Читать «Ланцуг» онлайн - страница 3

Андрэй Федарэнка

— А дай і мне курнуць! — папрасіў Стэльмах і засмяяўся. — Дай, сёння я сабе дазваляю!

Вінярскі паморшчыўся — цыгарэты былі амерыканскія, дарагія, але дастаў з пляскатага пачка прыгожую цыгарэту з залатым абадком.

— На.

Яны былі на ты, Стэльмах так захацеў. Вінярскі чыркнуў запальнічкай, Стэльмах няўмела пацягнуў разы два і вінавата засмяяўся. З непрывычкі ў яго закружылася галава і, як чамусьці заўсёды апошнімі днямі, неяк ня-добра, сур’ёзна неяк зашчымела сэрца.

Накурыўся?

Жэня, — сказаў Іван Змітравіч, паціраючы сэрца, блізарука ўглядаючыся ў маладога ўрача, — я да цябе за гэты год прывык. Ты мне як родны сын.

— Рады за цябе.

«Зараз пачне спавядацца», — падумаў Вінярскі.

Але Іван Змітравіч памаўчаў, узяў са стоса верхнюю кніжачку, разгарнуў, адсунуў на даўжыню рукі, гучна, па складах прачытаў:

— О-те-кание ко-неч-ности! — і зноў ціха затросся ад смеху.

— Што ты хіхікаеш, як… малады казёл? — груба сказаў Вінярскі.

Іван Змітравіч ніколькі не пакрыўдзіўся. Ён устаў — быў даволі высокага росту, паварушыў плячыма, размінаючыся, ступіў да Вінярскага і прыабняў яго за плечы.

— Эх, Жэня… Здаецца, каб было не пяцьдзесят сем гадоў, а трохі больш за дваццаць, як табе, — сапраўды, выбег бы зараз на двор, пад гэты дождж, і скакаў бы, як малады казёл, па мокрай траве…

Вінярскага проста абдало рэзкім ранішнім мужчынскім пахам з рота; ён бесцырымонна скінуў са сваіх плячэй чужыя рукі, адышоў і сеў за свой стол.

— Ты мне як сын, — паўтараў Іван Змітравіч, нічога не заўважаючы. — Я паважаю цябе, я ж бачу, што ты ў дзесяць разоў разумнейшы за мяне. Я хачу табе штосьці расказаць…

У дзверы нясмела пастукалі, і прасунулася нечая галава.

— Ну, што там? Што? — рэзка крыкнуў Стэльмах. Галава знікла.

— Ты помніш маю Мілу? — спытаў Іван Змітравіч, зрабіўшыся зноў самім сабою — добрым і мяккім. — Помніш, вясной прыходзіла сюды, у кабінет, я вас знаёміў яшчэ?

Вінярскі паціснуў плячыма — мала хто сюды прыходзіць і мала з кім яго знаёмяць!

— Слухай, давай на абход збірацца, — сказаў ён, паказваючы, што і на гэты раз не збіраецца выслухоўваць ніякія споведзі.

— Які абход?! Толькі дзевяць гадзін!

— Значыць, у мяне гадзіннік спяшаецца, — спакойна схлусіў Вінярскі.

— Як жа ты не запомніў Мілу? А яшчэ малады хлопец… Такую дзяўчыну не запомніць! — з мяккім дакорам пачаў ушчуваць Стэльмах. Відаць, сёння ён цвёрда вырашыў выгаварыцца. — Красуня, разумніца, у гэтым годзе скончыла школу, з медалём… Гэта я пра старэйшую сваю, Мілу. Нядаўна пад стол бегала, не паспелі аглянуцца — ужо нявеста! I ведаеш, хто жаніх? Ніколі не ўгадаеш!