Читать «Ваўчыная яма» онлайн - страница 2

Васіль Быкаў

Сыраватыя алешнікавыя мясьціны ўвогуле ён не любіў, і за час свайго лесавога блуканьня звычайна абмінаў іх. Нашмат весялей было брысьці борам, дзе стромкія хвоі зачароўвалі сваім выгоністым хараством, асабліва ў ціхманы сонечны надвячорак, калі іхныя вершаліны ўрачыста зьзялі ў золаце нізкіх промняў. А на ўзьлеску ці дзе на прагаліне часам трапляла якая старая сукаватая хваіна з такім крывулякам-суччом, што па-хлапечы карцела ўзьлезьці на яе і не зьлязаць да ночы. Першы раз салдат трапіў у вялікі хваёвы лес на выезьдзе, у час манэўраў, як толькі прыехаў з «вучэбкі» ў полк. Аўтамабілі сувязі тады паставілі пад хваёвыя шаты, не спатрэбілася й нацягваць сеткі. Салдат працаваў на радыёстанцыі і праз расчыненыя дзьверы тры дні й начы дыхаў смалістым водарам бору і слухаў сьпевы птушак. Шкада, вучэньні неўзабаве скончыліся, а затым усчалося такое, пра што ня хочацца і ўспамінаць. Ды й забыць немагчыма.

Алешнік над рэчкай ваўсю зелянеў сакоўнай лістотай, мусіць, вільгаці тут хапала. У доле праз ссохлы быльнёг прабіваліся галінастыя калівы крапівы, настырчыліся сухія дубцы маліньніку. У ім выразна прыкмячалася закінутая ад леташняга сьцежка. Ну вядома, сьцежка кіравала па беразе, уздоўж рэчкі, якая круцілася побач. Салдат засьцярожліва пайшоў па ёй, асабліва ня дбаючы, куды, — сьцежкай заўсёды карцела некуды ісьці. І тады яго чуйны на пахі нюх злавіў у паветры гаркаваты пах дыму. Салдат спыніўся. Ну пэўна, то быў дым ад лесавога вогнішча — дзесь гарэў касьцярок. А можа, тое неслася з поля, на момант усумніўся салдат. Але не, поле ўсё ж было далекавата адсюль, за балотам, вёскі там ці ня ўсе ўжо папалілі-панішчылі. Гэта ж поруч з зонай. Ці, можа, таксама ў зоне — не зразумець. Казалі, на мяжы з зонай нядаўна яшчэ быў дрот на кольлі, але дрот у шмат якіх месцах зьнялі, парэзалі — на продаж ці што? Міліцыя часам патыкаецца сюды на сваіх «Уазах», але ў міліцыі бракуе бэнзыну, а галоўнае — каму хочацца лішні раз лезьці ў атамнае пекла? Не хацелася лезьці й салдату, але во мусіў. Калі яго ў хлеўчуку на хутары ледзьве не апарола міліцыя, ён болей рызыкаваць ня стаў. Ды й гаспадар, самасёл-хутаранец сказаў: трэба табе ісьці адсюль, хлопец. Што ж, ён разумеў і не хацеў ліха ні сабе, ні старому, якому падзякаваў за тое, што той прытуліў на тыдзень у сьцюжу. І ён пайшоў, куды глядзелі вочы. Вочы і прывялі яго ў зону.

Праўда, магло так стацца, што ён сам пакараў сябе нават болей строга, чым гэта зрабіў бы вайсковы трыбунал. Усё ж зона — ня рай, калі адсюль усіх выселілі, калі сюды баіцца патыкацца міліцыя, калі ў газэтах не перастаюць пісаць пра цэзій ды стронцый, якімі засыпана навакольле. Увесь сьвет устрывожаны. Захад гоніць гуманітарную дапамогу, лякарствы, вывозіць дзяцей на аздараўленьне. Дык то з бліжніх да зоны паселішчаў і вёсак, а ён во ўлез у самае пекла. Праўда, і ён напачатку баяўся, думаў, захварэе. Але за паўтара месяцы нічога кепскага ў сабе не заўважыў, нават не прастудзіўся ні разу, пачуваўся быццам нармальна. Калі б толькі было што есьці. Ды й стары хутаранец Карп, які з хутара нікуды не патыкаўся, за ўсе гады пасьля аварыі пачуваўся, казаў, можа лепей за каго з маладых. Бо ня піў — гэта галоўнае. А гарэлка, яна горш за радыяцыю для здароўя і без пары губіць мужчынаў. Харчу ж у хутаранца хапала — была карова, сьвінчо, дзясятак курэй ды сабачка Кудлацік, — і ўсе жывыя, здаровыя. Карп сваім прыкладам здорава абнадзеіў салдата, асабліва як сказаў, што і па суседзтву, за шашой таксама нехта жыве (чутно, як брэша сабака), ды й за балотам у былой вёсцы таксама паявіліся самасёлы, — жывуць без электрычнасьці, крамы і ўлады. Што без улады — дужа спадабалася салдату, як Карпу — што без калгасаў. Ніхто, мабыць, ім не дакучае — не памагае, але й не замінае, гаспадар, як хочаш. Во, дажыліся мужыкі, век пра тое ня марылі.