Читать «Кепска будзе!» онлайн

Франтишек Богушевич

Францішак Багушэвіч

Кепска будзе!

Як я толькі нарадзіўся - Бацька сказаў: «Кепска будзе!» Ну дык жа ж не памыліўся: Здзекавалісь Бог і людзе. А чым кепска? - бо на марцы Я радзіўся (пост праўдзівы, Цяжкі месяц гаспадарцы. Як пражыў хто, - будзе жывы). Пераеўся хлеб да крышкі, Бульбы толькі як пасеяць, І прыварку* ані лыжкі, І скаціна - хоць развеяць; Ні саломкі, ні то сена, Хоць бы на раз для скаціны; А тут дроў ані палена, А тут яшчэ нарадзіны! Трэба ж бабе бохан хлеба І гарэлкі ж трэба пляшку, Яшчэ ж хрысціць хлопца трэба... Вот і думай, як сярмяжку Нясці жыду пад заставу* Ці прадаць каня, кароўку? «Сеў, - казаў ён, - я на лаву, Узяўшыся за галоўку, І заплакаў, аж заліўся, Так, як бацьку пахаваўшы... Кепска зрабіў, што радзіўся, Кепска будзе, свет пазнаўшы!» Ці то слова йшло урокам, Што сказаў у кепскім часе, Ці хто кінуў такім вокам?.. Ну і доля ж удалася! І збылося ж бацькі слова! Вот у тыдзень вязуць гэта Хрысціць мяне да Макрова Кумоў двое і кабета. У Аборках* мост сарвала, А я ж быў - чуць жывы, слабы. Рада - ў раду, на тым стала, Што ахрысцяць з вады бабы. З Беразіны* жменяй вады Кума сама зачарпнула, Паматала сюды-туды. Трэйчы на мяне лінула. «Вот і хрэст увесь тут, - кажа, - І ксёндз хрысце гэтаксама, Толькі яшчэ чымсь памажа, А хлопцу ўсё роўна - яма! Хоць бы жывым хоць давезці, Каб дарогай не сканала, - Скажуць - кепска вязла гдзесьці Або туга спавівала!..» Гэтак мяне пахрысціўшы, Вязуць назад ужо да маткі, Вочы добра пазаліўшы, Ледзьве уняслі да хаткі. Закусіўшы тут як трэба, Пакумаліся, і квіта: Баба ўзяла бохан хлеба, Пляшку водкі, торбу жыта; Разышліся і паснулі. Матка ж мяне калыхае: «Люлі, - шэпча, - сынок, люлі...» А як зваць? - сама не знае. Вот назаўтра спазарання Бяжыць матка да кумошкі Ды пытае: як празванне Далі сыну? Лёну трошкі Тут прынесла пры здарэнню, Трошкі сала, круп са жменю... А кума ж была праворна: Хоць што збрэша - не запнецца; Круце сабе ў сенях жорна, Трэба ж салгаць! Куды ж дзецца? «Імя, - кажа, - твайму сыну Ксёндз хацеў даць па кантычцы, Думаў ён, можа, з гадзіну, Узяў ксёнжку, як стаў рыцца, Дык даў потым з каліндарка»*! Матка прандзей з хаты ў сені, Як бы цівун гнаў па карку, Усё шэпча то імене: «Аліндарку, Аліндарку!» Прыляцеўшы так дадому, За калыску узялася І зрадзела, як святому, Што аж слязьмі залілася. І калыша, і галосе: Надта імя спадабала, Надта добрае здалося, Што такога і не знала! Вот і клікаць мяне сталі Скаліндаркай, Аліндаркай... Ну, як зналі, так і звалі. Але вот што з гаспадаркай? Наперш конь здох таго ж лета, І цялушка, як лань, пала... Матка ж, ведама, кабета, Затужыла і запала, Гадкоў зо тры пацягнула, Ў марцы й ручанькі згарнула. (А ўсё ў марцы, трэба ж гэта! А разумная была кабета!) З таго гора бацька бедны Стаў маркотны, як магіла. Было сядзіць такі бледны... «Што ж ты гэта нарабіла?!» Гэтак скажа і заплача. (Хто ж пачуе, хто забача?) Потым дай памалу сватаць; Трэба ж, ведама, жаніцца, Каб было каму палатаць, Каб было у што змяніцца, А так усё памарнела: Куры, гусі, навет свінне. І свіння дзяцей паела, І карова марне гіне... Увосень давай шукаць пары, Ды ніводная не хоча; Аднэй бедны, другой стары, Трэця, чорт ве - што тароча: «Аддай, - кажа, - Аліндарку Куды-кольвек хоць на людзе, Сядзь на нашу гаспадарку, Тагды выйду, добра будзе!» Бацька кідаўсь зо тры тыдні, Яшчэ горай зажурыўся, Прадаў сякі-такі злыдні*, Разлайдачыўся, распіўся І умёр так пад гародам, Устраміўшы ў плот галоўку! Шапку найшлі аж за бродам І у шапцы залатоўку. А назаўтра прывёў соцкі Асэсара, паноў трое. Труп той зрэзалі на клёцкі... (А у марцы ж было й тое!) Мяне цётка, у апеку Ўзяўшы, трошкі падрасціла Ды якомусь чалавеку, Як за сына, адпусціла. Незадоўга змёрла цётка, Я стаў круглая сіротка. Ці гдзе днюю, ці начую, А ўсё бяду сваю чую! Пастухі збяруцца ў гаю, Пяюць песні ля бярозы, А мне чагось, сам не знаю, Смутна, цяжка, цякуць слёзы. Рос я гэтак за вачыма, Ужо трэйчы спавядаўся, Калі зімой да айчыма Ды ураднік заблукаўся. Я сяджу сабе на печы, Пляту лапці, ўю аборы, Ён паказуе праз плечы: «Што-то сын твой, - кажа, - хворы?» «То не сын! - айчым той кажа. - Ўзяў сіротку; дзякуй Богу, Добры ўдаўся: позна ляжа, Рана ўстане і адлогу Не запусце... спагадлівы; Маю сына, хоць не родны. Ажаню, як буду жывы, Будзе Богу й людзям годны!» «А лет сколькі?» - той пытае. «Дваццаць, - кажа, - мусіць, мае?» «А зваць як?» - «Да Каліндарка!..» Ратнік піша усё шпарка. Як радзіўся, гдзе хрысціўся?.. Пісаў, пісаў дый паехаў! Бацька яго угасцілі, Далі торбачку гарэхаў... После таго, так не далей, Як у тыдзень і асэсар Шусць у хату (і з мадаляй). «А гдзе, - кажа, - той пасэсар, Твой Ліндарка, ці як звецца, Што хаваецца з някруцтва, Пляцець лапцікі на печцы?.. Ашуканства, баламуцтва!..» А я ж ехаць меў па дровы, Бацька клікнуў, іду ў хату... А асэсар - той - здаровы!.. Лясь мне ў морду, потым тату. Я ж узяў яго за грудзі І піхнуў лыбом у дзверы. Ён як раўкне: «Гэй вы, людзі, Тут разбой! Прыміце меры!.. Тут рыштант, брадзяга скрыты, - Вот і лэб калісь быў брыты, - Вяжы ўсіх, нараджайся!..» Мяне лясь! «Ты хто? Сазнайся!..» - «Скаліндар, - кажу, - сірота!..» Пацягнулі па дарозе, Завязалі і варота, Мы ж спыніліся ў астрозе... Астрог, братцы, паглядзеўшы Мімаходам, выглядае, І нічога: шык, не еўшы, І ў астрозе не бывае, Але лепшы ў хаце голад, У дарозе велькі холад, Найцяжэйша праца ў полі, Як у той астрожнай долі! Відзеў пташку я у клетца, Як галоўкай потым б'ецца, Аж скрыдэлкам затрапоча - І сканае... жыць не хоча. Раз лісіцу, адкапаўшы, Прывязалі мы да кола: Стала ж грызці што папаўшы, Сабе бруха распарола, Растрыбушылась на часці, Каб не жыць так, хоць прапасці. Нашто - гадзіну, мядзянку, Пусці ў шклянае начынне, - Сама сябе без прастанку Будзе жаліць, покі згіне!.. Як ужо ж скаціна тая Або гадзіна праклята І та цану волі знае, Што ж для нашага-то брата, Меўшы розум не скацінны, Як знаць волю мы павінны?.. А ў астрозе ж няма волі, Ні ў чом няма і ніколі! У жалезе тыя дзверы, Пры дзвярах стаяць жаўнеры, А народ усё сярдзіты - Так як бы яшчэ не сыты Людскіх слёзаў, мукі, енку; Не гавораць памаленьку, А ўсё зыкам, а ўсё з лайкай, А ўсё з боем, ўсё з нагайкай. У дзядзінец нас як пхнулі, Дзвярмі тымі як грукнулі, Дык і свет мне тым закрыўся, Як бы у труну забіўся... Зараз старшы ўзяў за плечы, Хляснуў трэйчы, так, без рэчы, Ключы кінуў: «У халодну!» І аблаяў матку родну. Нас піхнулі, як у яму, Ў цёмну хату чварагранну*, Далі хлеба, вады меру І запёрлі, як за веру У цямніцах калісь гэта Замыкаліся ад света. Цёмна, зімна... Прытуліцца Няма куды! А каганец, Як бы губка, толькі тліцца... Заспявалі мы ражанец*. Пяём, плачым, аж галосім, Божай ласкі - Праўды просім! Ў такім енку, са слязамі І паснулі у той яме! Абудзіўся я з здзівення: Глядзіць ў шчэлачку праменне! Я падумаў: ласка ж Божа І сюды пралезці можа? Аглядаюся вакола, Як бы шукаў і тут Бога. Мне зрабілася васола, Не баюся я нікога, Зноў ражанец: «Bóg ucieczką»* Бляю сабе, як авечка, Калі бразць ключом у дзверы, І крычыць хтось: «Гэй, вы, зверы, Вы, бунтоўнікі, паскуды, Выбірайцеся адсюды! Тут важнейшым трэба сесці, Вас у вобшчу здадзім гдзесьці!..» Павялі нас аж на гору... Па якомусь калідору... Дзверы, дзверы, ў дзверах дзюрка, І у каждай жа хвігурка Як бы тая ж выглядае, Гдзе ні глянеш, усё ж тая: Блішчаць вочы, твар, як гліна, І абросшы, як скаціна... У турме, як у тым гробе, Ў адну твар усіх паробе! Ішлі, ішлі гэтак з гоні. А смрод такі, што ад воні Мне аж дух у грудзях спёрла, Як бы цісне хто за горла. Тут нам хату паказалі, Упусцілі, развязалі, Вады далі, трохі хлеба І запёрлі зноў як трэба. Тут народу шмат сядзела. Глянуў я - душа самлела: Як падушкі, у іх твары, Ў хаце пуста, толькі нары. Ляжаць усе, з нас рагочуць, Навет мейсца даць не хочуць. «Давай, - кажа, - хоць на пляшку; А не даўшы, дык парашку Цёнгле* ты выносіць мусіш, А ўжо хлеба, дык не ўкусіш, - Мы табе наб'ём аскому, Покі вернешся дадому!» Я спалохаўся, баюся. «Войча наш!» - кажу, малюся... Бог даў спомніць: залатоўка Гдзесь была ў кашулі ўшыта, Што дала калісь жыдоўка, Што падвёз у млын ёй жыта. Прэндка сарваў тую лату, Кінуў злоты той на хату... І не ўгледзеў, як хапілі, Толькі відзеў - водку пілі. Тагды сталі нас пытацца, Ці застаўся хто у хатца? Адкуль, за што пасадзілі, Па якіх турмах хадзілі? Іншы вуча, на пытанне Даць якое паказанне: «Кажы, - кажуць, - знаць не знаю, Чый я ёсць, з якога краю. Малым быўшы, сляпых вадзіў; А падросшы, і сам брадзіў; Не прыпісаны да сказкі*, І так жыву з Божай ласкі. Бог мой бацька, зямля матка; Знаць не знаю» - уся гадка! Так да марца сядзім ціха, Не чуваць дабра, ні ліха, А у марцы шлюць бумагу, Каб дастаўлена брадзягу, Супраціўніка уласці, Улажэння першай часці, Што мянуецца «Ліндарам» Ды йшчэ б'ецца з асэсарам, Ды каб быў ў ланцуг закуты, На нагах каб былі путы, Праважацелі каб срогі*, Каб не сходзілі з дарогі, А каб проста да начала... І ці мала там пісана?! Вот назаўтра рана-рана Нам адзежка наша дана; Паскідалі мы сярмягі, Салдат узяў дзве бумагі, Нас звязалі - і ў дарогу!.. Я падумаў: «Дзякуй Богу! Хоць нас слоначка сагрэе! Вецерчык на нас павее! Можа, дожджык срыбны змоча! Можа, пташка засвяргоча?..» Аж заплакаў я, зрадзеўшы! От, здаецца б, і не еўшы Быў бы сыты на свабодзе, Як той кролік у гародзе. Тут, здаецца, і сканаў бы, За свабоду жыццё б даў бы! Скаўроначкі Бога хваляць, А пастушкі агонь паляць, А і слоначка прыгрэла, Аж мне ў душы паяснела. Да палудня ішлі гэтак, Пры дарозе шмат і кветак: То пралескі, то сасонка, Выгравае Божа слонка! Так пад вечар ў мейсцы сталі, У халоднай начавалі, - Было позна. Заўтра зрання, Якраз у дзень Звеставання*, Клічуць мяне да дапросу (Задаваць-то ужо чосу!). Той судзебнік маладзенькі, Такі быстры, хоць маленькі, Ўсё пытаецца ды піша І нагой усё калыша. Як спытаўся мяне, хто я? Я і спомніў сабе тое, Як вучыў там той з астрога: «Знаць не знаю я нічога!» І старога тут клікнулі, Папыталіся, раскулі І дадому павярнулі. А мне кажа: «Ты, брадзяжка, Сакрыў званне, будзе цяжка: Сорак розаг, потым роты! Скажы лепей - адкуль, хто ты?» А ўсё піша, піша, піша І нагой усё калыша. Пісаў, пісаў, даў другому І сам пайшоў кудысь з дому. Мяне зноў жа да астрогу, Толькі цяпер, дзякуй Богу, Адзінокі я застаўся. Айчым плакаў, як жагнаўся. «Помні, - кажа, - мяне, сыну, А я хіба што сам згіну, А цябе вярну да вёскі, Хіба б ужо гнеў быў Боскі Або б Праўда гдзесьці змёрла! Вырву цябе ім із горла: Бог паможа, проці сілы Праўда выйдзе, як з магілы!» Сказаў гэта, пакланіўся Ды ізноў слязьмі заліўся. І мне стала ў вачах цьмяна, Зашчымела ў сэрцы рана, Як бы штосьці адарвала, Сам не знаю, што мне стала? Калі гляну, ачунеўшы, - Я ў шпіталі, захварэўшы... Галава мая абрыта, Твар вадой ці чым абліты, А піць хочацца... здаецца, Рэчку б выпіў, каб пры рэчцэ! Так я праляжаў тры тыдні, Прадаў усе свае злыдні; Надта есці стаў памногу І паправіўсь, дзякуй Богу! Я ж тут ляжу, і ні рэчы, Што там стары гаспадара. А ён торбу ўзяў на плечы, Па начальству просьбы жара! Трэйчы Вільню, сем раз Ліду Ён адведаў. Трэба ж ведаць, - Прысягнуў, покі я выйду, Навет дома не абедаць! Раздабыў усе паперы, Запісаў мяне у сказку... Што і бацька б, можа, шчэры Не зрабіў такую ласку. Так увосень, ў замарозкі Прывялі мяне да вёскі, Пазбіралі шмат суседаў!.. Кожны гаварыў, што ведаў: Як я тут, калі радзіўся, Як і бацька мой жаніўся... Паказалі усё чыста, І што імя мне Каліста, Што завуць мяне Ліндарка, Так, на смех, што чыста гол, Як ліндар, што на фальварку: Весь маёнтак - ён ды вол. Асэсар быў ужо новы, Чалавечак так, нічога, Якісь ціхі, нездаровы І цярплівы... хваліць Бога! Пасля таго праз паўгоду Ў марцы ж мяне на свабоду, Дзякуй Богу, адпусцілі У той дзень, як і хрысцілі.