Читать «Подых навальніцы» онлайн - страница 7

Іван Мележ

Нядобра, што ўсё гарачэй пякло сонца. Ад гэтага, здавалася, найбольш i лезла млоснасць, усё больш аслабляла рукі i ногі. Рукі рабіліся ўсё менш спрытныя, каса ішла няўмела; усё часцей пакідала кусцікі травы, якія трэба было падкошваць другім махам. Ад знямогі рукі квола дрыжалі, ногі падгіналіся так, што хацелася сесці проста ў ваду.

Ён адужваў кволасць, адужваў сябе; касіў, пакуль не знясіліўся дарэшты. Пакуль ужо не змог узняць касу. Тады павярнуўся, грузнучы па калена, распырскваючы гарачую ваду, ледзь цягнучы ногі, усё сваё здранцвелае цела, павалокся назад. Дашаргаў пасталамі да воза, паставіў касу i, не здымаючы з рукі мянташкі, падрэзаным дрэвам зваліўся на траву.

— Пад’еў бы, можа, — пачуў, як здалёк, клапатлівае, матчынае: матка глядзела, як i тады, тры гады назад, нібы на малога.

Ён не адазваўся. Паляжаць бы, паляжаць бы раней! Чуў — нібы здалёк — матка падгарнула пад галаву світу, — у звонкім, чыстым цяньку адразу ж забыўся дрымотаю.

Драмаў ён нядоўга; абудзіўшыся, размораны ляжаў, заплюшчыўшы вочы, i нічога не думаў. Калi пад’еў, паплёўся да каня: хацелася пабыць на адзіноце. Ляжаў зноў у цяньку, слухаў, як шапоча малады асіннік, i стомлена, раскідана думаў. Думаў пра новую хату, ад якой прыйшлося адарвацца з-за касавіцы; чуў пры гэтым пах свежага, смалістага дрэва, чуў, як трашчаць пад нагамі белыя трэскі. Было шкадаванне: не кончыў; i нецярплівае жаданне: кончыць бы, улезці скарэй. І турботнасць: не так скора ўдасца ўлезці — багата яшчэ рабіць. Страха, столь, вокны, падлога… Прыплыло ў думкі, што непагана бульба ідзе ля цагельні, на палосцы, вытаргаванай у Манінага бацькі. «Картопля будзе, як надвор’е не падвядзе…» Улезла зноў згадка пра тое, як абганяў Ганну; за ёй — згадка пра далёкія агеньчык i ноч, i ён нахмурыўся. От жа прычапілася! Зноў загадаў сабе жорстка: «Няма чаго!..» Знарок стаў цешыць сябе, што от недарэмна трапятаўся тры гады — дабіўся, можна сказаць, таго, чаго хацеў. Зямля добрая ёсць, конь надзейны, хата новая. Гаспадарка не горш, як у людзей!.. Але як ні цешыў сябе, з душы не сыходзіла жывая маркота, нездавальненне. Адчуванне якойсьці крыўднай няскладнасці, несправядлівасці жыцця.

4

Ускрай Глушаковага надзелу стаяў малады, ужо моцны дубок. Спыніліся каля дубка.

Неўзабаве Яўхім i Сцяпан з косамі цераз плячо чоўгалі лапцямі к ражку, ад якога меліся пачынаць касіць. Глушак адвёў коней, спутаў, вярнуўся i сказаў старой, каб наглядала.