Читать «Зямны акіян» онлайн - страница 4

Гіём Апалінэр

Тыбецкая шэрсць і руно залатое Язону скруцілі жыццё маладое. I ўсё гэта золата я не зраўняю З касою дзяўчыны, якую кахаю.

КОТКА

Я дому свайму пажадаць гатоў Разважную жонку — без лішніх слоў, Котку, што ціха на кніжках ляжыць, На ўсе поры года — адданых сяброў, Бо не магу без сяброў я жыць.

ЛЕЎ

Няшчаснае стварэнне, леў! Як каралі, ты змізарнеў. I сёння толькі ў Гамбургу, здаецца, Ты раскашэльваешся ў клетцы.

ЗАЯЦ

Не будзь, як эаяц той, юрлівы, Ці палюбоўнік палахлівы. Хай мозг працуе з сэрцам згодны I, як зайчыха, будзе плодны.

ТРУСІК

Я з ім пазнаёміўся ўчора I ўзяў бы, жывога, з ахвотай, Але ён жыве ля чабору У даліне Краіны Пяшчоты.

ВЯРБЛЮД

Сваіх вярблюдаў чатырох Наўючыўшы, дзівак дон Педра Аб’ехаў свет і ў суш не спетраў. I я б, дальбог, такое змог, Каб меў вярблюдаў чатырох.

МЫШ

Вы — мышы часу, дні мае прыгожыя, Згрызаеце жыццё — і дзе ўсё дзелася… Пражыў я дваццаць восем год, о божа мой! На жаль, не так пражыў, як бы хацелася.

СЛОН

Мой скарб — маё слова. Калі захачу, Яно ў мяне — бівень слана з Малаі. За тленны пурпур славы плачу Мелодыяй слова — цана не малая!

ВУСЕНЬ

Праца — і багацце, і Парнас. Дык працуйце ж, бедныя паэты! Вусень тчэ і стане ў пэўны час Матыльком — шыкоўным франтам лета.

МУХА

Нашы мухі песенькам паўночным Навучыліся ў нарвежскіх шхерах I зюэюкаць дзень і ноч ахвочы Аб прынцэсах снежных і хімерах.

БЛЫХА

Блохі, сябры, як і ўсе палюбоўніцы, Кроў нашу п’юць прагавіта, напоўніцу. Ты не адолеў кахання спакусу — Будзь жа гатовы да свербу і ўкусу.

КОНІК

Чуеце? Стракоча звонкі конік, Кліча на абед святога Жана. Хай мая паэзія ўжо сёння Будзе пірам для людзей жаданым!

ДЭЛЬФІН

Дэльфін гуляе ў цёплым моры, Ды хвалі горкія, як гора. Ці мне ўсміхнецца шчасце новае? Ды не! Жыццё пакуль суровае!

МЕДУЗА

Медузы, вы — няшчасныя галовы З шавялюрамі ліловымі! Вам падабаюцца штормы-буры, І я ў захапленні ад вашай натуры.

РАК

Без радасці жыццё, без асалоды, Няўпэўненасць ва ўсім — хто ж будзе рад? Як ракі-небаракі, мы заўсёды Усё ў пяту, усё — назад, назад.

КАРП

У брудпых сажалках між асакі Вы размнажаецеся два вякі — Ідылія балотная, буколіка… О, здыхата б на вас, на меланхолікаў!

ГОЛУБ

Голуб, ты мудрым каханнем вядомы, Зачацце даў Хрысту самому. I я закаханы ў Марыю адну, Дапамажы мне жаніцца,                                     ану!