Читать «Заходнікі» онлайн - страница 2
Генрых Далідовіч
Каля плашкавай дрывотні Сцяпан падцялежыў калёсы і выкуліў з іх галлё, вярхоўе — усё тое, што можна паліць у лесе ці па дазволе леснікоў забіраць дадому, — распрог каня, уцягнуў калёсы ў гуменца, а пасля, не спяшаючыся, не заходзячы ў хату, пачаў ухаджацца ў хляве: даваў сена каню, карове, цялушачцы, авечцы з ягнятамі і з кожнай хвілінай усё больш і больш распаляўся ад незразумелай злосці. Калі выходзіў на двор, дык кідаў позірк на акно, што было каля сянец і глядзела сюды: там, на кухні, сядзела маці і трымала пад пахі яго двух-гадовага Юзіка. Сын — у мяккіх атопачках, у доўгай кашульцы і шапачцы, завязанай шнурочкамі на шыі, — як толькі бачыў яго, бацьку, імкнуўся на двор, ледзь не вырываючыся з бабчыных натруджаных рук. Тыя разы, вярнуўшыся з лесу, Сцяпан адразу ішоў да акна, гуляў-пацвельваўся са сваім першынцам-любімцам, а то заходзіў у хату і заносіў яму прыгожую шышку ці злоўленую птушачку, а сёння не пайшоў, каб не сустракацца і не бачыцца з Марысяй — тая магла выйсці альбо вызірнуць з-за сынавых і свекрывіных плячэй. Праўда, звычайна Марыся, як толькі ўгледжвала яго ў двары, адразу ж выбягала з хаты, каб сказаць якую вясковую навіну ці штосьці запытаць, з ласкай зазірнуць у вочы, а ў зацішным, схаваным ад чужога вока месцы і прытуліцца, але во сёння не паказваецца…
Пазней, калі прынёс у хату абярэмак дроў, убачыў: Марысі няма дома. Раней, калі яна выходзіла ў вёску, быў спакойны, а вось цяпер — не, у сэрца нібы кальнула стрэмка.
— Заседзелася недзе ваша маладая… — быццам вінавата сказала маці, гадамі яшчэ не старая (ёй было соракпяць гадоў, ён, Сцяпан, яе старэйшы сын), але на выгляд зусім пажылая ўжо жанчына: знясільваючая праца, чацвёра дзяцей, смерць мужа ў раннім веку, блакада і прымусовы вываз на нямецкія землі паклалі свой цяжкі адбітак.