Читать «Мяне няма: роздумы на руінах чалавека» онлайн - страница 2
Валянцін Акудовіч
Цэнральнапалеглым мейсцам Тэксту ў беларускай сытуацыі вызначаецца і роля беларускіх грамадзка-культурных выданьняў і кнігаў. Незалежна ад сваёй ідэалягічнай, эстэтычнай, інтэлектуальнай і тэматычнай скіраванасьці, беларускія па форме і сутнасьці выданьні, нават паўз сваю волю, толькі таму, што яны прэзэнтуюць Беларускі Тэкст, выконваюць сёньня і палітычную, і асьветніцкую, і адукацыйную функцыі... Менавіта так, нават адукацыйную, бо беларускай мове сёньня ня вучаць дзяцей ні бацькі, ні школа (у належнай меры), ні вуліца. Вось чаму на Беларусі літаратура ўсё яшчэ больш чым літаратура, а часопіс больш чым часопіс.
Іншая рэч, ці добра гэта? Я з глыбокім скепсісам стаўлюся да таго меркаваньня, што літаратурны твор сам па сабе можа нейкім чынам уплываць на сацыяльнае жыцьцё, нават калі ён ствараўся з мэтаю такога ўплыву. Шматлікія прыклады з гісторыі літаратуры, якія быццам пярэчаць гэтаму скепсісу, як мне здаецца, сьведчаць адно пра тое, што ў розныя эпохі літаратуры даводзілася браць на сябе і іншыя, акрамя ўласналітаратурных, функцыі, бо грамадзкія інстытуты, якія мусілі рэалізоўваць гэтыя іншыя функцыі, былі на тую пару альбо яшчэ не сфармаваныя, альбо знаходзіліся пад забаронаю. У такія моманты грамадзтва само нагружала літаратурны твор той сацыяльна-палітычнай сэмантыкай, у якой яно адчувала патрэбу, але якую на той час ні праз што яшчэ, акрамя як празь літаратуру, немагчыма было выявіць.
Пачынаючы з “Мужыцкай праўды” Кастуся Каліноўскага і віленскай “Нашай Нівы” пачатку стагодзьдзя, усе беларускія выданьні ўскосна, сьвядома ці неўсьвядомлена, выконвалі ролю адсутных грамадзкіх і сацыяльна-палітычных інстытутаў. Больш за тое. Менавіта на прасторы грамадзка-культурных выданьняў і кнігаў, беларусы сфармаваліся як нацыя. І сёньня мы застаемся нацыяй ня дзякуючы палітычным рухам і фармальна незалежнай дзяржаве, а зноў жа дзякуючы таму, што існуе Беларускі Тэкст. Магчыма, зьнешне гэтая тэза выглядае залішне радыкальнай, але, я думаю, яна такой не падасца кожнаму, хто заглыбіўся ў яе сутнасьць.
Вось чаму адказнасьць за лёс Беларусі шмат у чым ляжыць на Беларускім Тэксьце, а значыць і на кожным пэрсанальна, хто гэты тэкст фармуе.
Падобна, нам ужо стаецца амаль невыносным цяжар адказнасьці за існаваньне мовы, нацыі, дзяржавы, які ўжо больш за стагодзьдзе ніхто не здымае ні зь літаратараў, ні з рэдактараў, ні з выдаўцоў.
Магчыма, я памыляюся, але мне здаецца, што мы ста-міліся, што мы ўжо страшэнна стаміліся ад трагічнага цяжару апошняга беларускага стагодзьдзя. А разам з намі стаміўся і наш чытач. Уласна кажучы, ён зусім і не чытач у звыклым разуменьні. Гэта хутчэй наш хаўрусьнік. Мы зь ім ня пішам і не чытаем літаратурныя тэксты, а празь пісаньне і чытаньне літаратурных тэкстаў удзельнічаем у сакралізаванай містэрыі, галоўнай мэтай якой ёсьць нарошчваньне астральнага цела нацыі.