Читать «Таямніцы полацкай гісторыі» онлайн - страница 293

Владимир Алексеевич Орлов

Пасля другойтрэцяй чаркі «Падземны Чалавек» нахінуўся да мяне і пачаў даводзіць, што гара, на якой стаіць Верхні замак, — насыпная….

Гаспадар чарнакніжнай бібліятэкі вёў сваю тэму: «Нашы продкі перажылі стадыю высокай культуры. Дагэтуль сярод нашага простага народу, які паўтысячы лет ходзіць у чужым ярме, маюцца ўласныя назовы важнейшых нябесных знакаў Напрыклад, гвязду Венеру дасягоння сяляне называюць Чагір, Вялікую Мядзведзіцу — Стажарамі, Плеяды — Сітцом, або Вуціным Гняздом, Арыгонаў пояс — Кігачамі; тры гвязды каля Млечнай Дарогі называюць Прахамі, або Жалезным Абручом, у галаве Млечнай Дарогі знаюць Касьбітаў (Касцоў), а саму называюць Вайсковым Станам…»»

Адбываецца ўсё гэта на кватэры ў археолага Івана Іванавіча, у якім няцяжка пазнаць «полацкага Нестара» Івана Далгова.

Апроч вусцішнаватых гісторый пра падземныя лабірынты ды развагі пра племя яцвягаў на пасяджэнні вы пачулі б і неадменныя ў той час у любой адукаванай полацкай сябрыне дыскусіі наконт лёсу Сафійскага сабора. Думкі палачанаў падзяліліся: адны стаялі за поўнае аднаўленне найстаражытнейшай Сафіі з сямю вярхамі, другія — толькі за рэстаўрацыю сучаснага храма, пабудаванага «в изящном западном стйле». Далгоў належаў да гарачых прыхільнікаў другога праекта, аднак лічыў што ў храме трэба зрабіць падземную царкву або капліцу, дзе можна было б убачыць муроўку старажытных сценаў і слупоў.

Там, каля Сафіі, вы, не забыўшыся заплаціць рамізніку сумленна заробленыя паўтара рубля, і выйдзеце з пралёткі.

Вы пераканаецеся, што полацкі педагог Зорын праўдзіва апісаў у сваёй кнізе занядбанне Верхняга замка. Але ў гэты блакітнанебы сонечны дзень пачуццё сораму і крыўды абміне вас.

У Запалоцці будуць дацвітаць сады. Над замчышчам і над высокай яшчэ Дзвіною будуць крыху прытомлена залівацца жаўрукі. Будзе хіліцца да небакраю сонца і канчацца нашае падарожжа ў часе.

I святая Сафія будзе, хоць і знявечаная (каторы ўжо раз!), але жывая. Як горад, як зялёнае Прыдзвінне. Як Беларуская зямля, што насуперак усім навалам зберагла сваю жывую душу.

Зберагла дзеля нашай будучыні.

СТО ДАТАЎ ПОЛАЦКАЙ МІНУЎШЧЫНЫ

V ст. н. э. ― На тэрыторыі сучаснага Полацка ўжо жывуць людзі.

862 ― Першыя летапісныя звесткі пра Полацк.

865 ― Полацк ваюе з кіеўскімі князямі Аскольдам і Дзірам.

907, 911, 941, 944 ― Полацкія дружыны ўдзельнічаюць у паходах на Царгорад (Канстанцінопаль).

2-я палова X ст. ― У Полацку княжыць Рагвалод. Узнікненне Полацкай дзяржавы.

Каля 980 ― «Крывавае вяселле» Уладзіміра з Рагнедай. Забойства Рагвалода і двух яго сыноў.

Каля 988 ― Замах Рагнеды на Уладзіміра. Высылка яе з княжычам Ізяславам на радзіму.

992 ― Заснаванне Полацкай епархіі.

1000 ― Cмерць княгіні Рагнеды, у манастве Анастасіі.