Читать «Пошукі будучыні» онлайн - страница 4
Кузьма Чорны
Яна пайшла, і ён за ёю. Ідучы за ёю, ён запытаў:
— Дзе гэта дастаць чаго, каб каня накарміць?
Яна нічога не адказала, а ён больш не пытаў: яны ўбачылі, як салдат ссаджваў з воза хворага немца: трымаючы яго пад плячо, салдат бадай што нёс немца да сенечных дзвярэй, і той вяла перабіраў нагамі, гнучыся ў крук. Волечка і яе нечаканы госць пачалі памагаць салдату. Гуртам увялі яны немца ў хату і паклалі на лаву. Салдат сеў каля яго курыць. Волечка даіла карову. Малады выгнанец стаяў каля яе і ўсё парываўся нешта сказаць. Нарэшце вось што ён сказаў:
— Мы з-пад Вілейкі. (Волечка маўчала, як самая сталая з усіх жанчын свету.) Слухай, я там за равамі бачыў стагі. Паеду прывязу сена, дык і твайму каню будзе.
— А калі хто ўбачыць?
— Я не баюся, я выгнанец.
— Але ж гэта чужое.
— Але ж мяне не пыталі, калі з хворым бацькам з хаты выганялі.
І зноў вялікая сталасць агарнула Волечку.
— Дык я паеду, а ты брамы не зачыняй.
Тут яна адарвалася ад свае работы і паважна сказала:
— А тут яшчэ гэты немец хворы ў хаце.
— Небыт. І я паездзіў з ім.
Так яны быццам згаварыліся ў нейкай ім толькі адным вядомай справе. Разумеючы адзін аднаго да канца, яны, як змоўшчыкі, зірнулі адно аднаму ў вочы. Яна зноў пачала даіць карову, а ён ціха выехаў на пустым возе з двара.
Прайшло гадзін паўтары, калі ён вярнуўся. Каля аднаго акна ў Вольчынай хаце гарэў агонь. Ён увайшоў. Волечка спала на тапчане ля печы. Салдат паіў ляжачага немца малаком з лыжкі. Волечка ўсхапілася, як бы электрычны ток працяў яе сонную, калі толькі яе госць увайшоў у хату. Абое разам яны выйшлі ў сенцы.
— Прывёз, — сказаў ён. — Я дам і твайму каню.
— Стаў і свайго да майго ў хлеў.
— А ты ідзі спаць.
Сонная, яна хістанулася на нагах і шпарка пайшла ў хату. А ён ціха і спакойна зачыніў за сабою сенечныя дзверы. Вераснёвая ноч стаяла над зямлёй. Уся яго істота напоўнілася натхнёным адчуваннем гэтай зорнай і ціхай ночы. Ён доўга стаяў пасярод незнаёмага яму двара, на новым сваім месцы, аб існаванні якога раней і не здагадваўся. Свайго і Вольчынага каня ён паставіў да сена і сам лёг на воз, тварам у зоры. Чорныя сілуэты вялікіх дрэў вырысоўваліся перад ім, дзесьці за гэтай цеснай сялібай, за ціхай вуліцай, за пахучымі паплавамі, дзе ён нядаўна браў сена. І такая стаяла цішыня, што здавалася — восень сочыць, ці не парушае што яе спакою. Чутно было, як грукалі коні, перажоўваючы сена. Сонная птушка спалохалася, крыкнула і сціхла, і залапатаў крыллямі певень. Яблыка адарвалася ад галіны і стукнулася аб зямлю. І зноў надоўга ўстанавілася цішыня. Ён спаў на сваім возе доўга і раптам усхапіўся і сеў. Зорнае неба ўсё таксама распасціралася ў шырокай вышыні. І смутак лажыўся на яго душу. «Скора дзень. Трэба зноў ехаць. Куды? Чаго? Павошта? Чаго шукаць у шырокім свеце? Не знойдзецца тое, што прайшло, мінулася і загінула ў гарматным агні і попел ад чаго развейваецца вятрамі далёка адсюль. Адзін клапатны, з утрапеннем і небытам дзень адышоў у вечнасць, а гэта новы ідзе на яго месца».
Ён звесіў ногі з воза, угнуў плечы і заныў так у маўклівасці ночы і свае душы. Ён нават не заўважыў, што ў адным акенцы хаты гарыць святло. Пачынала цадзіцца павольнае світанне. Зоры радзейшыя сталі. Як бы хто высыпаў неба на ўсходзе белым попелам. І раптам стукнулі сенечныя дзверы. На ганку стаяла босая Волечка.