Читать «Толькi не гавары маёй маме...» онлайн - страница 111

Адам Глёбус

Заняткi пачалiся 14 верасня, i за першы тыдзень я шмат зрабiла: аднавiла забытае i паўзабытае за вакацыi. Асаблiва лёгка, як ты разумееш, аднаўлялася расейская мова.

На самым пачатку верасня я з'ездзiла ў Польшчу. З Варшавы дасылала табе паштоўку. Напiшы, цi прыйшла? Я хацела выслаць кружэлку, але забаялася, бо яна можа згубiцца. І я падумала, што лепей сама перадам яе праз паўтара года ў Маскве. Мы ж сустрэнемся. І я падару табе "Венгерскую народную музыку ў выкананнi маладых музыкантаў".

Летась, у красавiку, са мной здарылася вельмi прыкрая дэпрэсiя. Раней я думаць не думала, што меланхалiчны стан вельмi заразны. Вось аднаму чалавеку нiчога не трэба, а праз якi дзень i другому свет здаецца нiкчэмны i не варты нават кволых рэагаванняў i пачуццяў. Вiрус санлiвасцi i безвыходнасцi распаўсюджваецца з хуткасцю проймы. Самыя вясёлыя i жыццяздольныя марнеюць i вянуць проста на вачах. А мая пасiўнасць пачалася з нязначнага выпадку. У суседнiм пакоi жыла аднакурснiца, якой зрабiлася кепска — усё навокал пачало раздражняць яе, злаваць. Яе ўганяла ў вар'яцтва нават патрэскванне бульбы на панiве. Яна звярнулася да лекара i распавяла пра хваравiты стан, пра нястрыманасць i раздражнёнасць. Уяўляеш, свайму каханку абварыла кiпенем спiну. Ён сказаў ёй, што трэба абмяжоўваць сябе ў курэннi, а яна зазлавала i вылiла палову iмбрыка яму на плечы. Добра, што на iм была куртка i цёплая кашуля, i ўсё абышлося.

А вось яе доктар накiраваў у спецыяльную клiнiку, каб там уважлiва паглядзелi. Я пачала хвалявацца спачатку за яе, а потым за сябе. У нашым унiверсiтэце быў выпадак, калi дактары забаранiлi студэнту наведваць лекцыi, а потым зусiм прымусiлi пакiнуць факультэт. Жах! Лепш не гаварыць пра такiя рэчы.

Буду вельмi радая, калi атрымаю ад цябе кнiгi. Калi надарыцца магчымасць, абавязкова дашлi мне невялiчкi беларуска-расейскi цi беларуска-ангельскi слоўнiк.

Да сустрэчы.

Татахоза. 1976. Верасень. 25.

Агi Ляхоцкi.

Р. S.Па радыё чула песню, якая ёсць на кружэлцы "Песняроў", якую ты падараваў у Ленiнградзе. Па венгерскiм радыё, вядома. Я заплакала.

* * *

Зашпiлiўшы прарэху, я адчуў голад. Захацелася есцi па- сапраўднаму, да вуркатання ў вантробах, да ванiтнага падсмоктвання ў падстраўнiкавай залозе. І згадалася крышку натуралiстычная прыказка цёткi Тосi, у якой я спынiўся ў Ленiнградзе... Што, Адаме, кiшкi марша граюць?

Прапанову папалуднаваць Агi прыняла як вельмi лагiчную, i дзякуй Богу, бо я тады яшчэ не навучыўся настойваць. Але хто, калi i як зробiць у Ленiнградзе — Петраградзе — Пiцеры — Санкт-Пецярбургу нармальныя ўмовы харчавання? Не ведаю. І ўпэўнены, што над сталамi расейскiх iмператараў не лёталi сiнiя зграi злосных i дзынклiвых мух. Як жа я не люблю сiтуацыi, калi лёгкi ветрык прыносiць водары з прыбiральнi да стала, за якiм збiраешся папалуднаваць.

У прапакошчаным дашчаным будане, гледзячы ў пустыя вочы раздатчыцы, я замовiў сырнiкi са смятанаю. Дзе i калi пачуў, што смятана станоўча ўздзейнiчае на патэнцыю, чорт яго ведае, але на ўсялякi выпадак замовiў да сырнiкаў шклянку пракiслага, пэўна ж разведзенага кефiрам, прадукту. Калi зробiш заказ у расейскай кавярнi, нiколi не здагадаешся, што атрымаеш у талерку. Гэта цiкава, гэта iнтрыгуе, трымае ў напружаннi, не дае распускацца. Яшчэ гавораць, кефiр уплывае на страўленне цалкам станоўча. А на мой страўнiк кефiр уздзейнiчае занадта актыўна, i можна трапiць у несамавiтае становiшча.