Читать «Таямніцы полацкай гісторыі» онлайн - страница 8
Владимир Алексеевич Орлов
Трэба сказаць, што такі знаўца старажытнай славянскай культуры, як акадэмік Дзмітры Ліхачоў і іншыя аўтарытэты лічаць «Кнігу Вялеса» падробкай, ці, далікатней кажучы, містыфікацыяй. Здзейсненыя за апошнія гады шматлікія публікацыі кнігі і каментарыі да яе не пераканалі і мяне ў сапраўднасці гэтага помніка паганскіх часоў.
Але ў любым выпадку аўтар ці аўтары «Вялесавай кнігі» грунтоўна ведалі і адчувалі дахрысціянскі духоўны космас нашых продкаў.
Вось як, напрыклад, у вольным перакладзе на беларускую мову гучыць пачатак малітвы да Валадара Сусвету: «Кланяемся першаму табе, Род, і пяём табе вялікую славу. Хвалім цябе, пачынальнік усіх родаў чалавечых, Сварожа. Ты — крыніца вечная, што ніколі не замярзае, і хто п’е тую ваду, жыве, пакуль не трапіць на твае райскія лугі. Пяём песню табе, Святавідзе, бо ты ёсць святло, праз якое мы бачым гэты свет. Ты трымаеш моцна сонца і зоркі і даеш нам Яву, а беражэш ад Навы (смерці). Дык вырачымся злых думак і чыну злога і пойдзем дарогаю дабра…»
Пасля прамаўлялі да Перуна: «Кланяемся табе, Пяруне-грамавержац, што не стамляешся круціць кола жыцця і вядзеш нас дарогаю праўды да бітвы і да трызны па тых, што аддалі жывот свой за праўду і ідуць да жыцця вечнага, да палка Перуновага. Слава табе, гонар і суд воінаў што страляеш па ворагах нашых і адводзйп ад нас стрэлы іхнія. Слава табе, залатарунны, літасцівы і праўдзівы…»
Найпрасцей абвясціць гэтую рэканструкцыю паганскіх малітваў плёнам фантазіі. А мо не будзем спяшацца: а раптам у аўтара (няхай сабе ён — амаль што наш сучаснік) абудзілася памяць продкаў, і ён нічога не выдумляў, а проста ўспомніў?
Найбольш блізкія дачыненні з багамі продкі мелі на святы.
Пасля зімовага сонцастаяння Каляда прыбаўляла дні, і, хоць яшчэ трывалі лютыя маразы, пачыналася новае гадавое кола. Свята ў гонар Каляды было ці не самае вясёлае. Яго абрады дажылі ў Полацку да XIX стагоддзя. Па дварах і хатах хадзілі з песнямі калядоўшчыкі. Іх падхмеленая гаманкая грамада вадзіла з сабою «бусла», «мядзведзя» і галоўную дзейную асобу — «казу» або «казла» ў вывернутым кажусе, з рагамі і барадоювяхоткай. Апошнімі гадамі такую каларытную сябрыну зноў можна сустрэць у калядныя дні на полацкіх ды наваполацкіх вуліцах. Каза ў продкаў увасабляла сонца, што памірала і ўваскрасала, пасылаючы зямлі ў новым годзе жыццядайную сілу і новы ўраджай. Таму калядны гурт і пяе:
Другая палова Калядаў (з 1 да 6 студзеня) называлася Вялесавымі днямі. Лічылася, што ў гэты час чалавеклягчэй, чым калінебудзь яшчэ, можа ператварыцца ў ваўка.
Вясновым святам гукання добрых духаў якія ажыўлялі зямлю пасля зімовага снунябыту, быў Вялікдзень, што пазней зліўся ў хрысціян са святым днём Хрыстовага ўваскрэсення. Паганскі каляндар меў святы маладых усходаў пачатку і заканчэння жніва.
У крывічоў захоўваліся старажытныя абрады, што ўзніклі ў часы татэмізму, калі кожны род выводзіў сваю гісторыю ад нейкага звера або птушкі. Адно такое свята, звязанае з шанаваннем мядзведзя, — камаедзіда — было вядомае ў полацкім наваколлі яшчэ ў XIX стагоддзі. Яго спраўлялі ў сакавіку, калі лясны гаспадар прачынаўся і выходзіў з бярлогі. На камаедзіцу гатавалі стравы, якія нібыта любіў спадар мядзведзь: камы з гарохавай мукі і аўсяны кісель — жур. Пасля святочнага полудня сяляне клаліся на палаткі і, пераймаючы касалапага «продка», пераварочваліся з боку на бок, просячы спрыяння і абароны. У гонар мядзведзя наладжвалі скокі ў вывернутых кажухах.