Читать «Добры дзень, мая Шыпшына» онлайн
Уладзімір Арлоў
Уладзімір Арлоў
ДОБРЫ ДЗЕНЬ, МАЯ ШЫПШЫНА
Апавяданні, аповесць
Падрыхтаванае на падставе: Уладзімір Арлоў, Добры дзень, мая Шыпшына: Апавяданні, аповесць (Першая кніга празаіка) — Мінск: Мастацкая літаратура, 1986. — 191 с.
Адрэдагаваў на грамадскіх пачатках Міхась Стральцоў
Голасам шчырай любові
Чытач, які зацікаўлена сочыць за развіццём беларускай літаратуры, радуецца далучэнню да яе ўсё новых і новых таленавітых аўтараў, напэўна, вылучыў і імя Уладзіміра Арлова. Варта ўчытацца ў апавяданні, як ўсё большую пэўнасць набывае адчуванне натуральнасці манеры, стылю і мовы маладога празаіка, трывалай угрунтаванасці яго твораў у нацыянальныя традыцыі, прывязанасці да тутэйшай зямлі.
Усцешна тым больш, што ў нашу літаратуру на гэты раз уваходзіць аўтар не з далёкай ад індустрыяльных цэнтраў глыбінкі, дзе ўсё яшчэ бруяць крынічныя ручаіны спрадвечнай мовы, а з сучаснага шматлюднага і шматгалосага рада. У гэтага горада, праўда, апрача вядомага на ўвесь ет нафтаперапрацоўчага завода, ёсць яшчэ і багатая гісторыя, памяць пра веча, пра славутага Усяслава Чарадзея, пра паходы і сечы, якія множылі славу старажытнай беларускай зямлі. Полаччына разам з гэтым, апрача мужных ратнікаў, падаравала славянству вялікага асветніка, руплівага збіральніка і дбайнага памнажальніка высокай мудрасці Францыска Скарыну, які з глыбока ўсвядомленай патрыятычнай годнасцю гаварыў пра свой радавод, пра сваё паходжанне «із слаўнага места Полацка».
Ці не адчуванне і ўсведамленне асабістай далучанасці да каранёў, да першавытокаў Бацькаўшчыны паспрыяла таму, што Уладзімір Арлоў пасля заканчэння школы паступае на гістарычны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Навучанне не абмяжоўвалася старанным засваеннем абавязковай праграмы — паралельна з гэтым ішло актыўнае грамадзянскае пасталенне, прыходзіла глыбокае ўсведамленне сябе сынамі роднага народа, сваёй зямлі, сацыялістычнай Айчыны.
Я не агаварыўся, ужыўшы множны лік. Справа ў тым, што такія адносіны да жыцця і вучобы былі ўласцівы не аднаму Уладзіміру Арлову. Яму, трэба сказаць, пашанцавала на сяброў, якія шмат у чым вызначалі маральную і духоўную атмасферу курса.
Не растрачваць сябе на дробязі, не ганяцца за ілюзорнымі каштоўнасцямі і ўяўнымі прывідамі асалоды і шчасця, а дбаць пра духоўнае пасталенне, шукаць і знаходзіць трывалыя апірышчы ў жыцці, выхоўваць з сябе свядомых грамадзян Радзімы — вось на якія прынцыпы арыентаваліся маладыя людзі. У іх жыло высакароднае імкненне прысвяціць сябе служэнню роднай зямлі, народу, яго гісторыі і культуры. Ці не адсюль браў выток творчы пачатак, імкненне не толькі ведаць сваю мінуўшчыну, але і асэнсоўваць яе ў мастацкім слове. Узнікла і паспяхова рэалізавалася ідэя выдання машынапіснага часопіса «Мілавіца», актыўнымі аўтарамі і выдаўцамі якога сталі многія колішнія студэнты гістарычнага факультэта.
Па-рознаму склаўся іх лёс. Большасць, як і належыць, прысвяціла сваё жыццё даследаванню роднай гісторыі. Спадзяюся, што не адна з яе старонак праясніцца, дзякуючы іх сумленнай працы.
З вершаў на старонках «Мілавіцы» пачынаў і Уладзімір Арлоў. Хто ведае, ці не гэта сталася своеасаблівым пабуджальнікам на далейшую, ужо ў прозе, творчую працу, ці не згаслі б тады мо яшчэ і не дастаткова ўсвядомленыя імпульсы, каб не трапілі ў спрыяльную для росту і пасталення мікраатмасферу сяброўскага разумення, спагады і падтрымкі. Гэта вельмі важна, асабліва на пачатку дарогі, каб ты быў не адзін, не адчуваў сябе самотным, пазбаўленым духоўнай еднасці, а быў сярод роднасных па духу людзей, якія ў сукупнасці ўтвараюць культурнае асяроддзе. Будучы цяпер ужо празаікам з вопытам, са сталай прапіскай на старонках рэспубліканскай перыёдыкі, Арлоў шмат робіць дзеля таго, каб стварыць спрыяльную атмасферу тым, хто спрабуе свае сілы ў літаратуры.