Читать «Тры жыцці княгіні Рагнеды» онлайн - страница 14

Кастусь Тарасаў

4

У горад перачакаць нашэсце шчыльна набіваўся народ. Князь разлічыў, што да падыходу Яраполка прыйдзецца трываць асаду не менш за месяц, і загадаў сабраць усю навакольную скаціну і харчы; усё гэта шпарка гналі і везлі ў Полацак, каб хоць крыху забяспечыцца да з'яўлення ноўгарадскага войска. І сапраўды, не прымусіла яно сябе чакаць, паведаўшы пра сваю блізкасць слупамі дымоў над вёскамі. Хутка, як гнаныя ветрам, гэтыя вынішчальныя дымы наблізіліся, потым узніклі на палях і дарогах вершнікі, а за імі - аддзелы пешых - і вось ужо атачылі горад тысячы чужакоў. І з дзесятак стругоў прыплылі па Дзвіне, увайшлі ў вусце Палаты і замкнулі кола. Звычна, без поспеху ўладкоўвалі палкі Ўладзіміра свой стан; будаваліся павеці, падалі ў лесе сухастоіны, хадзілі па полацкіх выпасах стрыножаныя коні, павіслі над вогнішчамі ёмістыя катлы, нешта ўжо і гатавалі, вясёлым шумком даляталі знаёмыя і незразумелыя словы - усё проста, будзённа, нават быццам з лагоднай увагай да палачанаў, якія сачылі пачатак асады з горадзен... Бліжэй да ночы вогнішчаў пабольшала; яркім сярпом абнялі яны Полацак, і барвовае зарыва асвятляла прыціхлы, насцярожаны горад. Ахвяраю на вялізным агні здаўся Рагнедзе ў гэтую ноч Полацак; білі ў неба злавесныя, крывавыя водбліскі, шугалі роем іскры і праглыналіся цемраддзю, як прарочы знак сканчэння жыццяў...

Ранкам, калі адспявалі полацкія пеўні, загулі рагі і дудкі ва Ўладзіміравым стане, ваярства атрэслася ад сну, апранулася ў даспехі, пастроілася няроўнымі шэрагамі і, падсцёбнутае нецярплівым княжым загадам, рушыла па роснай траве браць горад. Бліжэй да сцяны захопнікі перайшлі на бег, грымнуў баявы кліч, і зараз жа выпырхнулі са сцен стрэлы, прасвісталі сваю ліхую песню, і каму было суджана, паваліўся пад ногі сябрукоў... Але вось дабеглі, прыставілі драбіны, палезлі, паказаліся над гароднямі рагатыя шлемы варагаў, шышакі ноўгарадцаў, круглыя, плеценыя з вяровак шлемы чудзінаў - і застукалі сякеры і мячы палачанаў, адсякаючы рукі, крышачы чарапы... Пацягнуліся доўгія дні гэтага ўзаемнага нішчэння і забівання. Параненых разбіралі па хатах, хутка запоўнілася і княжая даміна; забітых зносілі на плошчу для развітання, начамі тут палала пахавальнае вогнішча. І ў стане Ўладзіміра дымілі такія ж вогнішчы і множыліся могілкавыя курганы. Часам збіралася над Полацкам навальніца, грымеў у небе Пярун, ліў дождж, абмываючы мерцвякоў перад спаленнем, і страшна было Рагнедзе глядзець, як б'юць па здзервянелых, скажоных тварах буйныя дажджавыя кроплі...

Напрыканцы трэцяга тыдня асады варагі здолелі ўзайсці на гародні, адбілі вароты, раскідалі завал - і азлобленае Ўладзімірава войска ўварвалася ў горад. Тут стала зразумела, за якую цану наняў ноўгарадскі князь варажскую дапамогу: атрымалі варагі ўсе полацкія двары; ашалела накінуліся на сваю здабычу. Захрабусцелі пад сякерамі касцякі безабароннага жыхарства, крычалі дзеці, вылі згвалчаныя дзеўкі. Нікому не давалі літасці; на тое была князя Ўладзіміра і дзядзькі яго Дабрыні згода - рэзаць і біць, пакуль не абрыдне. Але і ноўгарадцы імкнуліся не адстаць ад варагаў, а чудзіны і весь ад ноўгарадцаў. Разбурала горад пераможная рука з такой жорсткасцю і стараннем, нібы мела на мэце бясследна сцерці яго з берагоў Палаты...