Читать «На Дзяды» онлайн

Янка Купала

Янка Купала

На Дзяды

Хто там стогне так на ўзьмежку, На капцы у полі? Як згубіўшы к долі сьцежку, Як ня знаўшы долі. Ці там вецер водзіць гулі Так па самагубе, – Бы сваё дзіцё матуля Песьціць ды галубе? Ці над бацькаўскай магілай Жаліцца сіротка, Ці сваёй шукае мілай Хлопец-адзінотка? Ой, не плача брат над братам На мяжы кургана, А бядуе так душа там – Зьвязана, скавана. Хто умее слухаць, можа Шмат пачуць чаго там; Як прычытвае, нябожа, Бы Лазар пад плотам. Не жылося мне даўней так (Льецца гэткі голас), Не такі мой быў палетак, Іншы меў ён колас. Шла мая ў даль дзіва-сіла, Як бы хвалі Нёмну; На касе сваёй насіла Княжацку карону. Ніў маіх ніхто б ня зьмерыў, Не зьлічыў сялібаў; Мела ў пушчах многа зьвера, Многа ў водах рыбы. Засядала, расьцьвітала За гадамі годы; Залатыя думкі ткала З шчасьця і свабоды. Мелі страж гранічны вехі; Гадавала дзетак І чакала зь іх пацехі, Як вясною з кветак. Трох сыноў дала судзьбіна Да майго парога, А такія – сын у сына, Як нідзе, ні ў кога! Іх пясьціла, як умела, Ласкаю вясёлай; Красак, сонца не жалела Я для іх, саколаў. І расьлі яны, расьлі так, Мае княжаняты, На багацьце, на прыбытак, На вось тое сьвята. Як са мною будуць разам Жыці, панаваці, Славы быць жывым абразам У людзей і ў хаце... Бегам беглі дні і ночкі, Леты за лятамі... I павырасьлі сыночкі Самі, як ня самі, Як дубы у полі чыстым, Як сасонкі ў боры, Як у небе абадзістым Тыя сьвечкі-зоры, – Так магутны, яснасьветны На пагляд былі ўсе, Хоць да бою з апраметнай... Ажна сьвет дзівіўся! Ды ўдаліся, ой, сынкі мне Не аднэй натуры, Як бы тыя ноткі ў гімне Цішы і віхуры. Працавітага быў першы Складу і нагібу, Так, здаецца, што й памершы Ўсё араў, касіў бы. За другім была ахвота К лежні, к панаваньню; За чужой бы жыў работай, Спаў бы да зьмярканьня. Трэйці ўсіх бы толькі мучыў – Склад меў быці катам, З паганякаю на ўзруччы К зьдзекам быў заўзятым. Вось такой натуры, складу Ў іх я дачакала; На дарма, як мёд-прынаду, Думка ў думку ткала. Не прышлось мне жыць на сьвеце Ў славе і дастатку: Загубілі родны дзеці, Загубілі матку. I сярэдні, і малодшы, Родныя дзяціны, Як мая – пайшлі к салодшай Ласцы без прычыны. Ў сьвет збрылі чужы дзівіцца, Гнуць у ёрмы шыі... I ўтапілі ў чужаніцы Душы маладыя. Заставаўся толькі старшы Гаспадарыць дома, Бо ад тых быў гаспадаршы, Хоць быў ў іх за лома. Заставалася адна я Сын адзін са мною Як той путнік на расстаі, Летам і зімою. Сяк ці так, жылось паволі Ў палавіне з горам – Тым у хаце, тым на полі, А другім за морам. Аж дакучыла, знаць, далей Недзе так бадзяцца, І сынкі зьбірацца сталі, Ззадалёк вяртацца. Як прыйшоў дамоў сярэдні, Выглядаў багата, Й не пазнаў, як зьвер пасьледні, Ні мяне, ні брата. Ў плуг запрог свайго браточка Навек, да скананьня, А мяне асеньняй ночкай Выгнаў на бадзяньне. Як дамоў вярнуўся меншы, Сьвету як увідзеў, – Аказаўся дасьціпнейшы, Чым сярэдні, ў крыўдзе. Над старэйшым братам ставіў Стражы і запоры, Цела ранамі крывавіў, Зьдзекаваўся ў горы. Зьдзек і далей строіць дай жа, Ласку з сэрца выжыў: Суд судзіў, што я – ня я ўжо, І расьпяў на крыжы. Так мая краса завяла I маёй сялібы! Ліхата апанавала І капцы, і скібы. Адплацілі роднай матцы Княжаняты-дзеці: Відмай кінулі бадзяцца, Сіратой гібеці. Ходзяць, гоняць сухавеі Праўданьку сьвятую; Брата брат не разумее, Брата брат катуе. Я на гэтым на кургане Ўсё сяджу і плачу, Усё чакаю зьмілаваньня, Дый ніскуль ня бачу. Ці апомняцца сыночкі У сваёй правіне? Ці загінудь сярод ночкі, Што і сьлед загіне?.. Стогнуць ветрам калыханы Ліпы ды бярозы, А ноч сее скрозь туманы Золь, слату, як сьлёзы. Лапацяць крыламі жудка Кажаны, начніцы, Як бы суд спраўлялі тутка Ведзьмы-чараўніцы. А душа сама – бяз хаты, Знаць, зь вялікай мукі То зрывае зь сябе шаты, То ў крыж зложыць рукі, То паказвае на плечы, То капец абойме... Бог яго усё дарэчы Зразумее, пойме! Можа, зь іншага хто краю Скеміў бы сумленьне, Што яна там вычварае З жалю і цярпеньня. То нам кажа ночкай цёмнай На мяжы ў пракляцьці, Як Дзяды ў нас векапомны Стануць адпраўляці.