Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 179

Ніл Гілевіч

Мушу прывесці хоць некалькі прыкладаў. З кожнага раздзела патроху. З першага: «Ну і балеў зуб, думала неба лізну», «Спіць — хоць ты яму зубы павырывай», «Сядай, наязджай, потым запражэш!», «Чаго ты кашляеш? Мусіць, спаў босы?», «Што вы, мае дзеткі, каб я на вашага бацьку спадзявалася, дык я б і вас не мела». З другога: «Еш, пакуль рот свеж, а як умрэш — то і калом не ўвапрэш», «Клочча, воўна — абы кішка поўна», «Няма лепшай рэчы, як свіныя плечы», «Наеўся, аж кішка прутам стала». З трэцяга: «Дай божа пахварэць у добрым здароўі!», «Дай бог налета вялікі жывот за гэта, а я буду бога прасіць, каб лёгка было насіць!» З чацвёртага: «Каб праз твае рэбры воўцы сена цягалі!», «Каб праз твае зубы пясок цадзіўся!», «Каб праз твае вушы вецер свістаў!», «Каб па твайму горлу яшчаркі поўзалі!», «Каб табе язык парахнёй у горла сыпаўся!» І з апошняга: «Круціцца, як прусак у зацірцы», «Круціцца, як сабака ля ганка», «Плятуцца, як старцы на абед», «Пляснуў, як дзячыха на лёдзе». Невядома, хто, дзе і калі падгледзеў, як нейкая дзячыха на лёдзе пляснула, а вось жа засталося ў людской памяці гэта смешнае параўнанне.

Каля чатырох тысяч вось такіх народных параўнанняў, каля тысячы праклёнаў, каля трох тысяч трапных дасціпных выразаў і прыгаворак, а ўсяго — каля дзесяці тысяч гэтак званых фальклорных адзінак!

Перагартаў я неаднойчы ўвесь том, і стала мне радасна, што яна, гэта кніга, паявілася і дала магчымасць яшчэ раз перажыць хвалюючае пачуццё гордасці за наш таленавіты народ, за яго паэтычны і моватворчы геній.

Не буду затрымлівацца на дэталёвым разглядзе мастацкіх і навуковых вартасцей кнігі. Напомню толькі, як высока цаніў народныя прыказкі і прымаўкі У. І. Ленін, падкрэсліваючы, што гэта сапраўдны клад для літаратараў, журналістаў, прамоўцаў. Зразумела, што ленінская ацэнка ахоплівае і зусім блізкія да прыказак і прымавак іншыя вобразныя, трапныя выразы, якія аздабляюць, упрыгожваюць мову народа, дапамагаюць лепш, ярчэй і дакладней выказаць думку і пачуццё. За нязначным выняткам, у кнізе «Выслоўі» сабраны іменна такія выразы — трапныя, дасціпныя, вобразныя.

Трапілі ў зборнік і такія выразы, залічэнне якіх да фальклору можа здацца сяму-таму сумніцельным. Ну, што ж, вялікае бяды ў гэтым няма. Дасягнуць тут катэгарычнай пэўнасці — на сучасным этапе нашай навукі аб народнай творчасці — наўрад ці магчыма: справа новая, том такіх выслоўяў выдадзены ўпершыню, сур'ёзных тэарэтычных распрацовак па пытаннях класіфікацыі такога моўна-паэтычнага матэрыялу няма. З усім гэтым трэба лічыцца. І калі справа наватарская, то наўрад ці можна абысціся без пэўнае рызыкі і дапушчэнняў.

Фальклор — вусная паэтычная творчасць, паэзія працоўных, у якой — і іх светапогляд, і філасофія, і мараль, і звычаі, і шмат чаго іншага. Віды і жанры гэтай творчасці вельмі разнастайныя, размежаваць іх часам зусім не проста, бо гэта мастацтва сінкрэтычнае, бо значнай сваёй часткай яно ўваходзіла ў абрады, у побыт, мела прыкладны характар, утылітарнае функцыянальнае назначэнне. Вядома, да фальклору мы залічаем тое, што мае больш ці менш выразную мастацкую прыроду, хаця б нейкі вобразна-паэтычны элемент. У дачыненні да некаторых жанраў, прадстаўленых у томе «Выслоўі», давядзецца, відочна, зрабіць пэўную скідку. Іншае рашэнне было б, на маю думку, навукова не апраўданым.