Читать «Воляй абраны. Дамова на спакусу» онлайн - страница 2

Анатоль Бароўскі

Здаволіўшыся самаўшчуваннем, пераканаўшыся, што збольшага паправіў галаву, ён рашыў вылезці з пограба. Але для большай перакананасці зноў апусціў чарпак у бочку з капусным расолам. Капуста ўжо заканчвалася, але расолу яшчэ ставала… Крактануў ад задавальнення.

Але зноў падступілася да яго крыўда: прапіў частку з тых грошай, якія яму даў чалавек. Аддзячыў за тое, што ён, Мацей, паабяцаў выканаць яго просьбу …

Цюхна акурат з пакосу ішоў. Нагледзеў добрую латку сакавітай травы за Алёсамі, па беразе балацявінкі. Трава была амаль да грудзей. Ніхто не апярэдзіў яго, і як толькі ўзышло сонца, ён і паклаў яе. Перад адыходам задаволена агледзеў высокія валкі: «Капіц з пяць набярэцца, акурат з гэтым і будзе на зіму карове…»

Пераабуў лапці, адмыў іх ад набітай гразі ў раўчаку. Схадзіў да крыніцы, бярозавым кадоўбцам зачарпнуў вады. Вада была халоднай і колкай, і таму ён піў маленькімі глыткамі, смакуючы…

Ішоў вузкай сцежкай, якая вывела яго да больш шырокай, а потым выйшаў на бальшак – тракт. Па бальшаку ісці зусім нічога, йшоў да адзінокага дуба, што рос пры самай дарозе. Тады ён сыйдзе з яе і ўжо нікуды не будзе збочваць – аж да самае Вайнёўцы.

Ззаду пачулася ляскатанне таратайкі. Ён збочыў з дарогі – стаў і чакаў, калі яго аб’едзе параконка. Але нечакана экіпаж спыніўся насупраць Мацея. На зямлю лёгка саскочыў малады хлапец і, прыхільна ўсміхаючыся, падышоў да Цюхны.

– Езус пахвалёны! –- прамовіў незнаёмец, спыніўшыся каля касца.

– Пахвалёны, пахвалёны, добры чалавек!

– З касьбы?

– Ага, накасіў трохі за ранак…

– Дадому цяпер?

– Ага, запазніўся троху.

– Пайшлі разам, пагамонім.

Вазьніца замахнуўся пугай на каня, тузануў лейцы, і параконка пакаціла па дарозе. Незнаёмец правёў яе позіркам, ідучы побач з Мацеем, папытаўся:

– І як жа зваць цябе, чалавеча?

– Мяне? Ды Мацей я, Цюхна. А ты хто і скуль будзеш?

– Здалёку я, чалавеча, з Вільні, а заві ты мяне Ясем. Пагаварыць хачу з табой. Як жывецца, ці не злыя паны ў вас? Цяпер мо палёгка для вас, мужыкоў, стала – маніфест жа цар-бацюхна выдаў.

Мацей пакруціў галавой, кісла ўсміхнуўся:

– Жартуеш. Калі і ёсцека той маніхвест, дык у нас кажуць, яго падмянілі. Тыя ж паны і падмянілі. Цар пісаў, каб нам вольную разам з зямлёй далі. Паны ж даводзяць, што такога ў маніхвесце няма, не прапісана. Кінулі костку, але мяса на ёй няма. Супраць цара, значыць, бунтуюць…

– Гэта так – ні мужыку, на сабаку не ўкусіць, не палізаць.

– Ото добра ты сказаў, Яська! Я з тыдзень таму ў Адэльск ездзіў – на кірмаш. Бочачкі хацеў прадаць. Дзякуй Богу, раскупілі ўсе, бо танна… Нейкі чалавек на плошчы крычаў, што мужык павінен супраць паноў падняцца. Пра той жа маніхвест казаў, заклікаў на паншчыну не хадзіць. Вакол яго адразу процьма людзей сабралася. І я хацеў бліжэй падысці, ды жонка ад воза не адпусціла… І добра, што не пусціла. Бо невядома адкуль з’явіліся салдаты на конях… Што там рабілася, страх Божы! І сёння перад вачыма стаяць акрываўленыя і пакалечаныя затаптаныя конскімі капытамі людзі.