Читать «Лабух» онлайн - страница 6
Уладзімір Някляеў
— Ну-у, раскажы, як ты нявіннасць страціў... Раскажы, не сонься... Ну-у, не спі, я не буду фейнічаць...
Гэта яна пра фею, з якой я нявіннасць страціў...
І што ў Лі-Лі за бзік — я ўжо колькі разоў расказваў! Першы раз расказваць не трэба было.
Пры беразе каля піянерскага лагера стаяла ў рацэ выгарадка з металічнай сеткі, каб піянеры з піянеркамі, купаючыся, не павыплывалі на рачную быстрыню і не патапіліся. Лагернае начальства больш за ўсё баялася страціць пагалоўе, бо ў тым залатым піянерскім часе за страту піянера, хай сабе нават самага засранага, любому начальству галовы адрывалі і сабакам кідалі. Гэта ўжо зараз, цяпер, у постпіянерскай прасторы так павялося, што піянеры знікаюць масава, а начальству хоць бы хрэн.
Па беразе кульгаў прыгорблены Максім Герасімавіч Блонак, папросту Блонька, старшы лагерны важаты і баяніст, які злосна зыркаў на кожнага, хто набліжаўся да сеткі, і адразу кідаўся ў пагрозлівы крык:
— Я табе падплыву! Я табе паднырну! Я табе яйцы адарву, байструк!
Яйцы ён гразіў адарваць і піянерам, і піянеркам — хто іх там у вадзе разбярэ.
У адрозненне ад усяго астатняга лагернага начальства, якое сярдавала на піянерак з піянеркамі праз магчымую і зусім верагодную бяду, злавала з-за страху застацца без галавы, кінутай сабакам, Блонька злаваў з-за нянавісці. Ён зусім не хацеў захаваць піянерскае пагалоўе, ненавідзеў нас і насампраўдзе жадаў толькі таго, каб мы ўсе паднырнулі пад сетку, павыплывалі на быстрыню, патапіліся, і каб рака знесла нас у далёкае Балтыйскае мора. І тады б ён сказаў начальству: “Глядзі, як ціха і як чыста!..”
Глядзі, як ціха і як чыста, — пачатак песні, якую Блонька сам прыдумаў, сам, як ён казаў, трохі падзаікаючыся, са-склаў — і штодня змушаў нас спяваць:
Чуваць маскоўскі бой курантаў,
І горны ўскінулі гарністы,
Дванаццаць юных музыкантаў!
З якім жа слыхам нарадзіцца трэба было, каб праз восемсот восемдзесят пяць кіламетраў — мы па карце вылічылі — бой курантаў маскоўскіх пачуць...
Праз гэту песню, у якой дванаццаць юных музыкантаў перайначваліся намі роўна ў столькі ж юных мастурбантаў, праз баян ды музыку, а не з-за таго, што быў ён кульгавы, прыгорблены ды падзаікасты, Блоньку і кахалі студэнткі-піянерважатыя. З адной з іх, Святланай Мікалаеўнай, мы Блоньку высычылі, падлавілі і сфатаграфавалі са спушчанымі штанамі ў лесе за мурашнікамі. Святлана Мікалаеўна, ухапіўшыся за пахіленую сасонку, стаяла нагнуўшыся, і на фотакартцы ўсю яе было не распазнаць, але Блонька, які прыстроіўся да яе голага, з задранай спадніцай, азадку, праз горб свой і сухотную нагу разпазнаваўся ўвесь. Мы падкінулі фотакартку ў футарал баяна — і назаўтра з вачэй Блонькі ляцелі маланкі, а з роту рваліся, падзаікаючыся, грамы.
Зразумела, што мы — гэта не ўсе піянеры з піянеркамі, колькі нас было ў лагеры, але Блонька не ведаў, хто канкрэтна распазнаў яго пры аголеным азадку Святланы Мікалаеўны, і таму ненавідзеў кожнага і ўсіх. Аднак найперш ён — і справядліва — падазраваў і ненавідзеў мяне, бо адзіны фотаапарат, які меўся ў піянераў з піянеркамі, быў маім.