Читать «Кошка i мышка» онлайн - страница 2
Васіль Быкаў
Яна верыла ў дабрыню, тым болей ад такой ладнай маладой кошкi, якой яна не зрабiла нiчога кепскага. Нават не раззлавалася на яе. Мышка разумела, што ўвогуле кошкi — ворагi мышак, але ж, мусiць, i кошкi бываюць розныя: злыя i добрыя. Таксама, як i мышы. Яна во, напрыклад, зусiм добрая мышка, нiкому нiякага зла не ўчынiла. Не пакрыўдзiла нiводнае кошкi. Навошта ж кошцы забiваць яе? Каб папалуднаваць? Але ж тое можна зрабiць зь якой iншай мышкай, не абавязкова зь ёю.
Кошка ўсё азiралася па бакох, нiбы чакаючы чаго, а мышка нерухома ляжала ў доле i разважала. Разважала пра справядлiвасьць. Усё ж несправядлiва ўладкаваны сьвет, калi адныя iстоты дужыя i нахабныя, а iншыя слабыя i палахлiвыя. Слабым i палахлiвым жывецца кепска, i мусiць, таму яны дбаюць пра справядлiвасьць, дабрыню i спагаду. Ды дужыя не зважаюць на тое. А i праўда, нашто дужым спагада? Дужым патрэбна яшчэ болей сiлы, бо сiлу сiла дае. А што во рабiць беднай мышцы, у якой цi не зусiм перакушаны карак?
Але ж кошка зусiм ня страшная, нават прыгожая — i пыска, i вусiкi, хаця навошта яна аблiзваецца? Што тое значыць?
I раптам кошка страпянулася, зыркнула касымi вочкамi ў бок недалёкага ганку. Мышка сьцялася ўсiм сваiм маленькiм цельцам — на ганку, пагрозьлiва выгнуўшы хвост, стаяў страшны мардаты кот; мабыць, ён ужо згледзеў наводдаль кошку зь небаракай-мышкай. Кошка, пэўна ж, спалохаўшыся, дужа хапнула зубамi мышку i кiнулася пад лапухi.
Там яна разам прыкончыла бедную мышку, апошняй думкай якой было: добра, што яны ўратавалiся ад ката.
Мышка да канца заставалася аптымiсткай.