Читать «Метамарфозы, цi Залаты асёл» онлайн - страница 97

Апулей

I вось у яго руцэ, у якой нiколi не было нават медзякоў, залатыя манеты.

20. Як зусiм сцямнела, павёў ён палымянага каханка з захутанай галавой у дом, а пасля i ў спальню гаспадынi.

I толькi пачалi яны аддаваць пашану нованароджанаму каханню, толькi раздзетыя дагала змагальнiкi распачалi сваю службу пад сцягам Венеры, як раптам, зусiм неспадзявана, выкарыстаўшы начны змрок, з'яўляецца муж. I вось ён ужо стукае, крычыць, кiдае каменне ў браму, а дзеля таго, што прамаруджванне пачынае здавацца яму падазроным, пагражае Мiрмексу жорсткай расправай. А той, смяртэльна перапалоханы, не мог нiчога iншага прыдумаць, як толькi тое, што старанна схаваў некуды ключ i цяпер упоцемку не можа знайсцi.

Тым часам Фiлезiтар, пачуўшы гоман, накiнуў паспешлiва тунiку i, забыўшыся з перапуду абуцца, босы выскачыў са спальнi. Нарэшце Мiрмекс устаўляе ключ у адтулiну, адчыняе браму i ўпускае раз'юшанага гаспадара. Той адразу кiдаецца ў спальню, а ў гэты момант Мiрмекс цiхенька выпускае Фiлезiтара. Адчуўшы сябе пасля таго, як юнак пераступiў парог, беспячнейшым, ён замкнуў дзверы i зноў лёг спаць.

21. Ледзь толькi стала свiтаць, Барбар выходзiць са свайго пакоя i бачыць пад ложкам чужыя сандалi, тыя, у якiх прыходзiў Фiлезiтар. Здагадваючыся, якiм спосабам яны тут апынулiся, ён, нiкому нiчога не кажучы, узяў гэтыя сандалi i схаваў сабе за пазуху. А сваiм нявольнiкам загадаў звязаць Мiрмекса i вывесцi на гарадскую плошчу. Сам таксама падаўся туды, штохвiлiны стрымлiваючы выбухi злосцi, якiя вырывалiся з ягоных грудзей. Ён быў упэўнены, што па гэтых сандалях зможа трапiць на след жончынага любоўнiка.

Iдуць яны па вулiцы — гнеўны, з перакошаным ад злосцi тварам Барбар, а за iм звязаны Мiрмекс, якi хоць не быў злоўлены на яўнай здрадзе, аднак мучыўся дакорамi сумлення. Плача ён горкiмi слязьмi i дарма стараецца ўлiтасцiвiць гаспадара.

На шчасце, спатыкаюць яны Фiлезiтара, якi iшоў па сваiх справах. Усхваляваны, але не напалоханы нечаканым вiдовiшчам, успомнiў ён, якую зрабiў у паспешлiвасцi памылку, адразу зразумеў, якiя могуць быць з гэтага вынiкi, дык, не трацячы адвагi, распiхаў нявольнiкаў i з крыкам накiдваецца на Мiрмекса, б'е яго кулакамi па твары (але не вельмi балюча) i прыгаворвае: "Ах ты нягоднiк, ах ты зладзюга! Няхай цябе твой гаспадар i ўсе нябесныя багi, якiх ты абражаеш iлжывымi клятвамi, загубяць цябе, падлюгу, подлай смерцю! Гэта ты ўчора ў лазнi ўкраў мае сандалi! Клянуся Геркулесам, што ты заслужыў, каб на табе згнiлi гэтыя вяроўкi i ты сам каб не бачыў у цямнiцы свету!"