На небе зоры ўжо мігцяць,На полі срэбны снег іскрыцца;На бел-свет дзівы выпраўляцьПляцецца ночка-чараўніца. Глуш абнялася з цішыной I спавівае ўсё у чары, Паўзуць і сеюць шорах свой Старым парадкам цені-мары.Вылазе з цемры бледны звод,Глядзіць сліўнём на долы, горыI тут і там пускае ў ходСвае нямыя загаворы. I тут і тамка свой прыгон Распасцірае царства ночы; Салодкі сон, магільны сон Смяецца свету ўсяму ў вочы.
II
Заныла ўсё, замёрла ўсё, —Не спіць адвечнае замчышча:Там пачынаецца жыццёЎ агнёх старога папялішча. Іскрыстым, бліскатным святлом Заліты княжскія святліцы, Дружына вольная кругом Сталоў дубовых варушыцца.Золататканы абрусыЗ сталоў звісаюць дыванамі,На абрусах чысцей расыВіно красуецца каўшамі. Духі мінуўшчыны куццю На старасвецкі лад спраўляюць. Даўно бываламу жыццю Дары належныя складаюць.
III
На беласнежны на пасадУсходзе князь, усходзе княжна,За імі слуг пачэсны радСтаіць задумліва, суважна. Агні брыльянтаў, як зарніц, Зіяюць з княжацкай кароны, — Краса б'е з князеўных зраніц, Як бліск маланак развуглёны.Звярнулі вочы ўсе ў іх бок,Прымоўклі гоманы дружыны;Ўсіх званых зблізку і здалёкСаколім вокам князь акінуў. Бярэ коўш соладка віна, П'е за дружыну маладую, I княжна з князем п'е да дна; Князь гутарку павёў такую.
IV
«Адзін, адзін раз толькі ў годЗбірацца можам з ласкі року,Каб год іржавы карагодЗганяць з мінуўшчыны далёкай. Нас не кранулі косы змен: Царым мы ў дум жывых гэйнале, Хоць на падмурках гэтых сцен Другія наш пасад занялі.Багі другія верх бяруць,Суды вядуць над нашым краем,Свяцільні ж нашы не замруць,Што ў сэрцах вольных рассвятляем. Прашу паклікаці ганцоў I месца даці ім па чэсці: Ад нашых стоптаных капцоў Якія нам прыносяць весці?..»
V
Закончыў князь, махнуў рукой;Уходзяць тры ганцы ў святліцу,Ідуць суважнаю ступойI князю й княжне пакланіцца. А першы гэткі светлы быў, Як небам сланыя праменні: Ў руцэ меў светач, што на здзіў Усе усюды зводзіў цені.А быў другі і з ног і з рук,Як гром з жывымі перунамі:Ў руцэ меў стрэл жалезных пукI лук стальны меў за плячамі. А трэці быў і раб і цар, I слаб і дуж ва ўсякім дзеле, Як вечнасць, молад быў і стар; Меў гуслі — на грудзях віселі.