Читать «Творы» онлайн - страница 22

Франтишек Богушевич

Адзін мужык ды добра з жонкай ладзіў, А гэта ж чорту ў горле косць, І што ён толькі ні рабіў — не звадзіў, І немарасць бярэ і злосць. Чорт з хаты вон ідзе, хвастом трэ вочы; Жаль душ яму, а навет стыд; Не раз не еўшы быў, не спаўшы ночы, А скутку ніц — сабе абрыд!           Калі глядзіць, шкулдык, шкулдык бабуся, Якраз у тую вёску йдзець; Чорт думае: дай бабе пакланюся, — Яна іх пэўне развядзець? Прад бабай чорт такім харошым стаўся, Аж вышчырыўся бабін клык. Чорт жаль свой расказаў і абяцаўся Даць бабе пару чаравік, Як толькі муж ды жонку аддубасе, І прысягу па-свойму даў; А баба внэт за дзела узялася! (Чорт бабу, пэўне, добра знаў Яшчэ тагды, як яблык крала Эва У раі божым, гдзесьці там, З таго праклятага праз Бога дрэва, Што праз яго прапаў Адам!!)           Вот бабка зараз шусць да жонкі на сакрэты, Давай хваліць: што добра так жывуць, Што рэдка гдзе такой знайсці кабеты, А лепшых дык нігдзе не чуць. А можна бы і лепей навет жыць, Каб жонка ведала сакрэт, Умела як на тое варажыць, — Яшчэ бы лепшы стаў ёй дзед! «Ёсць у мужчын на самым гарляку Грубейшы валасок адзін; Як спіць, — згалі яго, дык будзе да вяку Слухмяны для цябе, як сын!»           Тут бабе жонка надала, што мела, І баба з Богам выйшла вон, А жонка з радасці і полудня не ела, — Што век жа будзе добры ён!           Мужык гарэ, а блізка ля мяжы, А баба міма йдзе… шкулдык — І стала! кажа: «Божа, памажы!» Як трэба адказаў мужык. «Што добрага чуваць, бабуся, ў людзях?» — «Ай, чула, чула дзісь я шмат! Ці то казаць, ці не казаць? бо страх. Цяпер на брата ідзе брат, А жонкі вернай, — гдзе цяпер шукаць?.. І у тваей каханак ёсць; Змаўлялася, — як будзіш у полі спаць, Дык брытвай табе зробе штосьць!..» Сказаўшы гэта, марш у лес бабуся, Як ліс, лягла за першы куст, Ціхусенька ляжыць, хоць кашаль дуся, Не пусце навет пары з уст!           Аж жонка з полуднем ляціць ад вёскі, Схаваўшы брытву у кішэнь; На вобмежку паставіла дар Боскі І кліча мужа, як штодзень. Ён хмурны штось і есць не надта хоча, А потым зараз лёг заснуць. Заснуў! а жонка ў кішані шамоча… Дастала брытву — і чуць-чуць… «Га! рэзаць, подлая ты душагубка?» — Зароў, як той шалёны бык. «Дык вот якая ты, мая галубка?..» І дай біць жонку той мужык!..           Здзівіўся чорт, што баба так зрабіла. Узяў яго прад бабай ляк. Ціжэмкі бабіны наткнуў на вілы, Здалёка даў, баяўся так, Каб баба і яму жыцця не струла, Не нарабіла ў пекле штук, Не набрахала б там, што чула, Або што ён — яе байструк.           З тых пор, як чорт гдзе не дарадзе, Там слухае ён бабскіх рад, У бабскай круціцца грамадзе І ў пекле тым трымае лад!