Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5» онлайн - страница 326
Васіль Быкаў
— Ну во і парадак! — абапіраючыся на гладкі тронак нямецкай рыдлёўкі, з выдыхам сказаў Гутман. — Можна курыць. Што не дароблена, заўтра ўдзень даробяць. Абібокаў у тыле хапае.
Байцы заканчвалі падчышчаць зямлю ля магілы, выціралі спатнелыя лбы і моўчкі па адным адступаліся да бруствера ля траншэі. Валошын закурыў і перадаў свой партсігар Гутману, у якога ахвотна закурылі астатнія. Замест запалак у некага знайшлася «кацюша» — папырскаўшы сіняватымі іскрынкамі з крэменя, баец высек агонь, і ўсе па чарзе прыкурылі ад трута — абрыўка тасьмы з дзягі.
— Думаў, сёння мяне закапаюць, — перапыніў усеагульную маўклівасць Гутман. — Ды во самому закапваць прыйшлося. Цуд, і толькі!
— Як шыя? — запытаў капітан.
— Шыя? Баліць, халера. Тыдні са два прыйдзецца пакантавацца ў санбаце. Даўно ўжо не быў, аж уздрадаваўся. А што — лішне не будзе, я чалавек не горды, як-небудзь вытрываю…
Валошын не падтрымаў гаваркога ардынарца, а зморана сядзеў на брустверы, тупа адчуваючы, як у гэты злашчасны дзень нешта для яго скончылася. 3 нейкім вялікім кавалкам у яго жыцці адышло яго труднае камандзірскае мінулае і, мабыць, пачалося штось іншае. Сёння ён пабыў радавым байцом, і хоць і раней не далёка адступаўся ад яго, але тады была ўсё ж дыстанцыя. Сёння ж яе не стала, і ён поўнаю мерай адчуў неабдымнасць салдацкага ліха і заплаціў сваю крывавую плату за вяршок гэтай адбітай з боем зямлі.
Байцы поруч дакурвалі, і ён адчуваў, што набліжаўся час уставаць і ісці. Толькі куды? Як і трое з іх, ён быў паранены і фармальна меў права ісці ў санроту, адкуль яго маглі на тыдзень-другі адправіць у медсанбат. Спакусліва было паваляцца дзе-небудзь у тылавой вясковай школцы, выспацца на саломе, адпачыць ад спрадвечных камандзірскіх клопатаў, атак і абстрэлаў, ад складаных адносін з начальствам. Але калі б там можна было забыцца пра ўсё перажытае, выкрэсліць з памяці тое, што і там будзе душыць, грызці і мучыць. Ён ведаў, што праз дзень-два тылавая вёсачка яму надакучыць і ён зноў пачне рвацца туды, дзе бой, кроў і смерць — ягоны франтавы лёс, апроч якога, яму нічога болей не будзе. Пакуль ён жывы і грыміць вайна, іншага, на бяду ці на шчасце, яму не дадзена.
На душы ў капітана было тужліва і роспачна, як толькі і можа быць пасля пахавання. Не ведаючы, на што наважыцца, ён знямогла сядзеў, каўняром паўшубка затуліўшыся ад ветру. Пакуль дыміла цыгарка, можна было бавіць час і рашаць, але, дакурыўшы, трэба было ўставаць і ісці. Уніз па схіле ў санчасць ці назад за вышыню ў батальён.
— Стой, ціха! — раптам трапятнуўся Гутман і ўскочыў з бруствера. Баец, што сядзеў побач, схапіўся за карабін, але карабін не спатрэбіўся — Гутман узрадавана-сцішана крыкнуў, звяртаючыся да Валошына: