Читать «Эскімосік Кіш» онлайн - страница 2

Джэк Лондан

— Выслухайце мяне, усе вы! — крыкнуў ён. — Я ніколі больш ня буду гаварыць на сходзе датуль, пакуль людзі ня прыдуць да мяне і ня скажуць: «Добра будзе, Кіш, калі ты скажаш слова. Гавары, бо мы гэта хочам». Выслухайце-ж цяпер маё апошняе слова. Бок, бацька мой, быў вялікім паляўнічым. Я, сын яго, таксама пайду на паляваньне, каб здабываць сабе мяса. I ведайце ўсе вы, што здабыча мая будзе падзелена справядліва. І ніводнай удаве, ніводнаму слабаму ці хвораму ня прыдзецца паміраць ад голаду ў той час, як дужыя мужчыны будуць стагнаць ад болю ў жываце, таму што аб’еліся мясам… Прыдуць дні, калі сорамна будзе тым дужым, хто есьць вельмі многа. Я, Кіш, сказаў гэта.

Калі ён вышаў з хаты, услед за ім пасыпаліся пагардныя, насьмешлівыя крыкі, але ён моцна сьціснуў зубы і пашоў сваёй дарогай, не азіраючыся ні направа, ні налева.

На другі дзень ён пашоў уздоўж берагу, — туды, дзе зыходзіцца лёд з зямлёю. Тыя, хто бачыў яго, заўважылі, што ён нёс свой лук з вялікім запасам стрэл і што за плячыма ў яго была вялікая бацькаўская піга.

Гэта сталася прычынай сьмеху ў людзей і гаворкі, бо ніколі нічога падобнага не здаралася. Ніколі яшчэ хлапчук у такія гады не хадзіў на паляваньне, ды яшчэ адзін. Эскімосы маталі галовамі, робячы розныя здагадкі; кабеты з жалем пазіралі на матку Кіша, Айкігу, твар якой быў сур’ёзны і сумны.

— Ён скора вернецца, — казалі яны, каб супакоіць яе.

— Няхай ён сабе ідзе на паляваньне — гэта будзе для яго добрай навукай, — казалі паляўнічыя. — Ён зараз вернецца і стане спакойным, і гаворка яго будзе мяккаю да сьмерці яго.

Таемнасьць Кіша

Мінуў дзень, мінуў другі; на трэці наляцела страшная навальніца, а Кіш усё ня прыходзіў. Айкіга рвала на сабе валасы і вымазала свой твар нагарам ад цюленевай тлустасьці ў адзнаку жалобы. Жанчыны ўпікалі мужчынам за тое, што яны пакрыўдзілі малога і сталі прычынай яго сьмерці. Мужчыны нічога не адказвалі і зьбіраліся ісьці шукаць цела Кіша, як толькі сунімецца навальніца.

На наступны дзень, раніцай, Кіш прышоў у вёску. На плячох ён нёс цяжкі кавалак мядзьведзіны. У яго хадзе і ва ўсёй постаці адчувалася паважнасьць, гаворка яго была сталай і сур’ёзнай.

— Возьмеце сабак і сані і ідзеце па маіх сьлядох, — сказаў ён. — Там, на лёдзе, шмат мяса— зэ. біта мядзьведзіца і двое вялікіх мядзьведзяў.

Айкіга, матка, была вельмі рада, але Кіш, як сталы мужчына, сказаў толькі:

— Хадзем, Айкіга, будзем есьці. А потым я лягу спаць, бо я вельмі змарыўся.

І ён увайшоў у інгу і ўсмак пад’еў, а потым спаў аж цэлых дваццаць гадзін.

Такому здарэньню спачатку ніхто ня верыў. Паляваць на белага мядзьведзя вельмі цяжка і страшна, а забіць мядзьведзіцу з дзецьмі—гэта ўжо штосьці нячуванае для Кіша. Людзям ніяк не хацелася паверыць, што хлапчук Кіш, ды яшчэ адзін, без усялякай дапамогі, забіў такую мядзьведзіцу.

Нарэшце, паляўнічыя рушылі ў дарогу, мармычучы, што ён, напэўна, не расьсек тушы забітых мядзьведзяй. На далёкай поўначы гэта звычайна робіцца ўсьлед-жа, як толькі забіваюць зьвера, бо мяса зьмярзаецца і потым ніякімі нажамі яго не парэжаш, а ўзваліць на сані і цягнуць па лёдзе мёрзлую мядзьведжую тушу, вагою пудоў на восемдзесят, таксама нялёгкая справа.