Читать «Свой дом» онлайн

Генрых Далідовіч

Генрых Далідовіч

СВОЙ ДОМ

Раман

Падрыхтаванае на падставе: Генрых Далідовіч, Свой дом. Раман, — Мінск: Мастацкая літаратура, 1992. — 351 с.: 4 л. іл.

ISBN 5-340-00678-6

Частка першая. БНР

Некаторыя, безумоўна, як дзеці, думаюць: падпісаў дагавор, значыць, прадаўся д'яблу, пайшоў у пекла. Гэта проста смешна, капі ваенная гісторыя гаворыць ясней яснага, што падпісанне дагавора пры паражэнні ёсць сродак збірання сіл.

Ленін

Проці цячэння вады

Зможа толькі жывое паплыць...

Максім Багдановіч

РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ

1.

Алесь Нямкевіч замест выбітых шыбін уставіў фанеру (хтосьці надоечы «абстраляў» вокны новай, савецкай, школы ледзяшовымі кавалкамі), ды ў пакой былой прыватнай гімназіі ўсё роўна дзьмуў лютаўскі ветравей, а на падаконніку збіраўся сыпкі, колеру пытляванай мукі, снег.

Бялюткая насыпка не раставала, большала з кожнаю хвілінаю: у будынку які ўжо дзень не было ні электрычнага святла, ні пячнога ацяплення — як казалі, услед за банкаўскімі, паштова-тэлеграфнымі службоўцамі засабатажнічала i старая адміністрацыя на некаторых заводах, фабрыках, на электрастанцыі, а таксама i ў забеспячэнскіх канторах, што давалі гораду вугаль, дровы, харч i фураж. Новыя ўлады аддавалі некага пад рэвалюцыйны трыбунал ці суд, некага ўгаворвалі альбо ўціхамірвалі, замянялі сваімі людзьмі і намагаліся навесці лад, але збоі былі кожны дзень.

Бязладдзе, як бачыў Алесь, пабольшала апошнім часам. I не толькі таму, што набірала моц зіма. Яно ўспыхнула, быццам нейкая эпідэмія, пасля таго, калі бальшавікі спачатку абазвалі Устаноўчы схрод “учарашнім днём рэвалюцыі”, а ў ноч з 6 па 7 студзеня[] разагналі яго, i з асаблівай злосцю — пазней, калі 28 студзеня кіраўнік савецкай дэлегацыі на перамовах з немцамі ў Брэсце Троцкі адмовіўся падпісваць мір, нечакана і, галоўнае, нібы не бачачы вялікай пагрозы, заявіў, што Савецкая дзяржава вайну спыняе, а сваю армію дэмабілізуе...

Спачатку мала хто паверыў у гэта. Але калі галоўкаверх Крыленка загадаў пакінуць пазіцыі i калі праз Мінск адзін за адным папаўзлі перапоўненыя воінствам эшалоны, усе ўбачылі на свае вочы: так, гэта — праўда.

Хвалявала, ліхаманіла Мінск i тое, што ўжо які час, з 12 студзеня, лічы, над бокам ішла кровапралітная сутычка з польскімі легіёнамі, з якімі, гаварылі, заадно асобныя часці Украінскай i Беларускай рад, а таксама якім нібы сімпатызуюць i немцы. Казалі, пасля таго калі пасланыя савецкім урадам польскія сацыялісты на чале з Уншліхтам не знайшлі адной мовы з Доўбар-Мусніцкім, савецкія войскі пайшлі ў наступленне i пацяснілі легіянераў — тыя гэтымі днямі, ходзяць чуткі, просяць помачы ў немцаў...

Алесь уздыхнуў i перавёў позірк з акна на клас: дзеці, хлопчыкі i дзяўчынкі, сядзелі за сталамі ў паліто, кажушках i шынялях, раз за разам хукалі на адубелыя пальцы i, мусіць, з нецярпеннем чакалі канца змены — былі ўжо ўрокі геаграфіі, рускай мовы, гісторыі арыфметыкі, а вось цяпер, як дазволілі ў Савеце, быў апошні пазакласны ўрок беларускай мовы.

Тутэйшыя, сыны i дочкі мінскіх рабочых, пакаёвак, дворнікаў i дробных служачых, як i дзеці бежанцаў з заходніх абласцей, добра гаварылі па-беларуску, ix толькі трэба было вучыць пісаць без памылак ды вучыць далей, а вось тым, хто жыў да вайны за межамі краю, было нялёгка. Але i гэтыя не пайшлі з урока, сядзелі разам з усімі i надзіва захоплена намагаліся спасцігнуць вельмі блізкую ім i ў той жа час даволі адметную мову.