Читать «Айчыну сваю баронячы: Канстанцін Астрожскі» онлайн - страница 2

Геннадий Николаевич Саганович

Унук апошняга пінскага князя — Даніла (ці Юры?) Дзімітравіч з 1386 года ўжо валодаў Астрогам, невялікім валынскім горадам на рацэ Віліі, прытоцы Гарыні (цяпер гэта раённы горад Ровенскай вобласці на Ўкраіне). Славу яму прынесла змаганне супраць польскага караля Казіміра за падпарадкаванне Валыні ды Галіччыны. Разам з пярэмышльскім старастам Дашкам яны ўзнялі паўстанне ў Галіцкай зямлі, выбілі адтуль польскія залогі ды рушылі на Кракаўскую, Сандамірскую і Люблінскую землі.

З чатырох Данілавых сыноў двое загінулі ў 1399 годзе на Ворскле, трэці пайшоў у манахі, а на бацькоўскай зямлі ў Астрозе застаўся толькі чацверты — Хведар. Ягоныя правы на валоданне гэтым горадам і паветам пры ўмове адданае службы каралю былі пацверджаны прывілеем Ягайлы ў 1390 годзе і Ядзвігі ў 1393 годзе. Ваяр па духу, Хведар і выявіў сябе перадусім у справах вайсковых ды палітычных: быў з валынцамі пад Грунвальдам, хадзіў у 1422 годзе з Жыгімонтам Карыбутавічам на дапамогу чэхам у іх барацьбе з нямецкім імператарам, затым ізноў памагаў гусітам ды шукаў з чэхамі шчыльных кантактаў. Не баючыся гневу Вітаўта, Хведар Данілавіч уступаўся за князя праваслаўных Свідрыгайлу, які трапіў у няміласць да манарха, а ў 1420 годзе нават вызваліў яго з вязніцы Крамянецкага замка ды запатрабаваў ад Вітаўта даць Свідрыгайлу зямлі. Гэта не сапсавала добрых дачыненняў з вялікім князем. У 1427 годзе Вітаўт таксама даў Хведару Данілавічу прывілей на ранейшыя ўладанні ды асабіста наведаў яго ў Астрозе.

Калі ж вялікі князь Вітаўт памёр і ў дзяржаве дайшло да нутраной вайны, Хведар Астрожскі па-ранейшаму аддана падтрымліваў Свідрыгайлу і ў 1432 годзе на яго даручэнне ачысціў ад палякаў усё Падолле, завалодаў Валынню. Нават кінуты Свідрыгайлам у вязніцу як ненадзейны, Астрожскі ўцёк з няволі і зноў стаў на бок Свідрыгайлы. На схіле веку бунтоўны князь пайшоў у Пячорскі манастыр. Там зацяты змагар супраць польскіх уплываў старанна служыў Богу, пакуль у 1435 годзе не скончыў свае дні. Сыны ягоныя Андрэй і Дашко памерлі зусім маладыя і бяздзетныя. Астрог застаўся трэцяму сыну — Васілю, званаму Прыгожым.

Як і ягоны дзед ды бацька, князь Васіль Хведаравіч браў чынны ўдзел у палітычным жыцці дзяржавы. У сваім часе з'яўляўся намеснікам тураўскім, быў у групоўцы князёў і баяраў, што выступалі за адасабленне Вялікага Княства Літоўскага ад Польшчы, у 1430-х гадах таксама цвёрда стаў на бок Свідрыгайлы, змагаўся супраць Жыгімонта Кейстутавіча, за што трапіў у няволю і адседзеў да самай смерці Жыгімонта. У 1446 годзе ён жа настойваў, каб новы вялікі князь Казімір Ягайлавіч не прымаў польскай кароны, а калі той усё ж стаў і каралём польскім, Астрожскі запатрабаваў аддзяліць ад Польшчы Валынь і Падолле… Па смерці Васіля Хведаравіча засталіся двое сыноў і дзве дачкі, з якіх Астрогам валодаў маладзейшы, Іван.