хто тут жывы?!.— У лядах чытае сляды зіма. * Слізка: за плот трымаецца вецер. * Ідзі, куды хочаш!..— Сцеле кудаса снег: Сялец. * Вякі сшаравалі — з маснічын выторкваюцца сукі: смалякі! * Сёння — не ўчора: да новай высновы з дуба хіліцца ліст. * Я ад'язджаю, ты не: імгненні нітуюцца ў гаману. * Увальваюся ў хвалу з галавой: завея наставіла хорамаў там і тут. * У высі ўзняліся?!. Бялее на дахах снег. * Вечар зімовы, дровы гараць — замовы шэпча ў гаршку адвар: маю быць здаровы! * Навокал абрывы: ў душы вышукваю крылы.