Читать «Муштук і папка» онлайн - страница 5
Янка Брыль
Апошні раз — хто ж калі ведае, што апошні? — я гасцяваў у іх вялікім, раскіданым па ўзгорках ды ярах, цёпла і сумна з маленства знаёмым Палужжы ўлетку семдзесят другога. Пасядзелі на сонейку, ужо не на траве, а на табурэтках над травою, пагаманілі сяк-так. Пастарэлы, атаўсцелы гараджанін і забітая нягодамі, зусім нямоглая вясковая бабуля. Адно запомнілася найлепш — як яна махнула высахлай ад старасці рукой і сказала з нейчай, пачутай, а то і са сваёй ужо, самой зразумелай філасофіяй згоды:
— Ат, ці кошык бульбы больш з'ясі, ці кошык менш — усё адно!..
Я не ведаў і ведаць не мог, што гэта ў нас была апошняя сустрэча, але зноў жа як быццам штосьці прадчуваў, бо развіталіся мы не так сабе, а нібы надоўга — урачыста неяк, абняўшыся. А потым, вярнуўшыся з падарожжа па Енісеі, пачуўшы, што Ганны няма, я быў за тое наша развітанне ўпотай, спакойна рады, як за нейкі незвычайны абавязак, належна выкананы абрад — нібы апошняя споведзь ды прычасць.
«Рамачкі» больш не было — я заставаўся адзін з усёй бацькоўскай сям'і.
Абедзве сястры, Ганна і на два гады маладзейшая Віліта (Уліта ці Іуліта па святцах), пайшлі векам па маме: абедзве памерлі таксама добра на восьмым дзесятку, адна «ад старасці», другая ад раку. Браты ніводзін не дацягнулі да шасцідзесяці. Ігнат памёр ад лейкеміі, Мікалай ад інсульту, абодва на шасцідзесятым годзе. Міхаіл — на пяцьдзесят другім, раптоўна і «лёгка», ад сэрца. Ну, а Ўладзімір, найстарэйшы з нас, братоў, пайшоў з жыцця ў найстрашнейшых пакутах, у трыццаць дзевяць — ад Сталіна.
Усё жыццё мяне не пакідала адчуванне, што вось я найменшы ў сям'і. Ці прывычка, ці, можа, такая ўжо рыса характару — нейкая дзіцячасць назаўсёды?..
Так думалася да муштука.
Але загрымеў той званок — і я другім пасля Ганнінай смерці наваратам адчуў тую «рамачку», ужо толькі паміж братамі, яшчэ раз, ужо назаўсёды журботна ўсвядоміў, што я — адзін з усіх, што я за ўсіх братоў старэйшы… Бо што такое шэсцьдзесят, пяцьдзесят, а тым больш Валодзевы трыццаць дзевяць перад маімі семдзесят трыма? Ужо мне тужыцца, смуткуецца, бядуецца па ім — як наймалодшым сярод нас…
НАД ПАЛАВІНАЙ ЗДЫМКА
Яшчэ адно, пасля сагі, высокае слова — архіў. У мяне ён за паўстагоддзя сабраўся, можна сказаць, немалы: антрэсолі забіты папкамі, поўна і ў тумбах стала. А дома ў нас, у Загоры, перад вайной была на гарышчы вялікая карзіна, з кнігамі прывезеная з Адэсы. У тую карзіну «за польскім часам» клаліся і пісьмы ад замежных братоў, замежнага дзядзькі, замежных братавухаў, калі яны засталіся адны, толькі з малымі дзецьмі. У партызаны мы пайшлі сям'ёй, схапіўшы толькі неабходнае, дый то далёка не ўсё. Праўда, свае рукапісы я загадзя закапаў у дубовай бачулцы, таксама адэскай, у суседняй вёсцы, у гумне дваюраднага брата. Толькі гэта і ацалела, бо ад карзіны на гарышчы не засталося і следу.
У канцы сорак дзевятага года, пад націскам падазрэнняў ды паклёпаў вакол маіх уцёкаў з палону і «сацыяльнага паходжання», спалохаўшыся горшага, мы з Мішам пераглядзелі тое, што ў акупацыю закопвалася. Сёе-тое яшчэ давялося спаліць, каб «у выпадку чаго лішне не ўскладняць біяграфію». Маю, вядома. Я ўжо не раз пашкадаваў, што мы тады так зрабілі. На добры лад, можна было зноў схаваць гэта недзе да лепшага часу. Ды хто ж яго так ужо спадзяваўся? А ў страха вочы заўсёды вялікія.