Читать «Чортаў скарб» онлайн - страница 2
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
- Гэ-э, - сказаў павадыр. - Не ўсе ж такія неразумныя, як твайго бацькі дзеці. Каб гэта павадыр, ды яшчэ з мядзведзем, нейкага там чорта спалохаўся? Не бывала яшчэ такога на свеце.
- То ідзі. Капусты пад'еш. Там яшчэ гаршчок з паранай рэпай ёсць, дык калі нічога за ноч не здарыцца, то раніцай падсілкуешся. А я на сена. Як сцямнее, я ў хату ісці баюся.
Ну вось, пасёрбаў павадыр капусты, пакарміў Мішку ды заваліўся дрыхнуць на лаве. А мядзведзь прымасціўся ля печы і таксама засоп на ўсе насавыя загорткі.
Гэта было так даўно, што тады яшчэ на Беларусі нават бульбы не вадзілася. Сказаць каму - не павераць. Замест бульбы парылі рэпу ці бручку. І вось спіць павадыр і сніць, як ён заўтра смачна будзе рэпай снедаць.
Толькі глухая ноч запала - чорт тут як тут. Скаціўся комінам, узняўшы цэлую хмару сажы, і пачаў у печы, злодзей такі, шнарыць і мацаць. Як кажуць, ты за парог, а ён за пірог. Узняў накрыўку. Павеяла сытым духам.
«Ага, рэпа. Вось гэта якраз тое, што мне трэба. Я люблю рэпу».
Але ж у печы цёмна, як... у печы. То чорт адсунуў засланку, вывалак гаршчок на прыпечак, сеў, звесіўшы ногі, і пачаў ласавацца салодкай паранай рэпай, а лушпайкі ўніз кідаць.
«Нічога, гаспадыня заўтра падмяце. Трэба ж, каб і ёй работа была».
Упала адна лушпіна мядзведзю на нос, і той прачнуўся. Злізнуў з носа - салодка. І пачаў Мішка ў цемры нюхаць, знаходзіць лушпінне ды чмякаць.
Чорт пачуў, што нехта ўнізе чмякае ды ліжа. А ён жа ведаў, што ў хаце нікога, акрамя кошкі, няма. І вось нейкая там кошка чмякае ды сапе і не дае яму, чорту, чужой рэпы спакойна пад'есці.
Развярнуўся ён ды і піхнуў кошку нагой.
- Апсік! Апсік, гадасць такая!
Ну вось. А мядзведзь гэта табе не кошка. І я табе даваць мядзведзю выспятка ніколі не раю.
Пакрыўдзіўся Мішка. Згроб чорта ў ахапак, сцягнуў з прыпечка і давай яго мяць, давай яго прасаваць, давай яго лапамі валтузіць ды калашмаціць, давай абходжваць, лупцаваць, малаціць ды дубасіць, давай яго за рогі круціць як сідараву казу ды дзерці смяротным боем.
Ледзь вырваўся чорт з мядзведжых абдымкаў Узляцеў на прыпечак. Сяк-так выкараскаўся праз комін. Скаціўся са страхі ды і чкурнуў далей ад хаты. У пушчу, як ашалелы.
А мядзведзь, задаўшы чорту чосу, зноў заснуў як пшаніцу прадаўшы.
Раніцаю ўсе ўсталі і падумалі, што гэта мядзведзь рэпу еў. Здзівіліся, што не пабаяўся лезці ў гарачую печ, і ўзрадаваліся, што з'еў зусім мала. Што ж, мядзведзь не першы і не апошні ў свеце адказваў за чужыя грахі.
Пасля ўсе даелі тое, што заставалася ў гаршку. Мядзведзь нават яшчэ паскакаў дзецям. І пайшлі яны з павадыром зноў ад мястэчка да мястэчка, ад сяла да сяла. Пад сонцам і дажджом.
Але з таго часу чортава гарэзаванне як нажом адрэзала. Коні здаровыя, сажы ў капусце няма, на пірагах ніхто не адпачывае. У коміне, праўда, нехта часам вые, і з падпечку часта нешта свеціць, але гэта ўжо цярпець можна. Раздумаў Янка кідаць сваю хату.
Толькі на гэтым гісторыя не скончылася, не думайце. Неяк пад восень араў Янка свой клін пад азіміну. Мокра, касы дождж, нізкія чорныя хмары. Аж бачыць, з-пад хмар, з самага акаёму нехта ідзе да яго па раллі. Прыгледзеўся - ага, стары знаёмы, чорт.