Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1» онлайн - страница 14
Васіль Быкаў
Краіна, можа, і была адсталая, але не былі адсталыя яе сьпецслужбы, і Ступак ведаў гэта. Ва ўсякім разе на рынку ён так і не наважыўся нават запытаць у каго-небудзь пра сваю патрэбу і надвячоркам прыбрыў дадому. Дзьверы аж трох гаражоў былі расчыненыя, але машынаў перад імі не было відаць, значыць, аўтамабілісты нікуды не сьпяшаліся. Два з іх — Сазон Іванавіч і малады хлопец Аляксей — стаялі каля Плешкавага гаража. Ступак насьцярожана падышоў да іх, здаецца, тым перапыніўшы размову, і ён падумаў: ужо ці не пра яго ішла гаворка? Але, мабыць, не пра яго.
— Ну, Мінкевіч у бэнээфе, мужыкі казалі, — гучаў з гаража Плешкаў голас. Іншыя два маўчалі. Памаўчаў і Ступак.
— То-то, гляжу, по-белорусски разговаривает, — не зразумець, з захапленьнем ці асуджаючы, сказаў сівагаловы Сазон Іванавіч. — Нацдем!
— Размаўляе, як хоча, — азваўся Плешка.
— Э нет, не как хочет. Это у них установка такая, в бэнээфе, чтобы другие не поняли.
— Ты ж во панімаеш, — выглянуў з-за «Запарожца» Плешка.
— Не понимаю и понимать не хочу! — выказаўся Сазон. — Я русский человек и русским умру.
— Ну, а ён, можа, беларусам хоча памерці, — упарта пярэчыў Плешка.
Той Мінкевіч ня быў тут нікому сябрам, быў проста суседам ня болей, і Ступак ставіўся да яго спакойна. Але і Сазон ня выклікаў у яго вялікай сімпатыі, бо амаль заўжды быў злы і зацяты. Хаця па цяперашнім часе тое было не навіна, шмат хто злаваўся і раздражняўся, але ўсё ж неяк стрымліваўся. Сазон жа адкрыта і голасна наракаў на жыцьцё, развал СССР, апошнімі словамі пляжыў «агента ЦРУ» Гарбачова і часьцяком бегаў у адноўлены райкам партыі, дзе ва ўсю ішла палітычная мітусьня камуністаў. Галоўнай прапагандовай сілай там былі ветэраны вайны, пенсіянеры ды адстаўныя чэкісты.
— Придумали еще нацию — белорусы! — крыху цішэй бурчэў сам сабе Сазон. — Чтоб русским кислород перекрыть.
— Але ж Мінкевіч дэмакрат, ён не супроць іншых, — ціха азваўся Аляксей, які да таго зважліва маўчаў побач.
— Демократы! Дерьмократы проклятые, — сказаў і смачна вылаяўся Сазон. — Все за доллары работают. Под американский заказ!
— Ня ўсе, — стаяў на сваім ціхманы Аляксей.
Ступак павярнуўся і пайшоў на падворак. Ён знарок не прыняў удзел у гэтай размове. Раней, можа б, што і сказаў, але не цяпер. Цяпер у яго былі справы болей важныя, чым драць горла ў спрэчцы з гэтым замшэлым бальшавіком, і ён не хацеў раскрывацца да часу. А можа, наадварот, трэба было маскавацца, сказаць што-небудзь у падтрымку Сазона. Але тое крывадушша было Ступаку агіднае, зноў жа ён не хацеў крыўдзіць і Аляксея, які ўвогуле яму падабаўся сваёй не характэрнай для цяперашняй моладзі сьціпласьцю. Сьціплы надзвычай быў і ягоны дзед, пасьля сьмерці якога перайшоў да ўнука гэты праіржавелы гараж. То быў слаўны стары, былы партызан-падрыўнік, меў шмат узнагародаў, якіх ніколі, аднак, ня бачылі на ягоных грудзях.