Читать «Адзінае на патрэбу» онлайн
Канстанцін Бандарук
Канстанцін Бандарук
АДЗІНАЕ НА ПАТРЭБУ
Ад аўтара
Перадаю ў рукі чытачоў яшчэ адзін сьціплы зборнік рэлігійных гутарак. Гэтак, як і ў папярэднім, азагалоўленым „Праўда вас вызваліць”, у ім сабраны некалькі дзясяткаў тэкстаў на самыя розныя тэмы, якія зьявіліся на працягу некалькіх гадоў. Гэта, па-першае, каментарыі на тэму 10-ці запаветаў, якія, на маю думку, заўсёды актуальныя, якія быццам-бы ведаем, але нагадваць іх трэба бясконца. Ёсьць гутаркі на тэмы евангельскіх нядзельных чытаньняў і, нарэшце, спроба адказаць на некаторыя спрэчныя або супярэчлівыя пытаньні, якія ўзьнікаюць перад вернікамі. Некаторыя гутаркі ў падобным варыянце прагучэлі з царкоўных амвонаў, іншыя — у эфіры беларускай службы Радыё Свабода. Ужо некалькі гадоў ня маю магчымасьці прамаўляць у храме, але суцяшэньне знаходжу ў словах Апостала:
Кожны фрагмэнт Сьвятога Пісаньня вядомы і пракаментаваны.
Мы ведаем вялікую колькасьць евангельскіх сюжэтаў і фразаў, але варта да гэтага вяртацца, бо яно сапраўды
Калі зьмешчаныя ў гэтай кніжцы думкі знойдуць станоўчы водгук прынамсі ў адным сэрцы, зборнік выканае сваё заданьне.
Дзесяць запаветаў
1. „Хай ня будзе ў цябе іншых багоў...”
Прыблізна тры тысячы трыста пяцьдзесят гадоў таму ў пустыні Сынай прагучэлі дзесяць запаветаў, гэтак званы „дэкалёг”, які лёг у аснову сучасных канстытуцыяў, законаў і маралі.
Запаветы, дадзеныя на Сынаі, часта называюць „Майсеевым законам”, аднак гэты назоў патрабуе вытлумачэньня. Майсей толькі аб’явіў у сынайскай пустыні вялікія словы дзесяці запаветаў, аднак скрыжалі і словы на іх былі Божыя, яны вечныя і непахісныя, дадзеныя Богам для ўсіх часоў і народаў. Яны былі дадзены Богам не ў зямлі Ханаанскай, якой авалодаў ізраільскі народ, але ў пустыні Сынайскай. Гэта значыць, што яны былі дадзены ня толькі ізраільскаму народу, але ўсім народам зямлі.
І так першы запавет гучыць: „Я — Госпад, Бог твой, які вывеў цябе зь зямлі Егіпецкай, з дому няволі. Хай ня будзе ў цябе іншых багоў перад абліччам Маім”. Гэты першы запавет зьяўляецца асновай усіх дзесяці запаветаў Сынаю. Калі ён будзе выкананы, будуць выкананы і ўсе астатнія. Першы запавет гаворыць аб тым, што ёсьць толькі Адзін Бог, жывы і сапраўдны, якому ўсе павінны пакланяцца і якога ўсе павінны кахаць „усім сэрацам і ўсёй душою” (Мацьв. 22, 37). Бог адзін, аднак людзі могуць ствараць сабе мноства багоў, аб чым сьведчыць гісторыя шматлікіх рэлігіяў.