Читать «Сэрца на далоні» онлайн - страница 2

Іван Шамякін

Галіна Адамаўна сказала:

— Наташа, цябе клічуць.

Дзяўчынка не адгукнулася.

— Наташка!

— Га!

— Схадзіце з Ірай на луг і нарвіце шчаўя.

— О божа! — цяжка ўздыхнула малая. — Што за жыццё на гэтай дачы! Старонкі не дадуць прачытаць чалавеку.

Жанчыны засмяяліся.

— Наталка! — гукнуў Яраш. — Не бурчы, свякруха. Каціся абаранкам на луг. Цябе галубы баяцца.

— Жыцця няма ад вашых галубоў. — Наташа перакінула ногі цераз падаконнік і знікла ў пакоі, Віктар паведаміў між тым:

— Ляцяць!

— Дзе?! Дзе? — затупаў па даху Яраш, ажно задрыжаў увесь дом, выхапіў у сына бінокль, радасна загудзеў: — Ага, ляцяць! Вяртаюцца. А што я вам казаў? Малаверы! — папракаў ён немаведама каго, бо ніхто нічога не казаў, калі не лічыць кароткай Ірынай заўвагі.

Чарада галубоў пранеслася над соснамі, нізка абляцела вакол дома, памкнулася на вышкі, дзе была галубятня, і, спуджаная Ярашавым свістам, зноў узвілася ўгару.

Галіна Адамаўна, па-дзявочы стройная, млява пацягнулася, закінуўшы голыя рукі за галаву.

— А хораша тут. Я даўно так не адпачывала.

— Хораша, калі гасцей няма. Кожны дзень госці. Абрыдла. Кірыла бясконца каго-небудзь запрашае. Яму сумна без гасцей. А мне гатуй ды талеркі мый цэлы дзень. Антон! — гукнула Валянціна Андрэеўна Яраша. — Рыбу лавіць пойдзем?

У Галіны зноў загарэліся шчокі. Яна баялася гэтых паходаў мужа і суседкі з вудамі да ракі, дзе густыя лугавыя зараснікі, хоць яны яшчэ ніколі не заставаліся там адзін на адзін, з імі заўсёды ішлі або Віця, або Наташа, або Іра, ці часцей усе трое. Сама яна знарок не хадзіла, каб не падумалі, што не давярае ці пільнуе. Не, ёй вельмі і шчыра хацелася быць такой, як муж, — ён ва ўсім верыць ёй, як Шыковіч, абыякавы да таго, куды і з кім ідзе яго жонка, як Валянціна. Хочацца… Але яна не можа. Яна пакутуе. І, магчыма, не столькі ад самой рэўнасці, колькі ад сораму за яе і за сябе, што яна вось такая — не як другія. Але каб ён быў не такі, яе Антон. Можа, тысячны раз яна палюбавалася яго асілкавай постаццю, што ўся імкнецца ў неба за галубамі, яго дужымі голымі рукамі, шырокім і мужным тварам, валасамі каштанавага колеру… Яна не ведае больш прыгожых валасоў. Дурні тыя, хто кажа, што доктар Яраш трохі рудаваты. Каб яны прыгледзеліся бліжэй, каб маглі пагладзіць гэтыя мяккія валасы, пачуць, як яны пахнуць, прытуліць гэтую разумную галаву да грудзей… Вось так… Яна мысленна абняла мужа. І тут жа адчула пякучы боль ад думкі, што калі-небудзь другая, чужая жанчына абнімала яго. Закружылася галава. Як праз сон да яе даляталі словы суседкі:

— Раніцай пытаю: «Прызнайся, Кірыла, каго на сёння запрасіў?» — «Нікога», — кажа. А па вачах бачу, што маніць. Уцяку на луг на цэлы дзень. Няхай сам частуе… Што з табой, Галя? Ты нездарова?

— Не. Нічога. — Галіна Адамаўна бадзёра падхапілася і засмяялася, але смех гэты гучаў дзіўна.

Яраш адарваўся ад галубоў, глянуў уніз на жонку.

— Галка! Што здарылася?

— Нічога. Вунь хто падбіраецца да вашых галубоў, — яна паказала ў неба над лугам.

Там, у вышыні, павольна кружыў коршак.

— Віця! Пакараць агрэсара. Збіць, як Паўэрса.