Читать «Адзiнота на стадыёне» онлайн - страница 44

Адам Глёбус

— Вам патрэбен бiлет на поўдзень?

Незнаёмы меў iнтэлiгентны выгляд, белыя рожкi кашульнага каўняра свяцiлiся на чорнай воўне швэдра, выгляд зусiм не стасаваў з прапановаю.

— Магу дапамагчы, — я пачуў яшчэ раз голас, якi быў надзiва падобны да голасу майго настаўнiка фiласофii. Незнаёмы паправiў акуляры. Ён даволi спакойна пачакаў, пакуль я перабраў усе, колькi ўспомнiў, "за" i "супраць".

— Дапамажыце, — сказаў я. Незнаёмы кiўнуў, i я ўбачыў акуратную лысiну, падобную да танзуры. Ён забраў мой пашпарт i грошы, а праз паўгадзiны я ўжо меў бiлет на самалёт i сядзеў на алеi, дзе так прыемна думалася, што заўтра буду ў далёкiм паўднёвым горадзе.

Прыморскi горад з акультуранымi руiнамi некалькiх старажытных дзяржаў мне спадабаўся. Ранiцамi, калi ўсе адпачыннiкi накiроўвалiся на пляж, я хадзiў да разбураных сабораў. Мой расклад вiдавочна не супадаў з раскладам прыезджых, i я адчуваў волю i лёгкасць. Я жыў, як вольная пташка, пакуль не ўбачыў капялюш.

Якi быў капялюш! Яго колер, ярка-пажарны колер я любiў з дзяцiнства. Пажарным я называю колер, якi мы бачым на пажарных шчытах, вогнетушыцелях i пажарных машынах. Густа-чырвоная фарба на металёвых i драўляных паверхнях з цягам часу набывае спецыфiчнае адценне, гэта не чырвоны, не пунсовы, не пурпуровы i не руды, не ржавы i не бурачковы, не малiнавы i не аранжавы, як не крывавы i не вогненны, а менавiта пажарны колер. Саламяны конус са скруглёнай вяршыняю быў за верх, а палi былi роўныя, шырокiя i аднолькавыя з усiх бакоў. Белыя, вышываныя шоўкам кветкi аздаблялi незвычайны ўбор. Я толькi ўбачыў такое дзiва на палiцы галантарэйнага кiёска, i рука сама выцягнула нататнiк з грашыма. Але я падумаў, што рэч у гаспадарцы зусiм не прыдатная, i ўсе яе вартасцi, мастацкiя i эстэтычныя, не маюць нiякага дачынення да самай мiзэрнай функцыянальнасцi, я так падумаў i адышоў ад кiёска, за шклом якога агнiўся капялюш.

Лежачы на пляжным лежаку пад палатнянымi парасонамi, я думаў пра капялюш. Нашто ён мне? Можа, каму i прыдасца, а мне толькi — купiць i выкiнуць. Можна яшчэ падараваць. А каму? Хто яго насiць будзе? Можа, дзе-небудзь далёка-далёка i носяць, а ў нас нават на пляжы нiхто не надзене. Дзяўчына? Ды няма такога дзявочага твару, якi б мог паспрачацца ў прыгажосцi з такiм высокiм i яркiм капелюшом. А якая дзяўчына пагодзiцца, каб капялюш быў прыгажэйшы за твар? Нiякая. Дзецям ён вялiкi. Жанчына? Ды жанчына хутчэй атрымае сонечны ўдар, чым пагодзiцца з выглядам, якi можа стварыць з яе саламяны ўбор. Мужчына? Калi незнаёмаму я падару капялюш, ён не зразумее, а знаёмых у радыусе ста кiламетраў я не маю. Я разважаў i разважаў, пакуль не скемiў: адзiнае месца, якое застаецца для капелюша, гэта мая ўласная галава. Я ўявiў сябе ў капелюшы i пераканаўся, што кветкi трэба паабрываць.