Читать «Браслаўская стыгмата» онлайн - страница 8

Адам Глёбус

— Запалiў сьвятло.

— Вы слухалi магнiтафон у цемры?

— Гарэла толькi настольная лямпа.

— Вы сказалi, што галасы перамаўлялiся на незнаёмай мове?

— Можна зразумець толькi асобныя словы й па iнтанацыi здагадвацца пра сэнс. Мне падалося, але ўпэўненасьцi няма, што жанчына спачатку запрашала ўсiх разам сьпяваць, а пазьней клiкала на дапамогу й крычала.

Доктар памасiраваў тлустае падбародзьдзе, расьцягнуў вусны й загаварыў:

— Магу Вас узрадаваць. Вы — здаровы чалавек. А галасы? Хто з нас не пакутаваў празь якi-небудзь надакучлiвы шлягер? Бывае, цэлы дзень насьвiстваеш дрэнь, а спынiцца ня можаш. З Вамi такое здараецца?

— Зрэдку.

— Увечары, перад сном, нетаропка абыдзiце свой квартал разы тры, i так штодня. А калi мы сустрэнемся праз тыдзень, дык ня будзем гаварыць пра галасы, я гарантую.

* * *

Настрой у студэнта Дз. сапсаваўся. На заняткi ён не пайшоў. Праваляўся ў ложку з кнiжкаю цэлы дзень, а ўвечары завiтаў у кавярню, дзе паклаў на стол побач з кубкам кавы нататнiк i пачаў перачытваць свой апошнi верш:

ТРАЕЦКАЕ

У 1972 годзе я з аднаклясьнiкамi гуляў на вулiцы Нямiга й шпурляў камянi ў вокны пустых дамоў. У 1982 годзе я працаваў на рэстаўрацыi Траецкага прадмесьця.

У Траецкiм прадмесьцi зьбiраюцца вольныя людзi. Мастакi абгаворваюць вартасьцi новых заказаў. Музыканты нудзяцца, пакуль вецер каву астудзiць. Аўтагоншчыкi, нiбы вайскоўцы, трымаюцца разам. Букiнiсты аспрэчваюць кошт факсымiльных выданьняў. Прастытуткi жадаюць злучэньня мастацтва з навукай. Хiпары апяваюць спакой, талакоўцы — змаганьне. Лiтаратары апавядаюць пра стан самадруку. Мухi гойдаюцца над агульнахарчоўскай талеркай, На якой засыхаюць пляскатыя булкi з карыцай. Прыбiральшчыцы ўпотай гандлююць вiном i гарэлкай, Пры жаданьнi, калi не выдурвацца, можна й напiцца. Афармiцелi п’юць больш за ўсiх i чамусьцi з папамi. Менш за ўсiх п’юць географы сьцiплыя ды iнжынэры. Рэкецiсты любуюцца сьцiснутымi кулакамi. У Траецкiм прадмесьцi гасьцiнна парыпваюць дзьверы.

— Сумуеш? — дзяўчына, даўняя знаёмая Дз. прысела побач. Сукенка колеру хакi пасавала да яе смуглявасьцi, ярка падкрэсьленай ультрамарынавым манiкюрам i дэкаратыўна-сiнiмi вуснамi. Жывыя нэфрытавыя вочы паглядалi спакойна, нават зычлiва.

— Весялюся, — абыякава сказаў Дз.

— Колькi цябе ведала, а нават не здагадвалася, што ты вершы пiшашѕ

— Не пiшу, а перапiсваю з добрых кнiжак, — Дз. загарнуў нататнiк i схаваў яго ў кiшэнь паўвайсковай курткi.

— Я таксама ў школе перапiсвала ў агульны сшытак модныя песьнi й наклейвала павыразаныя з часопiсаў фотаздымкi сьпевакоў.

Дз. зь непрыемнасьцю адзначыў сабе, што ў сяброўкi на зубе трэснула эмаль.

— Слухай, можа, ты дапаможаш? Вучыцца больш не магу, абрыдла. Ад згадкi пра iнстытут ледзь не ванiтуе. Трэба неяк аформiць акадэмiчны адпачынак. У псыхiятра я быў, але ён i слухаць ня хоча пра мае слухавыя галюцынацыi на эратычнай глебе. Напэўна, я сам вiнаваты, трэ было нагаварыць чаго-небудзь больш жорсткага. Як уламаць гэтага лекара?