Читать «Дзень, калі ўпала страла» онлайн - страница 2

Уладзімір Арлоў

Князь пазваніў у званец, і ў два мігі на парозе вырас халоп з рукамыем заморскае работы. Скінуўшы апратку, Валодша залез у вялізную ліповую балею і з насалодаю падставіў крутыя рамёны і ўсё вялікае, гарачае яшчэ цела пад сцюдзёны струмень з меднай ваўчынае пашчы. Ён радаваўся вадзе і пялёхаўся, як малое дзіця.

— Глядзі, куды льеш! — нязлосна, але зычна крыкнуў на халопа, і той з перапуду бухнуўся валадару ў ногі.

— Хрэсціцца раб Божы Мікола,— гундоса і нараспеў, удаючы ігуменаў голас, прамовіў Валодша і выплюхнуў на саламяную халопаву галаву рэшту вады з рукамыя.

— Не гневайся, княжа...— цягнуў, лежачы ў лужыне, халоп.

— Калі гневаюся, не ваду лью,— памяркоўна сказаў князь.— Давай ручнік і накажы, каб шукалі Барыску. Няхай да мяне ў святліцу ідзе.

Хутка русявы прычасаны Барыска ўжо стаяў у дзвярах і церабіў крысо чырвонага каптанчыка. Было відаць, што і твар і рукі малому вымылі кагадзе. Не вытрымаўшы дапытнага позірку шэрых бацькавых вачэй, хлопчык утупіўся ў маснічыну.

“Падрос Барыска, у плячах пачаў гэтай вясною шырэць. Ваяр расце”,— падумаў князь. Падумаў з цеплынёй, што заўсёды агортвала душу, калі быў з сынам, але ўголас сказаў строга:

— Нягожа, князь Барыс, вочы долу апускаць. Полацкія князі не ў зямлю, а ў неба глядзець мусяць. I не ў парозе іх месца. Хадзі бліжэй!

Барыска нясмела падышоў.

— Дзяк казаў, да навукі ты дужа здатны. Даўно паглядзець збіраюся, чаму ён цябе навучыць паспеў.

Княжыч заліўся чырванню, але пазіраў ужо без боязі.

— Ну-тку скажы, якое цяпер лета ад стварэння свету?

— Лета шэсць тысяч семсот дваццаць чацвёртае [],— як па пісанаму адмалаціў Барыска.

“Славаю ці ганьбаю маёй застанецца яно ў летапісах?” — укалола князя раптоўная думка, але ён не даў ёй волі.

— А лічыць ці добра ўмееш? — працягваўся іспыт.— Ёсць у мяне пяць крэчатаў, а як выпушчу я іх, саб’е кожны па дзве белыя лебедзі. Колькі будзе лебедзяў?

— Два разы па пяць, а разам дзесяць, як пальцаў на руках,— не задумваючыся адказаў Барыска.