Читать «У гарах дажджы» онлайн - страница 6
Іван Мележ
Ён заўважыў, што пад нагамі стала больш хлюпаць. Гэта былі ўжо не дажджавыя лужы…
Нарэшце непадалёк пачуліся, перабіваючы шум ракі, першыя камандныя галасы, і амаль тады ж прабег дзяжурны малодшы сержант. Не спыняючыся, ён крыкнуў Макоўчыку:
— Зараз знімемся адсюль!
Салдаты з лагера прыйшлі не адразу. Макоўчык здагадваўся, чаму яны затрымліваюцца, мусіць, разбіраюць палаткі; значыцца, лагер таксама знімецца. Ён стаў рыхтавацца да «паходу», шкадуючы, што не можа дабегчы туды: трэба было б узяць ранец, вінтоўку, шынель, — Халюта, напэўна, не здагадаецца прынесці. Не прынясе, і да таго ж яшчэ сам чамусьці марудзіць. Чаго ён там, гэты спявучы пстрыкун, важдаецца?!
Ён спаткаў Халюту няветліва. Хмурна ўзяў ад яго вінтоўку і рэчы, але ўсхваляваны Халюта не заўважыў гэтага.
— Лагер, Мак, затапляе! У крайніх буданах — вада ледзь не да нар. Там жа ніжэй!.. Устаюць — і проста ў ваду — боўць! Дзіва!..
Халюта гаварыў так, нібы радаваўся. «Пустазвон! Знайшоў з чаго смяяцца!» — падумаў Макоўчык, ускідаючы на павозку падмочаныя цюкі сена.
— Падбяры папоны! Палічы!
Недзе каля лагчыны пачуўся галасок Запары. Яшчэ нявідны, здалёк, памкамузвода крычаў: «Разабраць, асядлаць коней! Ехаць у парк, па гарматы!» На канавязі пачалася мітусня, у якой кожны з артылерыстаў рабіў толькі яму відную ў цемры справу. Чуліся воклічы, пытанні, лаянка.
— Дзе сядло?! — пытаўся хтосьці нецярпліва.
— Стой! Чаго ты, д'ябал худы, круцішся! — пакрыкваў другі на каня.
— Халюта і Макоўчык! — гукнуў Запара. — Канавязь разбіць каля лесу. Над шасэ.
— Ёсць, каля лесу, над шасэ! — стрымана прамармытаў Макоўчык.
— Авёс і сена не забудзьце! — У апошніх словах яго Макоўчыку пачулася насмешка. Халюта супакоіў памкамузвода:
— Не забудзем.
Макоўчык, які запрагаў каня, не адказаў. Ён моўчкі ўзлез на фурманку, на мяхі аўса і цюкі сена і, сказаўшы Халюту, каб і той паглядзеў, ці не забылі чаго, каб падабраў усё, шмаргануў лейцамі.
Амаль усюды на дарозе пад конскімі капытамі плюхала вада. Калі ж коні, храпучы, неахвотна пайшлі ў раўчак, яна адразу падступіла аж да скрынкі павозкі.
Пачынала трохі развідняцца, і было відаць, што там, дзе нядаўна ішлі рады буданоў, толькі бязладна ва ўсе бакі тырчалі дручкі ды холадна шарэла ручаінамі і затокамі вада. Выйшаўшы з берагоў, рака затапіла раней непрыкметныя нізінкі, нарабіла луж, разлівала іх, злучала ў азёры, што на дзіва хутка шырыліся.
Там, дзе дарогі з берагу сыходзіліся ў адну і ўздымаліся на шасэ, Макоўчыку давялося прыпыніцца. Па дарозе ўзыходзілі ўпражкі з горнымі гарматкамі, са скрынкамі з боепрыпасамі. Коні, мокрыя, з глянцавіта-бліскучай шэрсцю, напружваліся, выцягвалі ўпарта шыі, ездавыя размахвалі лейцамі і пакрыквалі то пагрозліва, то падбадзёрліва. Ехалі гарматы з суседняй, другой батарэі.
Макоўчык перачакаў іх і выкаціў таксама на шасэ. Павозка лёгка застукацела па гладзенькім, роўным асфальце, коні пайшлі весялей. Праз паўсотню крокаў Макоўчык звярнуў з шасэ і следам за гарматкай са сваёй батарэі, што ўзбіралася па свежай каляіне, наўскасяк, на даволі круты схіл, стаў таксама падымацца на гару. Коням цягнуць было цяжка, і ён злез з павозкі, пайшоў побач, адной рукой падпіраючы скрынку. Павозка ішла, нахіліўшыся набок, і колы раз-поразу саслізгвалі з абадранага мокрага грунту і спаўзалі, грозячыся падмяць яго.