Читать «У тумане» онлайн - страница 8

Васіль Быкаў

— Дзядзя, а ў цябе наган ёсць? — спытаў ён, зноў прыхінаючыся да яго калень.

— Не, які наган? — сказаў Бураў.

— А во што гэта? — кароценькім пальчыкам ён паказаў на яго кабуру.

— Гэта так. Сумачка.

— А нашто сумачка? — дапытваўся Грыша, смокчучы свой кароценькі пальчык. Неяк неўпрыкмет ён абняў калені Бурава і ўжо ласкава, як кацяня, цёрся аб іх. Сушчэня тым часам сядзеў насупраць і не адганяў сына — ён паглыбіўся ў свае, мабыць, невясёлыя перажыванні. У той час у сенцах грукнулі дзверы, і ў хату не адразу, неяк запаволена, бы з ношай, увайшла жанчына з вядром, у цёплай, ваўнянай хустцы на галаве. Згледзеўшы чужога на лаве, відаць было, боязна насцярожылася, але тут жа яе ўвагу адабрала малое, якое ўжо спрабавала ўзлезці Бураву на калені.

— Грыша!

— А ў дзядзі наган ёсць. У сумачцы, — жвава паведаміў хлопчык.

На твары ў гаспадыні штось здрыганулася, як здрыганулася і ў душы Бурава, які адразу пазнаў у гэтай жанчыне Анэлю Крукоўскую, з якой некалі тры гады вучыўся ў тутэйшай школе.

Відаць, яна пазнала яго таксама.

— Здраствуйце.

— Здраствуй, Анэля, — збянтэжана сказаў Бураў. Ён не ведаў, што тая дзяўчына стала жонкаю Сушчэні, гадоў восем ён з ёй не бачыўся і нават нікога не папытаўся аб ёй, і гэтая сустрэча сталася для яго зусім нечаканай. Але цяпер ён намогся, робячы выгляд, што паяўленне Анэлі зусім не навіна для яго, што ён усё даўно ведае. Далей, аднак, размова ў іх не пайшла, абаім штось замінала. Бураў дык ведаў, канешне, што, але, мабыць, здагадвалася і Анэля. Напэўна, адчувала. Тым не менш яна ўвачавідкі перасіліла сябе і нерашуча прапанавала:

— Трэба ж пачаставаць вас. Галодныя ж, мабыць?..

— Няма часу, Анэля, — сказаў Бураў і тут жа зазлаваў на сябе: есці, канешне, дужа хацелася. Таксама хацелася пасядзець, пагрэцца ў хатнім цяпле, пагутарыць з ветлівай, ніштаватай з твару жанчынай, якая некалі нават падабалася яму, хоць і была гады на два старэйшая за яго. Дужа карцела Бураву адагрэць азяблае за дарогу цела ці, можа, надалей адсунуць тое, дзеля чаго ён прыехаў сюды і чаму міжвольна супраціўлялася ўся яго істота. Але як было расслабляцца, як было забыцца аб тым хоць на хвіліну? Ён і так сядзеў, бы на вуголлі: недзе на дрывотні яго чакаў Войцік і, можа, па вуліцы ўжо брылі сюды паліцаі.

— Завесь акно, — ціха гукнула Анэля да мужа, а сама кінулася ў пасуднік, затым да печы, забразгала засланкай. Сушчэня таропка завесіў акно паласатай радзюжкай, што вісела побач на цвіку, а Бураў, падумаўшы, сцягнуў з нагі мокры бот.

— Во, можа, у вас якая анучына знойдзецца? Пераабуцца.

— Ануча? Зараз.

— Анэля шаснула ў запечак, чуваць было, нешта разадрала там і хутка вынесла яму дзве мяккія і нават цёплыя анучыны. Дровы ў грубцы сталі добра ўгарацца, скрозь па падлозе заскакалі барвовыя водбліскі, асвятлілі чырвоным і без таго счырванелую ад сцюжы ступню Бурава.

— А як жа мама твая? Ці жывая? — запыталася Анэля ад печы.