Читать «Архіпелаг Беларусь» онлайн - страница 3

Валянцін Акудовіч

Вячаслаў Ракіцкі: Беларусы кажуць: «Хоць канём назаві, адно ў аглоблі не запрагай». Гэтая няхітрая прымаўка верагодна паўстала з нейкіх канкрэтных сітуацый, але разам з тым ці не дэманструе яна абыякавасць беларусаў і да таго, кім іх будуць называць: крывічамі, ліцвінамі, русінамі ці кім там яшчэ?

— Калі гэта насамрэч так, дык беларусы тут моцна хібяць. Сімвалічныя каштоўнасці значна даражэйшыя за хоць якія матэрыяльныя. Прыўлашчыўшы этнонім «літва», літоўцы змаглі перапісаць на сябе ўсю неверагодна багатую спадчыну Вялікага княства Літоўскага. І перадусім праз гэтую спадчыну яны сёння не толькі сфармаваныя як нацыя, але і атуленыя ад злыбеды гісторыі Еўрасаюзам. З іншага боку, замацаваўшы за сабой этнонім «Русь», маскоўцы займелі ўсе падставы патрабаваць сабе нашыя землі, як «исконно русские». Дарэчы, назваўшы нас «исконно русскими», яны часткова мелі рацыю. Але праблема ў тым, што самі маскоўцы «исконно русскими» якраз і не былі. Калі да каго гэтае азначэнне і можа быць больш-менш адэкватна дапасаваным, дык гэта да ўкраінцаў… А вяртаючыся да згаданай вамі прымаўкі заўважу, што не ў апошнюю чаргу і праз страту нашымі продкамі ўласнага імя расійцы запрэглі нас у каланіяльныя аглоблі на два стагоддзі.

Вячаслаў Ракіцкі: Атрымліваецца, што маскоўцы, спачатку абабраўшы нас на адзін з нашых крэўных этнонімаў, а затым захапіўшы нашыя землі, вызвалілі нас ад саміх сябе?

— Менавіта так. Праўда, у дэкларацыях яны вызвалялі нас не ад саміх сябе, а ад прыгнёту польскіх ды літоўскіх паноў, якія быццам трымалі тамтэйшых рускіх у няволі. Але пасля гэтага іх вызвалення мы яшчэ і сёння шукаем сябе і ў часе, і ў прасторы. Дарэчы, гэткі ж падыход да гісторыі беларусаў застаўся і пры бальшавіках, якія адно дадалі да яго яшчэ вызваленне беларусаў ад «гнёту расійскага царызму».

Вячаслаў Ракіцкі: А што з сімвалічных каштоўнасцяў у нас скралі бальшавікі?

— Бальшавікі нічога ні ў каго не кралі. Яны проста забіралі ўсё, што ім было патрэбна, каб перарабіць цэлы свет на свой капыл. На іхняй мове гэта называлася экспрапрыяцыяй. І пад яе аднолькава падпадалі як матэрыяльныя, так і сімвалічныя каштоўнасці. Але адну вельмі важную для нас рэч яны ўсё-такі менавіта скралі. Тут я маю на ўвазе крыж Еўфрасінні Полацкай. Гэтая гісторыя не менш  цьмяная, чым знікненне кароны Вітаўта Вялікага. Аднак незалежна ад таго, дзе і ў каго крыж сёння знаходзіцца, ён быў брутальна скрадзены, і вінаватая ў гэтым бальшавіцкая ўлада. Дарэчы, у адрозненне ад папярэдне згаданых сімвалічных каштоўнасцей, страта крыжа Еўфрасінні Полацкай канцэптуальна ў лёсе беларусаў здаецца нічога не змяніла. Але асабіста мне яго чамусьці шкада, як мала чаго яшчэ. Можа таму, што сярод сімвалічных толькі містычныя каштоўнасці лучаць нас з трансцэндэнтным. І калі гэтая лучва абрываецца, мы застаемся без неба над галавой.