Читать «Пагарэльцы» онлайн
Андрэй Макаёнак
Андрэй Макаёнак
Пагарэльцы
Пралог i эпілог адной прыватнай трагікамічнай гісторыі
Дзеючыя асобы
Ухватаў Хведар Паўлавіч.
Рая — яго жонка.
Бусько Антон Сцяпанавіч.
Клёпкін Сілан Данілавіч.
Кудасаў.
Гарык.
Стэла.
Наталля Мікалаеўна.
Алёша. Потым ён — Аляксей Аляксеевіч.
Гледачы з дачуццём гумару — па 77 чалавек на кожнага адмоўнага персанажа ў спектаклі.
Ад аўтара
Кожны з нас па свайму разуменпю і добрай волі можа прышпіліць да якой-небудзь жыцейскай былі народную мудрасць: што пасееш, тое і пажнеш. Альбо: як аукнецца, так і адгукнецца. Альбо: не ў свае сані не садзіся. Альбо: не ўсё кату масленіца, бывае і вялікі пост.
А калі задумацца, які сюжэт, якая жыцейская гісторыя лягла ў аснову кожнай з гэтых прыказак?
Ёсць над чым паразмышляць… Чаму ўсё-ткі народ так часта звяртаецца па сутнасці да адной і той жа думкі? Пэўна, і ў жыцці часта страчаецца такое, пра што сказала ў прыказках.
Людскі маральны вопыт марна не прападае. Ён, канечне, у генах не перадаецца ў спадчыну, а жыве ў традыцыях, у звычаях, у расказах бывалых людзей пра былі і пебыліцы. Часта ў казках. Часта ў былінах. А бывае, і ў пратаколах, што ў архівах захаваліся. Калі іх мышы не з'елі. Яны часценька абгрызаюць гісторыю…
Вось і ў мяне чамусьці ўсплыла ў памяці даўняя прыватная гісторыя-быль — смешная, забаўная і адначасова сумная і нават жаласная. I мне падумалася, што яна можа быць і павучальнай, нягледзячы на тое, што здарылася ўсё гэта даўным-даўно. Як кажуць: было, было, дый быллём зарасло. Магчыма, толькі некаторыя дзядулькі ды бабулькі і прыгадаюць тую быль.
А соль той прыгоды вось у чым. Той, хто папіхаў слабога, дагаджаў дужаму, падлізваўся, хлусіў, крывадушнічаў, выгадваў, пагарджаючы інтарэсамі другіх дзеля ўласнай сытасці, каго адольвала фанабэрыя і славалюбства, той сам сабе праграміраваў няўхільную кару — ганьбу і ўніжэнне пад канец жыцця альбо брыдкую памяць пасля смерці. Сорам і боязь падняць вочы — вось што выпадзе на долю ўнуку за брыдкія справы свайго продка. I горка яму будзе ад бяссілля пазбавіцца такой славы і памяці.
Гісторыя гэта пачалася ў той год, калі на наш горад звалілася бяда, няшчасце, стыхія — землетрасенне. Для нас гэта было вялікае і нечаканае гора.
У другіх краінах такое паўтараецца і, кажуць, з яшчэ горшымі вынікамі. Але для нас тады гэта стыхія была жахлівай.
Усю гісторыю расказваць, хутчэй за ўсё, не варта. А вось — з чаго пачалося і чым кончылася — раскажу. Як аукнулася? I як адгукнулася?
У народных прыказках — у трох словах — сказана багата. I дагадлівы разумее — што і да чаго. «Гром не грымне, мужык не перахрысціцца».
Пралог